Аляксандр стартаваў з Ліды 22 жніўня.
Усе 9 дзён падарожжа ён перамяшчаўся выключна на хэндбайку.
У сваіх роліках Саша распавядае пра падарожжа. Пра чаканыя і нечаканыя складанасці шляху. Напрыклад, пра тое, што па дарозе цяжка часам проста знайсці туалет для інвалідаў, ці вельмі не проста праехаць 50 кіламетраў пад даждом.
Пра тое, што калі для чарговай начоўкі удалося знайсці гатэль з безбар’ерным асяроддзем, то да яго вяла не дужа добрая дарога. У Вільні на невялікім спуску ў яго выпала з байка нага, і хіба толькі добрыя тармазы і доля шанцавання ўратавалі ад аварыі. Аднаго разу дротам прабіла кола, прышлося ўначы, у паходных умовах, праводзіць рамонт.
Часам, разглядаючы хроніку яго падарожжа, нават цяжка паверыць ва ўсе выпрабаванні, бо нязменная усмешка і аптымізм проста выпраменьваюцца з гэтага чалавека.
І вось - мэта падарожжа дасягнута: раніцай 30 жніўня Саша даехаў да Клайпеды. "Мары збываюцца!" - напісаў ён у сваім фэйсбуку.
Зараз яго чакае сёрфінг і падводны масаж – заслужаная ўзнагарода за выпрабаванні доўгага шляху.