Ірына каардынуе ініцыятыву “Моладзь за ўстойлівае развіццё” і разам з камандай расказвае пра Мэты ўстойлівага развіцця на розных мінскіх мерапрыемствах. Акрамя таго, у рамках гэтай ініцыятывы арганізуе фестываль “ВузЭкоФест” і спрабуе рэалізаваць канцэпцыю “зялёнага” ўніверсітэта ў кожным вну Беларусі.
Асноўная ідэя фестывалю – наладзіць адносіны паміж адміністрацыі і студэнтамі, а таксама дапусціць зялёныя НКА ва ўстановы адукацыі. Каб не толькі раз на год садзіць дрэвы ці прыбіраць тэрыторыю, а па-сапраўднаму імкнуцца да экалагічнага падыходу ў навучанні і арганізацыі жыцця студэнтаў.
– Ірына, распавядзіце, як вы трапілі на Саміт па мерах у галіне змянення клімату?
– Фонд ААН у чэрвені аб’явіў, што гатовы даць фінансаванне 100 людзям, каб яны прыехалі на Маладзёжны саміт ААН па клімату. Ён праходзіў 21 верасня, а “дарослы” – 23-га. Для гэтага трэба было запоўніць анкету і прымацаваць рэзюмэ. Усяго ў ААН 193 краіны, адпаведна, гэтыя сто квіткоў разыгрываліся сярод усёй моладзі гэтых дзяржаў. Пра нас на саміце сказалі, што гэта рабілася для таго, каб паказаць усю разнастайнасць меркаванняў і свету, бо не ўсе краіны могуць аплаціць прыезд маладзёжнага дэлегата ці ўвогуле абраць яго ў краіне. У Беларусі, вядома ж, з некамерцыйнага сектара квіток і пражыванне нікому не аплацілі б.
Мы, на жаль, не дабіраліся на яхце, як Грэта Тунберг. Ні нават цягніком да Іспаніі і адтуль самалётам, каб крыху скараціць выкіды СО2. Фонд усім аплаціў пералёт на самалёце – гэта не зусім пра змяненне клімату і зусім не пра экалогію.
– Вы былі ў той вялікай зале, калі выступала Грэта? Што можаце сказаць пра яе прамову?
– У мяне быў доступ на Маладзёжны саміт 21-га. Яна там таксама выступала, але анасавала, што галоўнае скажа 23-га. Потым актывісты заявілі пазіцыю маладых людзей, на што яны настроеныя і што хочуць змяніць. І астатні час выступаў генсек ААН. Гэта не вельмі спадабалася ўсім маладым, бо мы думалі, што больш будзем слухаць юных спікераў.
23-га я атрымала ў апошні момант акрэдытацыю на чацвёрты паверх для некамерцыйных арганізацый, таму магла пачуць прамову Грэты нажыва. Гэта было моцна, мурашы па шкуры. Галёрка, вядома, шалела. Усе НКА і маладыя людзі вельмі падтрымлівалі яе. А на першым паверсе сядзелі дарослыя, і падалося, што яны былі абыякавымі і чакалі пакуль выступіць іх прадстаўнік. Трампа твар не паказвалі, хаця ён таксама там сядзеў.
– Хто з маладых прыехаў на саміт?
– Там было два “віды” моладзі. Вельмі шмат прадстаўнікоў страйкаў, у тым ліку непаўналетніх хлопцаў і дзяўчат, і былі старэйшыя, якія спрабуюць ужо нешта рабіць у палітыцы – з’яўляюцца маладзёжнымі пасланнікамі або маюць уласныя ініцыятывы. І атрымліваецца, што падзялілася поле інтарэсаў. У рамках саміту паўтаралі, што важна данесці да дзяржаваў, што змяненне клімату адбываецца, таму што ўсе лянуюцца і ніхто не хоча гэтай тэмай займацца. Трэба, каб моладзь паказвала, як мяняць у сувязі з гэтым палітыку.
– Атрымалася абмеркаваць свае ідэі на саміце?
– Да апошняга я думала, што будзе нейкая сесія, дзе можна будзе абмяняцца вопытам, сустрэцца з тымі, хто атрымаў “зялёны квіток”. Гэтага не хапала, бо былі тыя, каму ёсць, што сказаць, але іх не пачулі. Мы хацелі падзяліцца нашым вопытам, каб іншыя краіны гэта выкарыстоўвалі. Там было 500 маладых чалавек, і толькі ў апошні дзень да мяне нехта падышоў і запытаў: “А ты выйграла зялёны квіток?” Я была 61-я ў яго спісе. Яны самі пыталі кожнага чалавека. Мне падаецца Фонд ААН мог паклапаціцца і арганізаваць нам нейкі варкшоп, каб аб’яднаць і наладзіць зносіны.
Акрамя форумаў, у нас былі варкшопы. Напрыклад, ведаю, што дзяўчына, якая арганізоўвае страйкі ў Сеуле, схадзіла на воркшоп да маладых пасланнікаў ААН, і яны данеслі думку, што страйк – не толькі для таго, каб папрасіць, але яшчэ і для таго, каб паказаць ураду: вось, што будзе, калі мы не будзем дзейнічаць.
Трэба размаўляць з дзяржаўнымі органамі. Яны таксама людзі. Важна не замыкацца ў сабе і сваёй ініцыятыве, а больш пашыраць гэта кола людзей, якія з табой узаемазвязаныя і працуюць па гэтай тэме.
– А якія варкшопы давялося наведаць?
– Я была на варкшопе March of Science – гэта такая ініцыятыва ў ЗША, якая папулізуе навуку. Мне гэта цікава, бо я яшчэ працую ў праекце Terrifica Belarus. Ён накіраваны на аб’яднанне навукоўцаў і грамадзян. І ў нас рэгіён – Мінск. І мы абралі праблему забруджвання паветру, таму, як чакаецца, будзем праводзіць “жывыя” лабараторыя, запрашаць спікераў як з навукі, так і з бізнесу і некамерцыйнага сектара, каб яны разам аб’ядноўваліся і працавалі над вырашэннем гэтай праблемы.
Яшчэ я хадзіла на мерапрыемства, дзе 40 маладых людзей расказвалі пра свае ініцыятывы. Напрыклад, адзін з спікераў казаў пра свой праект супраць пажараў у амазонскіх лясах. Ад маладых было цікава пачуць, што існуе столькі магчымасцей адукацыйных, столькі інструментаў, якія магчыма выкарыстоўваць, у там ліку па змяненні клімату. Проста вочы разбягаліся. Крута!
– Якія з гэтых інструментаў магчыма выкарыстаць у Беларусі?
– Мы ўжо выкарыстоўваем зараз “Самы вялікі ўрок у свеце”. Гэта ініцыятыва ЮНІСЭФ. У іх на сайце настаўнікі могуць дадаць урок на англійскай мове. Мы пераклалі ўрок па змяненню клімату на рускую, і я хаджу ў школы і расказваю па гэтаму плану. Потым дадаю на мапу беларускія школы.
Яшчэ ёсць Climate Interactive – такі навуковы цэнтр, які разам з Масачусэцкім тэхналагічным інстытутам зрабіў сімулятар таго, што адбываецца ў свеце ў перагаворах. То-бок гэта як праграма, і ты прымерваеш на сабе ролю ЕС або, напрыклад, Кітая. Трэба ўказаць дату, калі будуць памяншацца выкіды СО2, на які адсотак, колькі будуць садзіць дрэў і як будуць бароцца з абязлесеннем. Усе гэта запаўняеце – і людзі бачаць, як, напрыклад, уплывае эканоміка ЗША на глабальнае пацяпленне. Я толькі што гуляла ў гэты сімулятар са школьнікамі – мы дайшлі з павышэння тэмпературы на 4,2 градусы, калі мы не будзем нічога змяняць. Дзеці зразумелі, што неабходна хутчэй скарачаць выкіды СО2.
