Ілюстрацыя - Атлас малюнкаў Ватагіна
Знішчэнне суслікаў
У вёсцы Сцяпужычы, на якую некалькі год таму абрынулася нашэсце суслікаў, у мінулым годзе праводзілася ўзмоцненая барацьба са шкоднікам, які нішчыць вялізную частку ўраджаю.
На працягу вясны, лета і восені забіта 15 тысяч суслікаў. Калі б суседнія вёскі праводзілі такую ж энергічную барацьбу, то ў недалёкай будучыні шкодныя грызуны былі б цалкам вынішчаныя.
На жаль, розум і прадбачлівасць у гэтай справе праяўляюць толькі жыхары Сцяпужычаў, а іншыя праз нядбальства і гультайства не толькі самі перажываюць вялізныя страты, але і робяць немагчымай абаронную акцыю Сцяпужычаў.
Разумнейшыя гаспадары павінны пастарацца прыняць на грамадскіх сабраннях адпаведныя ўхвалы, якія б змушалі ўсіх уладальнікаў навакольных земляў да барацьбы з суслікамі. Гмінная рада павінна гэтыя ўхвалы падтрымаць сваім аўтарытэтам, адпаведнай ухвалай Рады.
Крыніца: газета Słowo, Nr. 120, 25.05.1926.
А што зараз?
Вёска Сцяпужычы існуе да сёння, толькі перайшла ў Клецкі раён Мінскай вобласці. Але, як ні дзіўна, мясціны дагэтуль застаўся сталіцай папуляцыі сусліка ў межах Беларусі.
Яшчэ ў верасні навукоўцы былі ўпэўненыя, што на Беларусі жывуць лічаныя жывёлы і што за ХХ стагоддзе від быў на 90% вынішчаны, каб ратаваць палі і ўраджаі.
У 2018 годзе лічылася, што адна з апошніх калоній засталася ў Баранавіцкім раёне.
Суслік з 2004 году ўнесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у 2013 годзе быў скандал з распахваннем адной з нешматлікіх калоній жывёл.
Але ў верасні 2019 года “Ахова птушак Бацькаўшчыны” сумесна з Акадэміяй навук пачала высвятляць, які актуальны стан папуляцыі – і зараз знойдзена каля дзесяці калоній жывёл, большасць каля Нясвіжу, і ў самай буйной жыве каля 1000 жывёл.
Як зазначаюць навукоўцы, ні статус рэдкага віду, ні штосьці іншае не змяніла сітуацыю: па-ранейшаму калоніі сусліка рэгулярна распахваюць, каб ён не шкодзіў палям.