31.05.2021 / 10:05

На дарогах штогод гіне шмат лясных  і палявых птушак. Сутыкненне з птушкай можа пашкодзіць не толькі ёй самой: яна можа адцягнуць увагу кіроўцы і такім чынам справакаваць ДТЗ. Каб вызначыць самыя праблемныя ўчасткі дарог, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запусціла інтэрактыўную карту.

У Інтэрнэце ёсць шмат паведамленняў пра ДТЗ з удзелам птушак, у тым ліку і смяротных. Штогод фіксуюцца дарожна-транспартныя здарэнні з птушкамі і ў Беларусі. Асабліва небяспечнымі птушкі на дарогах з’яўляюцца для матацыклістаў. Шмат здарэнняў з птушкамі ўзнікае каля калоній гракоў, калі маладыя птушкі пакідаюць гнёзды. Калі ласка, зніжайце хуткасць і ў чэрвені каля вядомых вам прыдарожных калоній гракоў. А такіх шмат каля Мінску. З пачатку ліпеня аўтамабілі часта сутыкаюцца з подлеткамі белых буслоў. Будзьце ўважлівыя і ноччу: не ганіце на ўсю моц на дарогах у сасновых лясах ці каля іх. Летам тут можна падбіць соў ці лелякоў, якія чамусьці любяць сядзець на асфальце.

На карту просяць наносіць месцы за горадам, дзе вы бачылі на дарогах збітых машынамі птушак. Асобна просяць пазначаць на карце назіранні лелякоў (козодоев) на дарогах – як збітых машынамі, так і жывых.

Калі вы сумнеяцеся, ляляк перад вамі ці не, скарыстайцеся вызначальнікам для Android’а Ptushki або дашліце фота птушкі ў чат “Ціў-ціў” – вопытныя бёрдвочары дапамогуць вызначыць від.

Ляляк быў абраны сімвалам 2021 года ў Беларусі, і ў межах кампаніі “Птушка года” АПБ праводзіць акцыю па яго захаванні. Шмат лелякоў гіне ноччу ад машын на шашы ў лясах ці каля іх, калі яны садзяцца адпачыць на цёплы асфальт. Дадзеныя, якія ўдасца сабраць з дапамогай карты, дазволяць зразумець маштабы праблемы і прапанаваць яе вырашэнне.

– Па выніках акцыі “Птушкі на дарогах” мы, магчыма, прапануем ДАІ паставіць у адпаведных месцах знакі для абмежавання хуткаснага рэжыму або проста папераджальныя, каб кіроўца сам мог знізіць хуткасць, – гаворыць Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях. – Акрамя таго, можна ўвесці адмысловы дарожны знак, які будзе папярэджваць кіроўцаў, што тут магчымыя сутыкненні з птушкамі.

Прыклады замежных знакаў з выявамі птушак
Прыклады замежных знакаў з выявамі птушак

Дапамажыце АПБ вызначыць месцы, дзе птушкі трапляюць пад колы, заносьце назіранні на карту!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость