31.07.2015 / 17:07

У тых з нас, хто займаецца асобным зборам смецця, неаднаразова ўзнікала пытанне – што рабіць з канкрэтнай рэччу, да якога смецця яна належыць? Бо агульная тэорыя гучыць проста – паперу, металы, шкло і пластык перапрацоўваем, а аб’едкі не. Але ж на практыцы, як заўсёды, не ўсё так проста. У нашым побыце ёсць мноства рэчаў, зробленых з розных матэрыялаў. Ёсць віды тых жа пластыкаў, якія не перапрацоўваюцца на нашых прадпрыемствах. І шмат іншага смецця, якое нельга выкідаць у стандартныя кантэйнеры для збору смецця. Разгледзім асноўныя “праблемныя” моманты сартавання смецця.

1. Упакоўка харчовых прадуктаў. На жаль, сёння ў Беларусі перапрацоўваюць далёка не ўсе віды пластыку. Таму стаканчыкі ад ёгурта і смятаны (палівінілхларыд), аднаразавы посуд і каробкі ад тортаў (палістэрол) выкідаць у бак для пластыку нельга. Як і коркі ПЭТ-бутэлек і пакеты Тэтра-Пак. А вось самі бутэлькі трэба. Як і бутэлькі ад тых жа ёгуртаў (не стаканчыкі, а менвіта бутэлькі!), цюбікі і слоікі ад касметыкі і бытвой хіміі, паліэтыленавыя пакункі. Да таго ж варта памятаць, што ступень забруджвання ўпакоўкі аказвае ўплыў на магчымасці яе перапрацоўкі. Таму папера, моцна замазаная харчовымі адкідамі, як і паліэтылен наўрад ці будуць перапрацаваныя. Таму іх прыйдзецца выкінуць у побытавае смецце. Усё, што больш-меньш чыстае – у спецыяльныя кантэйнеры для паперы, пластыку і металу (тара ад напояў і фальга).

2. Адзенне і абутак. На жаль, у Беларусі не перапрацоўваюць старую тканіну, скуру, гуму і іншыя сінтэтычныя тэкстыльныя матэрыялы.

3. Фільтры. Шмат хто з нас карыстаецца фільтрамі для вады са зменнымі элементамі (“Аквафор” і т.п.). Элементы гэтыя тэарытычна можна перапрацоўваць, але на практыцы гэтым ніхто не займаецца, бо гэта фінансава немэтазгодна.

4. Тэхнічнае абсталяванне. Мабільныя тэлефоны, кампутары, аргтэхніку і іншае абсталяванне перад перапрацоўкай трэба разбіраць на часткі. Гэта трэба альбо рабіць самастойна, альбо здаваць абсталяванне на спецыялізаваныя прадпрыемсты. Пункты збору, як звычайна знайсці можна далёка не ў кожным горадзе.

5. Гума. Аўтамабільныя шыны збіраюць прадпрыемствы накшталт “Автосеть”. Але пункты збору ёсць не паўсюль, а сярод іншых аўтасервісаў мала хто пагодзіцца забраць вашыя старыя шыны. Датычна іншых гумавых вырабаў сітуацыя яшчэ горш – яны пойдуць у побытавае смецце і будуць гніць на бясконцых палігонах адкідаў.

6. Аліва і антыфрыз. І зноў аўтамабльныя адкіды. З інфармацыі на адпаведных форумах вынікае, што знайсці месцы прыёму такога “дабра” у Беларусі вельмі складана. І пры гэтым выкідаць у звычайны сметнік гэта нельга ні ў якім разе. Вось такі тупік.

7. Мэбля і будаўнічае смецце. Па законе іх нельга выкідаць у кантэйнеры для смецця, а трэба за асабісты кошт даставіць на смеццевы палігон.

8. Зубныя шчоткі і станкі для галення. Рэчы, якія ёсць у кожнага з нас, і якія шмат хто памылковы выкідае ў кантэйнер для пластыку. Але гэты від пластыку ў нас не перапрацоўваюць. Нават у шматлікіх гарадах Еўропы шчоткі збіраюць у кантэйнерах для змешанага смецця, і толькі самыя сучасныя тэхналогіі дазваляюць выкарыстоўваць такое смецце ў працэсе перапрацоўкі.

9. Батарэйкі і лямпачкі. Акумулятары ўсіх відаў трэба выкідаць у спецыяльна ўсталяваныя кантэйнеры, якіх у нашым горадзе не так і шмат. Тое ж самае датычыцца і энэргазберагальных лямпачак. Гэта ж датычыцца і ртутных градуснікаў. Іх трэба толькі здаваць у спецыяльныя пукты збору, і ні ў якім разе не выкідаць ні ў адзін з кантэйнераў для збору смецця.

10. Люстэркі і аўтамабільнае шкло. Нельга выкідаць у кантэйнер для шкла, бо гэта шкло з пакрыццём і яно не перапрацоўваецца разам са звычайнымі слоікамі і бутэлькамі. Тое ж самае датычыцца аўтамабільнага шкла.

У выніку атрымліваем сітуацыю, калі шмат што можна перапрацаваць, але гэтым не займаюцца ў нас. Ці займаюцца, але складана знайсці кропкі збору дадзенага віду смецця. І гэта не кажучы пра сумленнасць людзей, далёка не кожны з якіх будзе траціць час на пошук гэтых кропак і на падзел смецця дома. Але ж хочацца спадзявацца, што тых людзей, якія не пашкадуюць на гэта часу, будзе станавіцца больш. І тых, хто захоча зарабіць на перапрацрўцы смецця таксама.

Агульны момант падзелу смецця – неабходнасць аддзяляць складанае смецце (зробленае з некалькіх розных матэрыялаў) ад больш простага. Як правіла, за невялікімі выняткамі, шматслойныя віды смецця ў нас не перапрацоўваюць.

Дарэчы навукоўцы даюць падставы для аптымізму – галандскія спецыялісты ўжо распрацавалі тэхналогію перапрацоўкі адкідаў без іх першапачатковага сартавання. Распрацаваная сістэма сама падзяляе адкіды і цалкам іх перапрацоўвае. І што галоўнае – гэты працэс экалагічна нейтральны. Тэхналогія ўжо была тэставаная на адным з нямецкіх заводаў і зараз плануецца будаўніцтва такога заводу ў саміх Нідэрландах.

І хаця нам яшчэ далёка да еўрапейскага ўзроўню збору і перапрацоўкі смецця, будзем спадзявацца, што з цягам часу гэтыя тэхналогіі прыйдуць і ў нашую краіну.

Автор:
Фотограф:
akvafors.lv, es-stom.ru, productxplorer.tetrapak.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость