31.05.2021 / 10:05

Гісторыя аб тым, як сям'я святара пачала развіваць турызм у карпацкай вёсцы. Навошта? Бо незадаволенасць людзей жыццём, на думку святара, адбіваецца і на іх духоўным стане.

Мшанецкія краявіды. Фота – Наталля Гром

 

Жыць у экалагічна чыстай мясцовасці – мара многіх, аднак часам гэта пра аддаленыя рэгіёны. Там, дзе дыхаецца на поўныя грудзі, бяскрайні краявід з лясамі і рэкамі, а позірк натыкаецца на замшэлыя стрэхі хат і павольнае жыццё мясцовых, якім, звычайна, ужо за 70. 

Канструктыўна спалучыць прыродныя выгоды і патрэбы чалавека дазваляе аграэкатурызм. Праўда, падыход павінен быць не трывіяльным, а простым і зразумелым. Пра падводныя камяні, стымул і перспектыву пагаворым на прыкладзе ўкраінскай вёскі ў Карпатах, а вопыт суседняй дзяржавы параўнаем з беларускім.

Вёска Мшанец знаходзіцца ў Самбірскім раёне Львоўскай вобласці, зараз з’яўляецца часткай Стрылкоўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады (АТГ ва Украіне з’явіліся ў выніку нядаўняй рэформы дэцэнтралізацыі).

Вёска Мшанец знаходзіцца на ўкраінска-польскім памежжы. Фота – Google maps
Вёска Мшанец знаходзіцца на ўкраінска-польскім памежжы. Фота – Google maps

Гэта горная вёска, дзе жывуць бойкі (этнаграфічная група ўкраінцаў). Нешматлікія драўляныя хаты хаваюцца ў лагчыне. Сёння тут жыве 175 чалавек.

Пра колішняе развіццё і багатую гісторыю сведчыць велічная царква Раства Прасвятой Багародзіцы, а таксама ўкраінамоўная Вікіпедыя: артыкул пра Мшанец дасць фору культурным сталіцам свету.

Павышае анлайн-дасведчанасць і афлайн-прагрэс гэтай карпацкай вёскі маладая сям’я Рамана і Наталлі Гром.

Святар у вёсцы Мшанец Раман Гром і яго жонка Наталля. Фота – Наталля Гром
Святар у вёсцы Мшанец Раман Гром і яго жонка Наталля. Фота – Наталля Гром

 

Дзейнічаем па сітуацыі

Сям’я Гром трапіла ў Мшанец па блаславенні епіскапа Украінскай грэка-каталіцкай царквы: пасля заканчэння духоўнай семінарыі Рамана накіравалі туды, дзе была патрэба ў душпастырстве. Старадаўні храм з шасцівекавой гісторыяй дзякуючы намаганням і ахвяраванням вяскоўцаў захаваў свае прыгажосць і веліч.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мшанцы, першая згадка пра яе датуецца 1507 г. Фота – Наталля Гром
Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мшанцы, першая згадка пра яе датуецца 1507 г. Фота – Наталля Гром

У астатнім мы ўбачылі заняпад і адчулі зацяжны “дэпрэсняк” жыхароў – пераважна вельмі сталых людзей, – прыгадвае Наталля Гром. – Мясцовая ўлада адкрыта махнула рукой на гэту вёску і давала на яе выміранне ад сілы пяць гадоў.

Найбольш вострай праблемай аказалася дарога да вёскі Мшанец, якая з’яўляецца крайняй – далей ужо тэрыторыя Польшчы. Збочыўшы з трасы, 18 кіламетраў даводзілася пераадольваць некалькі гадзін: машына літаральна паўзла па выбоінах і размытых дажджом каляінах.

“Хуткая” пагаджалася ехаць хіба што ў выпадку інсульту. Пажарная таксама не магла аператыўна зрэагаваць, – кажа Наталля. Сям’я святара і вяскоўцы гэту сітуацыю не толькі настойліва даводзілі да чыноўнікаў, але і творча інтэрпрэтавалі свае складанасці. Тэматычны кавер на папулярную песню “Плакала” сукупна набраў больш за 4 мільёны праглядаў.

Затое які вынік! Палова адлегласці ўжо заасфальтавана, астатняе – запланавана на бягучы год.

Калі вы, маладая сям’я, прыехалі ў Мшанец, былі думкі перачакаць і з’ехаць?

Гэта не пра нас. Канешне, галоўнае для святара – маліцца на алтары. Аднак зацягнутая дэпрэсія, відавочна, адбіваецца і на духоўным стане людзей, якія не могуць задаволіць свае базавыя патрэбы. Мы ацанілі сітуацыю і вызначылі, як можам паслужыць грамадзе. Гэта сацыяльнае служэнне, асветніцтва і грамадзянскі актывізм.

Панарама в. Мшанец Фота – Наталля Гром
Панарама в. Мшанец Фота – Наталля Гром

 

Турызм – адзіны спосаб выжыць

Мшанец і яго ваколіцы – экалагічныя мясціны на Львоўшчыне. Чыстае паветра, з зямлі б’юць гаючыя крыніцы, ніякай вытворчасці… і мінімум турыстычнай інфраструктуры.

Наогул украінскія Карпаты доўжацца 280 кіламетраў. Найбольш развітыя і папулярныя курорты знаходзяцца ў Закарпацкай (Ужгарад, Мукачава) і ў Івана-Франкоўскай (Букавель) абласцях. Горныя раёны Львоўшчыны параўнальна невысокія, але добра падыдуць для шырокага кола турыстаў. У дадатак там вялікая колькасць гісторыка-культурных аб’ектаў.

Развіццё турызму ў горных раёнах Львоўскай вобласці пачалося літаральна пяць гадоў таму, калі ва Упраўленні турызму абласной адміністрацыі сабралася матываваная каманда, – адзначае дырэктар інфармацыйнай платформы “Карпаты.Інфо” Ганна Сідорэнка. – Турызм – адзіны спосаб прыцягнуць увагу да аддаленых населеных пунктаў, падтрымаць іх жыхароў. Мшанец добра ілюструе сітуацыю.  

Ганна Сідорэнка праводзіць трэнінгі для патэнцыйных гаспадароў аграсядзіб. Фота – Ганна Сідорэнка
Ганна Сідорэнка праводзіць трэнінгі для патэнцыйных гаспадароў аграсядзіб. Фота – Ганна Сідорэнка

 

 Мшанецкія калібы і матывацыя для вяскоўцаў

Турыстычнага шарму карпацкай вёсцы дадаюць “Мшанецкія калібы”. Праект рэалізуецца з 2019 года: збудавана ўжо тры калібы, плануецца ўзвесці 11.

Каліба – гэта невялікі драўляны дамок, арганічна ўпісаны ў гарысты лясны ландшафт Карпатаў. Там ёсць два паверхі: на першым – стол і шырокія лаўкі, на другім – драўляны насціл з вялікім спальным матрацам, падведзена электрычнасць. Адна каліба разлічана на 8 чалавек. Ёсць летнія душ і кухня. 

Мшанецкія калібы. Фота – risu.ua
Мшанецкія калібы. Фота – risu.ua

Выкарыстанне такіх будыначкаў можа быць самым розным. Як кажуць мясцовыя, гэта “платформа для крэатыўных ідэй на ўлонні прыроды”. Запатрабаваныя яны індывідуальнымі турыстамі, арганізатарамі дзіцячых летнікаў, хрысціянскіх сустрэч або тымбілдынгаў.

Гэта была ідэя майго мужа. Рэалізацыя пачалася, калі ён выйграў грант на 200 тысяч грывень (каля 7 200 $) ад Львоўскага адукацыйнага фонду. Гэтых грошай хапіла прыкладна на дзве калібы, – кажа Наталля Гром.

Першы паверх калібы. Фота – Наталля Гром
Першы паверх калібы. Фота – Наталля Гром

Наталля падкрэслівае, што праца ідзе камандай. Дызайн пабудовы дэтальна прапрацоўваўся з рознымі спецыялістамі.

Ідэю стварэння экалагічнага летніка, які актывізуе мясцовае жыццё і адраджае вёску, падтрымалі ўраджэнцы гэтай мясцовасці. Дапамога прыходзіць з розных гарадоў і нават краін у выглядзе фінансаў, неабходных матэрыялаў або рабочай сілы.  

Першымі гасцямі ў калібах сталі дзеці. Фота – instagram, mshanetski.kolyby
Першымі гасцямі ў калібах сталі дзеці. Фота – instagram, mshanetski.kolyby

Мшанецкія калібы з’яўляюцца ўласнасцю мясцовай грамады. Ёсць адказны чалавек, які падтрымлівае парадак і каардынуе заезд гасцей. 

Турысты ў вёсцы – гэта матывацыя, другое дыханне для яе жыхароў. Яны рэалізоўваюць ім свае, экалагічна чыстыя прадукты: мёд, сыры, варэнне, грыбы…

 

Дзікі Захад з украінскай аўтэнтыкай

Наша агульная канцэпцыя – стварыць украінскі Дзікі Захад, паказаць аўтэнтычную вёску, яе ўклад, каб людзі апынуліся ў суладдзі з прыродай, – адзначае Наталля. – А таксама, каб мясцовыя сталі самазанятымі і змаглі зарабляць. Іх бойкаўскія хаты мы прапаноўваем адаптоўваць пад аграсядзібы. Гэта дазволіць прымаць гасцей круглы год.

Акрамя належнага прамоўшэна турыстычных паслуг на ўнутраным і знешнім рынках, вельмі важна працаваць з мясцовымі і паступова мяняць іх псіхалогію, пераканана дырэктар інфармацыйнай платформы “Карпаты.Інфо” Ганна Сідорэнка:

На такі адпачынак ёсць попыт, а Мшанец становіцца прэцэдэнтам для ўсёй вобласці. Людзі ўбачаць рэальныя магчымасці і, галоўнае, павераць у сваю адметнасць.

З досведу Ганны, неабходна ладзіць паездкі для вяскоўцаў, каб яны ўбачылі іншыя прыклады не на слайдах ці ў інтэрнэце, а пазнаёміліся ў жывую, напрыклад, з польскім вопытам: там падобныя горныя паселішчы ўжо актыўна выкарыстоўваюць агратурыстычны патэнцыял.

Пераканана, што мясцовыя бабулі вельмі хутка “ўспомняць” старадаўнія традыцыі, рэцэпты і песні, калі адчуюць, што гэта некаму цікава.

Тым больш, што Мшанец называюць найбольш даследаванай у гісторыка-этнаграфічным рэчышчы вёскай у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Такі статус узнік дзякуючы дзейнасці святара, гісторыка і грамадскага дзеяча Міхаіла Зубрыцкага (служыў там з 1883 па 1914 гг.). Сёння сабрана невелікая экспазіцыя ў яго гонар.

Вяртанне да каранёў і грамадская актыўнасць вяскоўцаў станоўча ўплываюць на ўзровень іх самасвядомасці, а значыць, і на якасць жыцця.

Мясцовыя дзесяцігоддзямі выкідвалі смецце ў раку Мшанку. Вывазу не было, бо і дарогі не было, – жонка мшанецкага святара Наталля Гром пераканана, што з часам будзе ўкаранёна і сістэма раздзельнага збору смецця. – Мы працуем комплексна, паступова, каб у людзей мяняўся светапогляд. Гэта самая надзейная гарантыя светлай будучыні для вёскі і яе жыхароў. 

Наталля Гром зараз працуе праектным менеджарам у мясцовай супольнасці. Яе задача – прыцягваць фінансаванне на сацыяльна значныя ініцыятывы
Наталля Гром зараз працуе праектным менеджарам у мясцовай супольнасці. Яе задача – прыцягваць фінансаванне на сацыяльна значныя ініцыятывы

 

Беларускі вопыт

Міграцыя з вёсак у гарады – з’ява не ўнікальная, яна характэрная для многіх развітых краін. І Беларусь не выключэнне. Аграэкатурызм – інструмент, які дазваляе знізіць актыўнасць гэтага працэсу, як адзначае Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”:

Я бачу тры дзейсныя спосабы, як у глыбінцы можна развіваць агратурызм і рабіць гэта з прыбыткам.

Першы – з акцэнтам на рэкрэацыйна-культурныя функцыі. Напрыклад, у аграсядзібе “Стулы” (вёска Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) прапісаны толькі адзін чалавек – гэта Ларыса Быцко, гаспадыня сядзібы. Але там створана арт-прастора, якая грунтуецца на мінулым вёскі, дзе некалі жыў знакаміты мастак-прымітывіст Мікола Тарасюк. Завітаць у гэту мясцовасць і пазнаёміцца з яе гісторыяй цікава, як паказвае практыка, многім, бо распрацаваны шэраг тэматычных праграм. Наведвальнікі Стойлаў трапляюць на спектаклі, пленэры, імпрэзы. Актыўнасць Ларысы і яе сям’і, дарэчы, стала стымулам для нашчадкаў: у апошнія гады ў гэтай вёсцы з’яўляецца ўсё больш абжытых лецішчаў.

Валерыя Кліцунова. Фота - Аркадзь Собалеў, holiday.by
Валерыя Кліцунова. Фота - Аркадзь Собалеў, holiday.by

Другі – развіццё рамёстваў, прэзентацыя аўтарскай прадукцыі і правядзенне майстар-класаў. Калі ласка, у аграсядзібе “Птах” (Пружанскі раён) гаспадыня Наталля Грыцко займаецца аўтэнтычным рамяством – чорназадымленай керамікай, – і такім чынам прапануе экатурызм з элементамі этнакультуры. Яшчэ Наталля займаецца экаснэкамі – сушыць ягады і садавіну, гатуе пасцілу.

З гэтым звязаны і трэці спосаб – натуральнае фермерства. Гэта калі мы гаворым пра экалагічна чыстую прадукцыю, якая вырошчваецца або вырабляецца ў невялікіх аб’ёмах, для асабістых патрэб гаспадароў аграсядзібы і іх гасцей.

– Сёння мы імкнемся развіваць крэатыўную эканоміку, калі капітал – не толькі грошы, але ўсё, што можна рэалізаваць. Мы тлумачым людзям, што іх веды, творчасць і г. д. могуць стаць турыстычным прадуктам. У многіх жа ёсць вясковыя хаты – іх проста трэба прывесці ў парадак. А добрая крэатыўная ідэя дапаможа стварыць недарагі, але арыгінальны і запатрабаваны прадукт, – кажа Валерыя Кліцунова.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость