У Санкт-Пецярбургу з ткацкай фабрыкі зрабілі офісны цэнтр з дызайнерскімі крамамі (крэатыўная прастора “Ткачи”). Склады і турма на выспе “Новая Голландия” ператварыліся ў галерэі, кавярні, крамы і зону адпачынку. Хлебзавод стаў лофт-праектам “Этажи” з прасторамі для івэнтаў, выстаў, крамамі і другой па вышыні агляднай пляцоўкай у горадзе пасля Ісакіеўскага сабора.
Лофт-праект “Паверхі”
Ён адкрыўся ў 2007 годзе, зрабіўшыся першым і, бадай, самым вядомым лофтам Санкт-Пецярбурга. На пяці паверхах былога корпуса Смольнінскага хлебазавода на Лігоўскім праспекце (пабудаванага ў 1936 – 1938 гадах) размясціліся галерэі, кнігарні, хостел (цяпер рэканструюецца), кавярні, праводзяцца выставы, майстар-класы і лекцыі.
Аглядная пляцоўка на страсе – другая па вышыні ў горадзе пасля Ісакіеўскага сабора. На ёй таксама хапае івэнтаў, ад заняткаў ёгай да народных танцаў. Што дзіўна, па ўмовах, пазначанных на квітку, на страху не пускаюць цяжарных. Спортам займацца там можна толькі з дазволу адміністрацыі. І яшчэ, на радасць ЗОЖ-нікам, на страсе “Паверхаў” не паляць.
На першы погляд “Паверхі” нагадваюць нейкі Шанхай: куча дробных крамак кавяраняк і галерэек. І зверху – прастора страхі. Набыць можна што заўгодна: вельмі разнастайны стрыт-фуд, дызайнерскія рэчы, нейкія сувеніры… Мураншік, не інакш. Акрамя пяціпавярховага будынка лофт-праект мае двор з дробнымі павільёнамі і графіці. Злыя языкі завуць лофт-праект “гандлёва-забаўляльным комплексам” насуперак прэтэнзіям на статус арт-цэнтра, якія заяўляюць мэнэджэры.
Крэатыўная прастора “Ткачы”
Гэта прыватны праект ў рэканструяваным пяціпавярховым памяшканні прадзільна-ткацкай фабрыкі імя Пятра Анісімава, бюст якога стаіць перад будынкам. Будынак узведзены ў 1846 годзе па тыпе ангельскіх фабрык. “Ткачы” працуюць як творчы кластэр з 2010 года, спалучаюць эканафічную эфектыўнасць з сацыяльнай місіяй і культурнай значнасцю. Гэта не так проста: аналагічны праект, прастора “Зорачка” ў корпусе прадзільна-нітачнага камбіната “Савецкая зорка”, ужо зачыніўся.
Сёння “Ткачы” можна назваць крэмніевай далінай пецярбургскіх творчых індустрыі. Тут размешчаны крамы і шоў-румы, офісныя і лекцыйныя памяшканні, амаль тысяча квадратных метраў адкрытай публічнай прасторы Tkachi Open Space. На пляцоўцы праходзяць мастацкія выставы, дабрачынныя акцыі, дзіцячыя святы, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, модныя паказы, канцэрты і музычныя вечарыны, адукацыйныя семінары і майстар-класы, карпаратыўныя мерапрыемствы.
На першым паверсе крэатыўнай прасторы можна набыць эка-касметыку, рэтра- і сток-адзенне, інтэлектуальныя кнігі. Адміністрацыя клапоціцца пра экалогію: перад будынкам – расфарбаваная ў вясёлыя колеры паркоўка для ровараў, на лесвіцы – вазоны з раслінамі.
Выспа “Новая Галандыя”
У 1763 годзе, усяго праз тры дзесяцігоддзі пасля заснавання Санкт-Пецярбурга, распрацоўваецца праект забудовы выспы. Ужо праз два гады ўзводзяць першыя склады. У 1828 – 1830 гадах будуецца круглая ў плане турма (нагадвае вежу Опермана ў Бабруйскай крэпасці), цяпер будынак завуць “Бутэлька”. Там месцяцца кавярні і галерэі. Асабліва цікава гучыць “Румачная ў “Бутэльцы”. У ХІХ стагоддзі яшчэ будуюць складскія памяшканні. Да Другой сусветнай вайны будынкі выкарыстоўвалі і мадэрнізавалі, а потым яны паступова прыходзілі ў заняпад.
Яшчэ ў 1977 годзе прагучала прапанова архітэктара Веніяміна Фабрыцкага перадаць выспу гораду. Аднак перадача “Новай Галандыі” гарадской адміністрацыі адбылася толькі ў 2004 годзе. У 2011-м выспа адкрываецца для наведвальнікаў, з 2016-га яна працуе круглы год. Улетку на сажалцы пасярод вострава робяць пляж, узімку – каток.
Асяродак працуе дзеля прасоўвання сучаснага мастацтва праз выставы, выгляд некаторых будынкаў – з графіці ці пластыкавымі смаўжамі на фасадзе. Тут ёсць музей “Лічбавыя рашэнні для культуры”. Бываюць фестывалі інтэлектуальнай кнігі. На тэрыторыі ўсталяваны кантэйнеры для асобнага збору смецця і высаджаны сад зёлак.
У інфацэнтры можна набыць буклет і даведацца пра расліны. На газонах Новай Галандыі сядзець можна! Тэрыторыя прыстасавана для адпачынку сям’ёй, дзейнічаюць дзіцячыя пляцоўкі, на вуліцы стаяць сталы для малога тэнісу.
Прыклад Санкт-Пецярбурга паказвае, што ў горадзе можа быць шмат крэатыўных прастораў, нават з даволі падобнай канцэпцыяй, і ўсе яны будуць запатрабаваныя сваім колам публікі. І не абавязкова ўсе гэтыя прасторы змяшчаць на адной вуліцы, як у Мінску. Хаця кластэрнасць яшчэ ніводнаму бізнэсу, нават крэатыўнаму, не зашкодзіла.
Іншыя тэксты серыі: