Яшчэ 5 гадоў таму гарадзенец пачаў свой бізнэс у родным горадзе. Усё пачалося пасля таго, як ён наведаў Святую зямлю. Менавіта там Генадзь пазнаёміўся з людзьмі, якія рабілі дзіўныя канструкцыі, звязаныя з антычным светам.
«Першапачаткова я прывёз майстроў, якія працавалі ў мяне ў Гродне. Менавіта ў Беларусі яны ўдасканалілі і распрацавалі ўласную тэхналогію. Імі было адліта каля 50 формаў, з якіх у выніку рабіліся вазоны. Але доўга прапрацаваць нам не ўдалося, бо пачаўся крызіс», - распавядае Генадзь.
І толькі ў канцы 2015 года вытворчасць вазонаў зноў запрацавала. З'явіліся зацікаўленыя людзі ў бізнэсе і новыя кліенты. Паступалі заказы як з Масквы, так і іншых гарадоў Беларусі.
«Магілёў купіў у нас - усю плошчу сваю заставілі. У Мінску на цэнтральных вуліцах можна пабачыць нашы вазоны. У Маскву на Рублёўку мы адправілі цэлую партыю. Але вось у сваім родным горадзе прасунуцца немагчыма. Адзіныя, хто ў нас замаўляў, гэта абласная бальніца, хуткая дапамога і радзільня. Што, толькі медыкі могуць дазволіць у сябе прыгажосць? Тэхналогія наша адзіная ў Еўропе, мы ствараем вялікія канструкцыі для добраўпарадкавання горада і памяшканняў са штучнага каменя, якія не баяцца ніякіх умоў надвор'я. Гарадзенскія архітэктары, так і прадстаўнікі Зелянбуду, кажуць, што працы прыгожыя і цікавыя, але на гэтым усё заканчваецца. Наш горад стары і ўнікальны. Ужо гэтым летам пройдзе Фестываль нацыянальных культур. А на нашай цэнтральнай вуліцы стаяць незразумелыя бетонныя бандуры, якія псуюць увесь выгляд старой вуліцы. Чаму б іх не замяніць?»
Работы майстры выконваюць уручную, гэта з'яўляецца доўгім і працаёмкім працэсам. Акрамя ўсёй працы, вазон павінен прайсці яшчэ і выпрабаванне.
«Усе свае карты раскрываць мы не будзем, бо наша тэхналогія ўнікальная. Мы змешваем нашы кампаненты, і пасля ўсё гэта набіваецца ў формы і потым маментальна, за кошт хімічнай рэакцыі, сумесі пачынаюць награвацца да 150 градусаў і ператварацца ў камень. Калі ўсё астывае, майстры пачынаюць апрацоўваць нарыхтоўку. Апрацоўваецца як балгаркай, так і іншымі адмысловымі прыладамі. Потым канструкцыя грунтуецца, фарбуецца ў адзін колер і вычышчаецца».
Формы, з якіх робяцца вазоны, Генадзь купляе праз Мінск, адкуль прывозяцца з Еўропы. Цэны на вазоны вагаюцца ад 1,5 да 5 млн. Адзін вазон важыць каля 70 кілаграм. З зямлёй ён будзе важыць 150, і яго ўжо праблемна падняць і выкрасць.
-
Удачные примеры изменения городского пространства: гамаки над водой и скворечники на дорожных знаках
«Нашы вазоны - гэта аналаг антычных канструкцый. Толькі ў старажытнасці iх выбівалі гадамі, мы ж гэта робім значна хутчэй. А якасць застаецца нязменная».