01.02.2023 / 08:02

Зялёны партал вывучыў досвед Малдовы і Арменіі.

Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Поспехаў у барацьбе са змяненнем клімату можна дасягнуць рознымі шляхамі. У гэтым могуць дапамагчы разнастайныя комплексныя праграмы дапамогі, новыя тэхналогіі, а таксама змены ў заканадаўстве.

Важную ролю ў гэтай барацьбе займае супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з насельніцтвам, з тымі, хто жыве ў гарадах і мястэчках, і карыстаецца рознымі паслугамі.

 

Як адміністрацыя сяла ў Малдове супрацоўнічае з яго жыхарамі

Першыя гарады Малдовы далучыліся да «Пагаднення мэраў па клімату і энергіі», якое аб'ядноўвае гарады і адміністрацыі па ўсім свеце, каб дасягнуць мэтаў ЕЗ па зніжэнні выкідаў СO2, у 2011 годзе. У 2021 годзе колькасць падпісантаў пагаднення павялічылася да 68. Такім чынам ЕЗ падтрымлівае гарады, сёлы і іх жыхароў, што імкнуцца ўносіць змены і праяўляць ініцыятыву ў пытаннях клімату і энергіі, каб забяспечыць больш устойлівую будучыню.

Сяло Сірэць знаходзіцца ў Страшенскім раёне Рэспублікі Малдова што паблізу ад Кішынёва.  Яно далучылася да «Пагаднення мэраў па клімату і энергіі» адносна нядаўна - у 2020 годзе. Мясцовыя ўлады зрабілі стаўку на рэканструкцыю і мадэрнізацыю вулічнага асвятлення і будаўніцтва сонечнай фотаэлектрычнай станцыі магутнасцю 20кВт. Але не абмежаваліся толькі гэтым, наладзіўшы супрацу з супольнасцю.

Як распавёў падчас канферэнцыі, прысвечанай 10-годдю “Пагаднення мэраў” кіраўнік адміністрацыі сяла Леанід Баагі, каб знізіць выкарыстанне жыхарамі сяла традыцыйных відаў паліва, асабліва газу, мясцовыя ўлады рэгулярна праводзілі інфармацыйныя сэсіі і канферэнцыі, актыўна ўцягвалі грамадзян у магчымасць прымаць рашэнні і ўдзельнічаць у развіцці таго месца, дзе жывуць.

«У Сірэці мы далучаем жыхароў да ўсіх праектаў, інфармацыйна і, па магчымасці, фінансава. Мы праводзім сустрэчы на тэрыторыі камуны, дзе інфармуем жыхароў аб розных праблемах, тлумачым магчымасці і спрабуем разам знайсці рашэнні», - распавёў Леанід Баагі.

Сяло Сірэць. Фота - Вікіпедія
Сяло Сірэць. Фота - Вікіпедія

Таксама ў сяле паспяхова была вырашана праблема з вывазам і сартаваннем смецця. Гэтая даўняя праблема Малдовы, якая закранае шмат якія населеныя пункты. Часткова з-за таго, што не наладжана сістэма кіравання адходамі, часткова – з-за павялічвання колькасці адходаў, часткова – з-за саміх жыхароў, якія часам не разумеюць, навошта гэта рабіць, альбо лічаць, што плата за вываз смецця занадта высокая і выкідаюць смецце на збочыны дарог.

Несанкцыянаваныя сметнікі наносяць шкоду не толькі асяроддзю, але і самім людзям. Узровень шкодных рэчываў, якія змяшчаюць аміяк, на многіх сельскіх стыхійных звалках можа перавышаць норму ў 500 разоў. Гэта прывозіць да цяжкіх наступстваў для здароўя насельніцтва.

Згодна з дадзенымі за 2017 год, узровень захворванняў на анкалогію ў Малдове за пяць гадоў узрос на 40 адсоткаў, што звязваюць у тым ліку з адходамі і забруджваннем зямлі, падземных вод, паветра.

Вырашаць праблему несанкцыянаваных звалак можна праз увядзенне штрафаў. Але адміністрацыя сяла Сірэць абрала іншы шлях – супраца з насельніцтвам, інфармаванне і адукацыйныя кампаніі, якія вяліся на працягу некалькіх гадоў. І  гэта спрацавала.

Сяло Сірэць
Сяло Сірэць

Больш за палову хатніх гаспадарак сяла падпісала дагаворы з арганізацыяй Salub Sireți, якая вывозіць смецце. Калі параўноўваць з суседнімі сёламі – Трушэны і Зубрэшты, там дагаворы падпісала значна менш за палову гаспадарак.

Таксама ў сяле ўсталявалі дадатковыя кантэйнеры для пластыка і выдзелілі памяшканне, дзе збіраюць электронныя адходы і выкарыстаныя батарэйкі.

З 2019 па 2020 год было праведзена каля 10 сходаў, дзе жыхарам распавядалі, чаму важна сартаваць смецце.

На дадзены момант у Малдове рэалізуецца «Нацыянальная Стратэгія па кіраванні адходамі Рэспублікі Малдова на 2013-2027 гады», якая прадугледжвае стварэнне ў Малдове васьмі зон па кіраванні адходамі. Так да 2027 года ўлады плануюць стварыць службы па зборы адходаў, скараціць колькасць адходаў на звалках і ўвесці сістэму перапрацоўкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага звяза.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) выдзеліў Малдове крэдыт у памеры 100 мільёнаў еўра на развіццё сістэм кіравання адходамі і ўкараненне гэтай стратэгіі.

Стыхійная звалка
Стыхійная звалка

Акрамя іншага, для паспяховай супрацы з насельніцтвам мэрыя Сірэці праводзіць кампаніі па азеляненню, ладзіць сустрэчы з жыхарамі, стварае групы ў сацыяльных сетках. У 2021 годзе ў сяле быў створаны «Моладзевы клуб», падтрымка клуба сеньёраў (сталых людзей), таксама развіваецца пост пажарнікаў- дабраахвотнікаў.

Леанід Баагі адзначае, што “удзел грамадзян у рэалізацыі мясцовай палітыкі дае ім магчымасць лепей разумець існуючыя праблемы, і асабліва кліматычныя праблемы”.

“Таму што гэтыя кліматычныя змены закранаюць усіх нас. Экалагічная сельская гаспадарка, лесаразвядзенне, вадаахова, арашальныя сістэмы, фотаэлектрычныя паркі – неабходныя інвестыцыі, і добрае разуменне жыхарамі гэтых праблем падвышае ступень і патэнцыял іх рашэння”.

 

Жанчыны Арменіі ў барацьбе са змяненнем клімату

Яшчэ адзін удалы прыклад супрацы з мясцовымі супольнасцямі - праекты армянскай некамерцыйнай грамадскай арганізацый «Жанчыны ў клімаце і энергіі», якая аб'ядноўвае больш за 100 жанчын і дзяўчын.

Дзейнасць арганізацыі накіравана на тое, каб падтрымліваць жанчын і моладзь, якія працуюць у галіне энергетыкі і клімату, распрацоўваць праграмы па змякчэнню наступстваў змены клімату, праводзіць даследаванні ў галіне энергетыкі і клімату, а таксама арганізоўваць сацыяльныя, адукацыйныя праграмы для грамадзян.

У 2020 годзе арганізацыя пры фінансавай падтрымцы «Праграмы малых грантаў» ПРААН запусціла праграму «Зялёныя навыкі для моладзі» у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, навукі, культуры і спорту.

Праект рэалізоўваўся ў дзесяці школах Арменіі. Для настаўнікаў фізікі былі распрацаваныя вучэбныя матэрыялы і арганізаваныя анлайн-курсы, якія праводзілі ў тым ліку і пры дапамозе экспертаў у галіне змянення клімату Праграмы развіцця ААН і «Фонду аднаўляльнай энергіі і энергазберажэння Арменіі».

Курсы для школьнікаў Арменіі
Курсы для школьнікаў Арменіі

Па сканчэнні курсаў у школах пад кіраўніцтвам настаўнікаў былі сфарміраваны «зялёныя» каманды, у якія ўваходзіла каля дзесяці вучняў. Удзельнікі каманд праходзілі навучальны курс з пяці практычных і пяці тэарэтычных заняткаў, падчас якога даведаліся пра змяненні клімату, зялёныя тэхналогіі, прайшлі трэнінг па энергаэфектыўнасці і аднаўляльнай энергіі, дазналіся, як праводзіць энергетычную ацэнку і як эфектыўна прэзентаваць свой праект.

Перад камандамі стаяла мэта не толькі атрымаць адмысловыя веды, але правесці даследаванне па энергаспажыванню ў сваіх школах, якое дазволіла б выявіць асноўныя страты цяпла будынкаў і крыніцы неэфектыўнага выкарыстання энергіі.

У выніку даследаванняў вучні і настаўнікі са сваімі камандамі распрацавалі планы павышэння энергаэфектыўнасці сваіх школ, якія прадставілі на конкурс «Зялёныя тэхналогіі ў школе».

Чатыры школы-пераможцы атрымалі магчымасць рэалізаваць свае праекты на практыцы. У некаторых школах былі ўсталяваныя сонечныя электрастанцыі магутнасцю 5,46 кВт і 10 кВт, замененыя вокны і праведзена цеплаізаляцыя даху, устаноўленыя энергаэфектыўныя светадыёдныя свяцільнікі.

Кіраўнік праектаў Нунэ Саканян адзначае, што праект накіраваны на тое, каб павысіць дасведчанасць моладзі ў пытаннях змянення клімату для развіцця зялёных навыкаў, што дазволіла бы ім распрацаваць праекты для сваіх школ, каб i далей удзельнічаць у прыняцці рашэнняў па энергаэфектыўнасці і мець магчымасць рэалізаваць свае ідэі на практыцы.

Праграма спрыяла таму, што зялёны рух пачаўся ў іншых школах Арменіі, узмацнілася адказнасць студэнтаў за асяроддзе, у якім яны жывуць, змянілася мысленне і стала фарміравацца новая культура.

Акрамя навучальных праектаў, арганізацыя «Жанчыны ў клімаце і энергіі» праводзіць даследаванні аб уплыве чалавека на навакольнае асяроддзе.

Адно з іх – вывучэнне антрапагеннага ціску на возера Севан у рамках праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя возера Севан» (EU4Sevan) Нямецкага таварыства міжнароднага супрацоўніцтва (GIZ). На аснове сабраных дадзеных і спадарожнікавых здымкаў была складзена карта наземнага покрыва і антрапагеннага ўздзеяння.

Смецце на возеры Севан
Смецце на возеры Севан

Гэтыя даследаванні праводзіліся ў Гаварскай вобласці ў эксперыментальным парадку. У выніку распрацаваная методыка і працэс будуць выкарыстоўвацца ў далейшым для распрацоўкі карты антрапагеннага ўздзеяння на іншыя тэрыторыі.

У 2022 годзе арганізацыя правяла яшчэ адно даследаванне, якое рэалізуецца ў рамках праграмы BSB-884 «Сумесны маніторынг аховы навакольнага асяроддзя ў краінах басейна Чорнага мора», і фінансуецца Еўрапейскім звязам.

Маніторынг дазволіў вывучыць уздзеянне адходаў на тэрыторыі нацыянальнага парку «Дыліжанскі» на біяразнастайнасць, інвазіўныя віды і віды-індыкатары, а таксама наземныя, паветраныя і водныя экасістэмы.

«Дыліжанскі нацыянальны парк» знаходзіцца на паўночным усходзе Арменіі ў басейне рэк Агстэў і Гецік і быў заснаваны для абароны букавых і дубовых лясоў, цісавых гаёў і горных азёр.

Падчас даследавання было выяўлена, што адходы і смецце займаюць першае месца сярод крыніц забруджвання. Вывучэнне складу смецця паказала, што ў месцах збору больш за ўсё будаўнічага смецця і металалому, а вялікія плошчы паблізу турыстычных маршрутаў, сцежак занятыя аднаразовымі адходамі: посудам, пластыкавымі бутэлькамі, кантэйнерамі, пакетамі.

З усяго гэтага даследчыкі зрабілі выснову, што першачарговай праблемай забруджвання навакольнага асяроддзя застаецца праблема ўстаноўкі смеццевых бакаў і вывазу смецця з мэтай раздзельнага збору.

За сваю дзейнасць у 2022 годзе арганізацыя і яе члены атрымалі ўзнагароды.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость