31.10.2019 / 21:10

Чэрві будуць есці нашыя харчовыя адкіды, а мы будзем глядзець на цікавы арт-аб’ект. Профіт!

З Наталляй Пашко, аўтаркай праекта, мы сустракаемся ў кавярні недалёка ад станцыі метро Кунцаўшчына. Яшчэ перад сустрэчай яна запытала ў мяне, што я ведаю пра праект, і я шчыра адказала, што веды абмяжоўваюцца тым, што ёсць у слайд-прэзентацыі.

Там казалася, што Наталля нібыта хоча рабіць і прадаваць вермікампосцеры – прылады, у якіх дажджавыя чэрві будуць кампаставаць харчовыя адкіды. Карацей, інфармацыі ў мяне мала, але размаўляць праз гэта яшчэ цікавей.

- Калі ты прыхільніца Zero Waste, настае такі час, калі думаеш, як экалагічна ўтылізаваць харчовыя адкіды, - пачынае свой расповед Наталля. - У нейкі момант я зразумела, што мне варта пачынаць гэта рабіць, але я жыву не адна ў кватэры, а разам са мной яшчэ іншыя дзяўчаты. Я разумею, што не ўсе знаходзяцца на адным узроўні экалагічнай свядомасці, і мне падаецца, што ім можа быць не вельмі камфортна, калі я, напрыклад, пастаўлю кампосцер у нашу кватэру.

Тады я падумала: ну, ок, я не магу зрабіць гэта ў кватэры. Але дзе тады я магу ў горадзе кампаставаць рэшткі ежы? Чаму няма катэйнераў для рэшткаў, як для пластыку? Я вырашыла, што гэта можна змяніць, але рабіць гэта трэба на ўзроўні дзяржавы. Сама я такое не пацягну, але хоць нешта ж мусіць быць мне пад сілу!

Так зявілася ідэя ставіць кампосцеры на вуліцу. Па задумцы Наталлі, гэта мусяць быць не проста кантэйнеры для арганічнага смецця, а менавіта кампосцеры, якія будуць кампаставаць рэшткі на месцы. Тым больш, што кампаставанне – гэта даволі просты працэс, і людзей можна навучыць, як яго арганізаваць.

- Калі мы кажам пре вермікампаставанне, там ёсць некаторыя правілы, якія абавязкова трэба ведаць. Канешне, усіх людзей будзе няпроста навучыць, але мы можам адукаваць пэўныя супольнасці – напрыклад, тых, хто працуе ў кавярнях. Так я прыйшла да ідэі, што кампосцеры для юрыдычных асобаў маглі б стаць добрым выйсцем з сітуацыі.

 twitter.com
twitter.com

Мы маглі б навучыць персанал усяму неабходнаму і зрабіць кампосцер закрытым для навакольных і даступным толькі для гэтага персаналу. Але проста схаваць гэты кампосцер дзесьці ў задворку кавярні – гэта не выйсце. Яны могуць рабіць гэта самі, яны могуць набываць на маркеце гатовыя кампосцеры – маркет ужо вялікі.

Таму мы вырашылі, каб ідэя была інавацыйнай, мы маглі б зрабіць не звычайны кампосцер, а нешта кшталту арт-аб’екта. Звычайна кампосцер – гэта непрыкметная пластмасавая скрыня, а мы зробім інакш. У нас гэта будзе арт-аб’ект і прадмет урбаністыкі.

Па словах Наталлі, яна выбрала менавіта вермікампаставанне, бо гэты від працы з харчовымі адкідамі добра падыходзіць для горада. Ён больш зручны ў тым сэнсе, што не стварае спецыфічных пахаў, а сам працэс кампаставання больш паскораны, чым у звычайных кампосцерах.

 rmnt.ru
rmnt.ru

- Вы кансультаваліся з юрыстамі, наколькі гэта рэальна ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам?

- З юрыстамі пакуль размовы не было, але я кансультавалася з эколагамі з Цэнтра экалагічных раэнняў Наталляй Блышчык і Любамірам Клепачом. Запытвалася, ці гэта ўсё ўвогуле магчыма. Для нас гэта ўсё яшчэ адкрытае пытанне. Мы разумеем, што ў грамадстве стаўленне да кампаставанне можа быць як да чагосьці бруднага, але на самой справе гэта не так.

Трэба перамагчы гэты стэрэатып, нібыта кампаставанне – гэта бруд, асабліва калі мы кажам пра вермікампаставанне. Гэта ж натуральны працэс, які адбываецца паўсюль!

Гэта адбываеца ў горадзе на зямлі, у лесе – дажджавыя чэрві паўсюль, і яны ператвараюць харчовыя адкіды ў біягумус – цалкам нармальную і бяспечную, чыстую прыродную субстанцыю.

Мы не будзем ставіць кампосцеры ўнутры памяшканняў ці побач з кухняй і тымі месцамі, дзе, ўласна, людзі прымаюць ежу. Яны будуць стаяць на вуліцы і будуць зачынены. Гэта амаль цалкам закрытая сістэма – там ёсць толькі вентыляцыя для чарвякоў. Але ж чэрві не мусяць выпаўзаць, зямля не мусіць валяцца вакол.

Улічваючы тое, што Беларусь стараецца імкнуцца да дасягненняў мэтаў устойлівага развіцця, у нашай дзяржавы з’яўляецца хай невялікае, але імкненне да экалагічнасці. Беларусь ужо задумваецца аб тым, каб перапрацоўваць арганічныя рэшткі.

У Берасці ёсць вялікі ферментар, і ў Мінску, наколькі я ведаю, плануюць пабудаваць завод па перапрацоўцы арганікі. Такія памкненні ў дзяржаве ёсць, і мы спадзяемся, што, калі нашая ідэя стане папулярнай, калі мы ўбачым, што кавярням спадабаецца наш праект, яны будуць у яго верыць, калі ў нас будзе падтрымка таго ж ЦЭРа, мы маглі б змяніць сітуацыю ў цэлым.

 realt.onliner.by
realt.onliner.by

Зараз у Мінску, напрыклад, з’яўляюцца фуд-тракі, а раней жа гэта было забаронена, і забарона аргументавалася акурат санітарнымі правіламі. Цяпер жа ёсць попыт, ужо з’явіўся той жа фестываль “Вуліца ежа”. Усё змяняецца. І нават калі ў нас не атрымаецца зараз усё арганізаваць, гэта ўжо будзе званочак для дзяржавы, што ёсць такі попыт.

Таксама мы спасылаемся на міжнародны досвед – мы натхняліся праектам Wormenhotels, які працуе ў Нідэрландах. У Амстэрдаме вермікампосцеры стаяць проста на вуліцах. Яго ідэя ў тым, каб ператвараць харчовыя адкіды са смецця ў рэсурс. Мэта праекта – стварыць сетку з рознага кшталту вермікампосцераў, якія будуць размяшчацца проста на гарадскіх вуліцах.

Зараз нам цяжка пайсці з пэўным запытам у Мінгарвыканкам, бо ў нас пакуль няма гатовага прадукта, і мы не бачым сэнсу непакоіць чыноўнікаў на гэтай стадыі развіцця праекта.

 picfair.com
picfair.com

- А чаго вы просіце на Social weekend? Які ваш запыт?

- На Social weekend мы прыйшлі акурат для таго, каб да канца распрацаваць кампосцер. Хоць я шмат сутыкалася з кампаставаннем і вермікампаставаннем і даволі шмат пра гэта ведаю, маіх тэхнiчных ведаў не хапае. Я разумею, што для нашага клімату можна знайсці тэхнічнае рашэнне, але мне цяжка прыдумаць яго самой.

Каб знайсці тэхнічную падтрымку, я пайшла на хакатон Social weekend. Праект прайшоў у фінал, але менавіта тэхнічнай падтрымкі я там як такой не атрымала. Журы ўбачыла, што ў нас ёсць перспектывы, але галоўную задачу мы там не змаглі выканаць.

Наступным крокам я паехала на Idea Generation Camp, дзе знайшла каманду, якая займаецца 3D-друкам і хоча мне дапамагчы. Зараз мы з імі і працуем. Ужо падрыхтавалі невялікі прататып. Мы вырашылі пачаць з вельмі малога – зрабілі маленькую версію таго, што мусіць быць (пакуль без дызайна). Зараз мы працуем над тэхналогіяй уцяплення, якая мусіць зрабіць кампосцер устойлівым для змянення надвор’я, каб працэс ішоў круглы год.

Мы разлічваем, што кампосцер будзе прыблізна на 500 літраў – у вышыню ён плануецца каля 160 см, у шырыню і глыбіню – паўметра. Наконт дызайна пакуль няма рашэння.

