Назіранне за птушкамі: з чаго пачаць
Бёрдвотчынг лічыцца ў Беларусі элітарным хобі. На сённяшні дзень ў нас ім займаецца каля 100 чалавек. Для параўнання: у Вялікабрытаніі - мільён чалавек.
Для таго, каб займацца назіраннем, патрэбна мець базавыя веды. Пачаткоўцам Зміцер Вінчэўскі раіць пачынаць назіранне зімой. У гэты перыяд птушак мала, таму прасцей іх распазнаць. Можна, напрыклад, арганізаваць сталоўку і назіраць птушак непасрэдна зблізку, без бінокля. Важна мець і дасведчанага чалавека, да якога можна звярнуцца за парадай або кансультацыяй.
Для таго, каб назіраць за птушкамі, трэба ведаць, што яны кіруюцца біялагічнай мэтазгоднасцю. Па-першае, трэба, каб тое, што робіць птушка, было для яе энергетычна карысна. Птушка не паляціць за камаром за 10 кіламетраў, бо яна патраціць у 100 разоў больш энергіі, чым яна атрымае ад камара.
Па-другое, усе жывыя арганізмы жывуць для размнажэння. Птушкі не выключэнне.
Па-трэцяе, кожны від мае нейкія генетычныя абмежаванні. Напрыклад, варона не можа плаваць, бо ў яе няма перапонак на лапках, не можа працэжваць ваду, бо дзюба да гэтага непрыстасаваная.
Калі ведаць гэтыя тры моманты, становіцца лягчэй прадугадваць нейкія дзеянні, паводзіны птушак.
Прафесіяналы-бёрдвотчары не толькі назіраюць за птушкамі, але і лабіруюць так бы мовіць іх інтарэсы. У Беларусі месцаў, дзе гняздуецца вяртлявая чаротаўка, толькі два – Пааазер’е і Палессе. У нашай краіне знаходзіцца 40% усёй яе папуляцыі. У выніку мы адказныя за гэтую папуляцыю, таму бёрдвотчары стараюцца надаць асаковым балотам ахоўны статус.
Найбольш пашыраны бёрдвотчынг за палявымі і вадаплаўнымі птушкамі. Назіраць за ляснымі птушкамі таксама можна, але ў лесе гэта складаней. Трэба, як мінімум, ведаць галасы птушак і іх адрозніваць. Прасцей будзе распазнаць птушку, калі ведаць, якіх відаў дакладна не павінна быць у лесе. Гэта значна звужае кола пошукаў.
Па словах арнітолага, цікавей назіраць за палявымі і вадаплаўнымі птушкамі, бо з 107 рэдкіх відаў, якія існуюць, лясных сустракаецца вельмі мала. Галоўнае, што варта памятаць, бёрдвотчынг павінен прыносіць задавальненне. Калі такога няма, значыць, не варта гэтым займацца.
Але, па словах Зміцера, адзін раз не паказчык. Каб адчуць гэта, трэба некалькі разоў удзельнічаць у назіраннях.
Паводзіны птушак падобныя да паводзін людзей
Сініца-рэмез мае вельмі ўнікальную стратэгію размнажэння. Самец, каб прыцягнуць увагу самкі, робіць гняздо з расліннага пуху. Частку гнязда знізу запаўняе гэтым пухам. Самка пачынае адкладваць па адным яйку. Адкладвае адно і прыкрывае пухам са дна. Самец прылятае, не бачыць яйка і працягвае насіць самцы ежу. Такім чынам самка адкладвае ўсе яйкі. Калі ўся кладка зробленая, самка раскрывае яйкі і адлятае з гнязда. Прылятае самец, бачыць яйкі, самкі няма. Ён вымушаны сесці на іх, бо ён уклаў сваю энергію, гэта яго гены і ўсё трэба захаваць.
Цікава, што ў 30-40% выпадкаў самец таксама не наседжвае яйкі. Яны проста прападаюць. Некаторыя самкі, магчыма, навучаныя нейкім досведам, прылятаюць і правяраюць, ці сеў самец на яйкі. Калі не, самка сама сядае на яйкі.
Вяртлявая чаротаўка лічыцца самай сэксуальнай птушкай ў свеце. У большасці птушак працэс спарвання адбываецца секунды. Некаторыя самцы вяртлявай чаротаўкі спарваюцца дзясяткі хвілін, і нават да гадзіны.
Птушка жыве толькі на асаковых балотах і тое не на ўсіх: залежыць ад узроўню вады. Раней нізінныя балоты вясной заліваліся, таму самцу няма сэнсу трымаць тэрыторыю. Па гэтай прычыне самцы могуць спарвацца з рознымі самкамі, а самкі з рознымі самцамі. Паколькі самцы не ўпэўненыя, што гэта іх гены, яны не выхоўваюць птушанят. Самка мусіць клапаціцца пра іх сама.
Сваю прадуманную стратэгію маюць таксама зязюлі. Гэтыя птушкі адкладваюць яйкі больш-менш падобнага памеру і прыкладна аднолькава афарбаваныя. Зязюля прыстасаваная падкідваць яйкі аднаму віду або групе відаў. Калі яна падкіне няправільна, то птушкі яго выкінуць, бо яны ўмеюць адрозніць свае яйкі ад чужых. Зязюля павінна падкінуць 20 яек. Яна прылятае пасля таго, як прылятаюць яе гаспадары. Зязюля шукае тэрыторыю, дзе 20-25 гнёзд мінімум яе віда і чакае, калі птушкі закончаць кладку. У іх адсутнасць яна адкладвае адно яйка. Калі ў іншых птушак працэс займае гадзіну, то ў зязюлі - некалькі секунд.
Але не ўсе зязюлі падкідваюць свайму віду. Так, бурагаловы трупіял падкідвае 140 відам, якія на яго не падобныя. Але птушкі яго яйкі не выкідаюць, бо трупіял паводзіць сябе, як мафія.
Ён назірае за гняздом. І калі птушка выкіне падкінутае трупіялам яйка, ён разаб’е усе яе яйкі. Выбар стаіць нялёгкі: і чужога не хочацца выхоўваць, і сваімі ахвяраваць не хочацца, у якіх гены і патрачаная энергія. Што цікава, не ўсе зязюлі – паразіты. Ёсць від, дзе самкі скідваюць усе яйкі ў адно гняздо і па чарзе наседжваюць.