Зараз распрацаваная яшчэ больш прасунутая версія. Мне яна вельмі падабаецца. Там можна дакладна ўбачыць палітычныя рашэнні. Як уплывае ўвядзенне энергаэфектыўнасці ў жылых дамах на скарачэнне выкідаў СО2 і ўвогуле на тэмпературу. Гэта вельмі цікава.
Таксама можна абіраць, на што ўплываюць гэтыя выкіды. Напрыклад, на павышэнне ўзроўню акіяна – і потым паглядзець у інтэрнэце, якія краіны залье. Школьнікі разумеюць, што гэта важная тэма. Я ім расказваю пра Грэту, забастоўкі, што гэта рэальна адбываецца. Увесну калі я расказвала, яны пра Грэту яшчэ не ведалі. А зараз усе прамову паглядзелі – вельмі шмат абмеркаванняў.
Гэта два інструменты, якія мы выкарыстоўваем. Для нашай невялікай ініцыятывы гэтага дастаткова. Але я ведаю, што ёсць яшчэ шмат адукацыйных сайтаў і ініцыятывы, з якімі можна папрацаваць.
– На гэтым сімулятары ў вучняў атрымалася знізіць павышэнне да 2 градусаў, але гэта лічба гранічная па Парыжскаму пагадненню. Ці ёсць у нашай планеты будучыня?
– Вельмі шмат спікераў на пры канцы сваіх прамоў на саміце выходзілі на думку, што ў нас павінна быць надзея. Застаецца толькі спадзявацца і глядзець на жыццё пазітыўна, таму што інакш можна ўгробіць сябе і страціць любы энтузіязм у працы.
На гэтым саміце паабяцалі не будаваць заводы на вугле пасля 2020 году, падтрымаць праекты ў краінах, якія развіваюцца, скараціць свае выкіды СО2. Расія нарэшце падпісала Парыжскае пагадненне. Гэта ўсе выдатна рабіць, але дзейнічаць трэба хутчэй. Гэта залежыць і ад працы НКА, “зялёных”, якія зноў жа размаўляюць з дзяржаўнымі органамі і спрабуюць гэта да іх данесці.
– Якія ў Беларусі ёсць праблемы, звязаныя са змяненнем клімату?
– На саміце выступоўцы прасілі ўсе краіны скараціць выкіды вуглякіслага газу, увесці больш аднаўляльных крыніц энергіі. У першым варыянце прамовы маладога пасла яшчэ размова ішла пра свабоду слова ў інтэрнэце і свабоду сходаў. Але напр канцы гэты момант чамусьці скарацілі. Я за большы актывізм у Беларусі, каб людзям давалі магчымасць пасадзейнічаць прыняццю рашэнняў.
Змяненне клімату датычыцца кожнага. Так, нашу краіну сусветны акіян, мабыць, не залье. Але мы не будзем больш вырошчваць лён на Віцебшчыне. Атрымаць кавуны, але згубіць бульбу і пшаніцу – ну, таксама вельмі дзіўны “бонус”. Новыя хваробы, скарачэнне біяразнастайнасці – гэта ўсё вельмі побач. Але мы гэта не зусім разумеем, і нават нашы навуковыя інстытуты не могуць з поўнай упэўненасцю сказаць, што змяненне клімату адбываецца. Бо ў іх свая пазіцыя: клімат заўсёды змяняецца. Гэта так, але тэмпы, якія ідуць пасля 1950-га году, – неймаверныя. Важна гэта паказаць на лакальным узроўні.
Тое ж самае з Мэтамі ўстойлівага развіцця (МУР). У нас ёсць праблемы з чыстай вадою, з беднасцю… Кожны чалавек павінен знайсці сваю асабістую гісторыю ў гэтай праблеме і ў мэце, каб потым неяк садзейнічаць яе вырашэнню. Для гэтага мы працуем – ходзім да школьнікаў і робім лекцыі на фестывалях. І толькі ад нас усіх залежыць, што будзе са светам да 2030 года і ці будзе ён увогуле.
– Як на вашую думку, нам хапае праграм і законапраектаў, якія прымаюцца ўнутры краіны ў прадаўжэнне міжнародных самітаў?
– Мне падаецца, зараз Беларусь больш за статыстыку, а не за напаўненне. Напрыклад, МУР. У нас ёсць выдатны закон, па якому ўсе будучыя законапраекты павінны стварацца ў рамках Мэт устойлівага развіцця. Але што перашкаджае прыняць закон супраць гвалту над жанчынамі? І чаму я не магу быць вадалазам? Навошта існуе спіс прафесій, якія забаронены для жанчын? А гэта ўсё выкананне цэлай Мэты № 5, гэта таксама цэлая задача і доступ жанчын на рынак працы. Я думаю, нам трэба больш дзейнічаць. Я б хацела, каб наша ініцыятыва развівалася ў юрыдычным плане, каб мы правяралі законы, абмяркоўвалі з дзяржаўнымі органамі, паказвалі сусветныя практыкі. Гэта ўсё павінна адбывацца ў цесным кантакце ўсіх зацікаўленых бакоў, а не проста просьбамі да дзяржавы.
– Пасля прамовы Грэты склалася ўражанне, што за ўсе экалагічныя праблемы адказныя палітыкі. Вы згодная з гэтым?
– Я лічу, што экалогія – гэта не толькі праблема палітыкаў. Проста павінен ісці кантакт з людзьмі. У моладзі ёсць выдатныя ідэі, якія яна можа расказаць дзяржаве. Іншая праблема, што дзяржава не гатова ўсё гэта слухаць і прымаць. І для гэтага існуюць страйкі, каб падняць праблему да неймаверных маштабаў.
Але прасіць толькі ў палітыкаў – гэта не зусім правільна. Плюс у нас ёсць бізнес, ёсць энергетычныя кампаніі, якія адказваюць за вялікую колькасць выкідаў. І тое, што яны адкупляюцца парачкай мільярдаў, – не вельмі эфектыўна. Таму важна, каб у кантакце былі ўсе.
Нават калі чалавек набыў шматразовы кубак і карыстаецца торбай – гэта значна. І кожны крок важны. Калі вы раптоўна абралі не самалёт, а цягнік або аўтобус, то гэта таксама ўплывае на выкіды.
Важна, каб людзі мянялі свае адносіны да жыцця. Усё гэта ўзаемазвязанае. Здароўе звязана са змяненнем клімату, развіццё веларуху… Шмат чаго залежыць ад палітычнага рашэння. І яно павінна быць прынятае, але гэта яшчэ не ўсё.
– На саміце абмяркоўвалі аднаўляльныя крыніцы энергіі. А ці была размова пра АЭС?
– Я чакала гэтага, калі далі слова прэзідэнту Літвы. Я ўжо мэтанакіравана сядзела ў Facebook, каб даць гэту навіну пра АЭС. Але ён расказаў толькі пра ўстойлівае ацяпленне на біямасе. І нічога пра АЭС. І ўвогуле на саміце не было ні адзінага слова пра атам. Але ўсе, хто казаў пра аднаўляльныя крыніцы энергіі, мелі на ўвазе цеплыню сонца, моц паветра і іншыя прыродныя з’явы, а не ядзерную энергетыку.
– Што кожны чалавек можа зрабіць, каб прыпыніць змяненне клімату?
– Zerro-waste звычкі выдатна гэтаму дапамагаюць. Можна асобна збіраць смецце самастойна і ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, каб тыя ж сметніцы для пластыка, паперы і шкла былі побач з домам. Гэта знаходзіцца на паверхні і зараз становіцца папулярным у Беларусі, што не можа не радаваць.
Можна саджаць дрэвы, ездзіць на грамадскім транспарце, на ровары. Гэта звычкі, у тым ліку, здаровага ладу жыцця.