Праблема гэтага праекта ў тым, што многія спецыялісты, з якімі мы ўжо камунікавалі, ўпершыню сутыкаліся з вермікампаставаннем у гарадскіх умовах і кампаставаннем увогуле. І калі я расказваю ім пра праект, ім становіцца няёмка, бо яны адчуваюць сябе не вельмі камфортна – яны разумеюць, што мала пра гэта ведаюць, і баяцца пачаць працаваць.

 californianworms.ru
californianworms.ru

 

Зараз энтузіастам вельмі патрэбна дапамога спецыялістаў – урбанiстаў, дызайнераў-канструктараў. Цяперашняя каманда дапамагае Наталлі па меры магчымасцяў, бо ў iх  ёсць свой перспектыўны праект), але дзяўчына шукае чалавека-кампаньона, які загарыцца ідэяй так жа, як і яна сама.

Звязацца з Наталляй і яе камандай можна тут.

- Цана кампосцера будзе залежыць ад таго, якія матэрыялы пойдуць на ўцяпленне. Той варыянт, які мы тэстуем зараз, - вельмі танны, і калі ён спрацуе, будзе вельмі добра. А калі не... Будзем шукаць нешта іншае. Таксама мы не ўпэўнены, што будзем менавіта прадаваць вермікампосцеры. Нам здаецца, што яны будуць карыстацца большая папулярнасцю як абсталяванне, якое можна ўзяць у арэнду.

Прататып мы робім, канечне, самі. Але калі дойдзе да вытворчасці... трэба думаць. Калі мы вырашым зрабіць спецыфічны дызайн пластыкавага кампосцера, нам давядзецца адліваць форму, і гэта будзе, безумоўна, дорага. Таму мы больш схіляемся да таго, каб набываць просты каркас для кампосцераў, які каштуе ў сярэднім ад 100 да 250 рублёў (на 500 літраў) і дадаваць да яго наш дызайн і нашы тэхналагічныя рашэнні (ацяпленне).

- Што з сябе ўяўляе вермікампосцер знутры?

- Мы для сябе выбралі проста поласць. Вермікампосцеры бываюць розных тыпаў – бывае яшчэ той, дзе ёсць скрыні. Там некалькі скрыняк пастаўлены адна на адну, ух на дне ёсць дзіркі, і чэрві перапаўзаюць задной у іншую знізу ўверх. За сабой унізе яны пакідаюць біягумус, і ніжнюю скрыньку проста дастаюць, а верхнія апускаюць на ўзровень ніжэй. Гэта варыянт для кватэры, і ён не вельмі зручны, калі мы кажам пра вялікія памеры. Даволі часта давядзецца перасоўваць скрыні, і гэта будзе ўсё ж брудна. Таму мы вырашылі спыніцца на звычайнай поласці – гэта будзе проста кантэйнер з крышкай ўнізе, праз якую мы зможам даставаць гатовы біягумус. 

Калі мы будзем выкарыстоўваць вермікампосцеры на 500 літраў, даставаць адтуль біягумус давядзецца дзесьці раз на паўгода. Але гэта тэарэтычныя лічбы, - у рэальнасці на хуткасць яго ўтварэння ўплываюць розныя фактары. І мы зноўку ж вяртаемся да тэмы ўцяплення кантэйнера. Каб чэрві паўнавартасна елі, тэмпература ў кампосцеры мусіць быць ад 15 да 25 градусаў. Калі яна будзе ніжэй, яны будуць есці павольна, альбо зусім адмовяцца ад ежы. Яны не памруць, але ўпадуць у стан анабіёзу, і вермікампосцер не будзе працаваць.

 fineartamerica.com
fineartamerica.com

- Пытанне з зорачкай: навошта гэта самім кавярням? Як іх матываваць?

- Калі адкінуць у бок рацыянальную ідэю аб тым, што гэта карысна для прыроды, мы можам апеляваць да таго, што наш вермікампосцер будзе прыгожым урбаністычным аб’ектам. І калі такі аб’ект з’явіцца побач з кавярняй, гэта будзе як мінімум прыцягваць увагу. Зараз гэта будзе актуальна, бо ўсё больш людзей у Мінску становяцца экалагічна свядомымі. Таксама ўсталяванне такіх вермікампосцераў будзе павялічваць узровень экалагічнай адказнасці ў вачах наведвальнікаў. Гэта гісторыя пра імідж.

Канечне, мы спадзяемся на такіх уласнікаў бізнэсу, для якіх гэта будзе важна з пункту гледжання каштоўнасцяў, але калі гэта не спрацуе так, мы будзем апеляваць да іміджу і экалагічнай адказнасці.

Мы адкрыты для дыялогу з нашымі галоўнымі кліентамі – кропкамі харчавання. Яны могуць паўплываць на развіццё праекта, тэхнічныя характарыстыкі кампосцера і іншае, бо будуць канчатковымі спажыўцамі, для якіх мы і стараемся.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость