01.07.2015 / 11:07

Знайсці для сябе кнігу па душы, здаць адпрацаваныя батарэйкі і даведацца больш пра адходы — ўсё гэта можна было зрабіць на 9-м мінскім бясплатным кірмашы, што прайшоў у мінулую нядзелю ў бары «ДК».

На гэты раз арганізатары Free market'а асаблівую ўвагу вырашылі ўдзяліць актуальным экалагічным праблемам сучаснага грамадства, а менавіта, збору і перапрацоўцы адходаў. З гэтай мэтай уся інфармацыйная частка кірмашу была тэматычна прысвечана цікавым і карысным ініцыятывам, што сёння актыўна развіваюцца ў Беларусі і накіраваны не толькі на збор і перапрацоўку другасных рэсурсаў, але і асвету грамадства па гэтых пытаннях.

Цяжка сабе ўявіць, але штогод у нашай краіне ўтвараецца каля 4 мільёнаў тон камунальных адходаў. Гэта лічба эквівалентна жалезнадарожнаму саставу, які складаецца з 50 тысяч вагонаў даўжынёй 690 кіламетраў, што больш па працягласці Беларусі з захаду на ўсход.

«Калі паглядзець на працэнтную складаючую адходаў, то 42% належаць рэшткам ежы, сапсаваным прадуктам і ўсяму таму, што прынята называць арганічным смеццем. Каля 22% — гэта маса разнастайных відаў пакункаў: палімерных, шкляных, папяровых і металічных. І 28% займаюць адходы, якія амаль немагчыма падзяліць на асобныя фракцыі: памперсы, пакеты «Тэтрапак». На жаль, сюды ж адносяцца і адходы, якія трапляюць пад катэгорыю другасных, але «сапсаваныя» арганічным смеццем. Гэта робіць немагчымым іх перапрацоўку, — распавяла Марыя Сума з установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў». — Вядома, сітуацыю з апошнім можна выправіць, калі кожны з нас пачне сартыраваць смецце ў сябе дома».

Яна кажа, што ў свеце пакуль не існуе больш эфектыўнага і экалагічнага спосабу абыходжання са смеццем, чым індывідуальная сартыроўка адходаў. Бо такі метад дазваляе захоўваць прыродныя рэсурсы і дае рэчам «новае» жыццё. На жаль, пакуль найбольш распаўсюджаным рашэннем праблемы, як у нашай краіне, так і за мяжой, з'яўляецца вываз і захаванне адходаў на палігонах.

«Такім чынам чалавецтва паступае антыэкалагічна і нерацыянальна, бо мы ў літаральным сэнсе закопваем рэсурсы, якія могуць быць нам карыснымі. Акрамя гэтага, на палігонах часта парушаюцца санітарныя нормы, што вядзе да шматлікіх захворванняў насельніцтва. У галабальным маштабе звалкі адходаў маюць адмоўны ўплыў і на клімат, бо ўтрымліваюць вялікую колькасць метану і вуглякіслага газу, якія вядуць да яго змянення», — патлумачыла Марыя.

Нельга лічыць экалагічным і працэс спальвання адходаў, бо ён патрабуе вялікага фінансавага ўкладу ў яго арганізацыю адпаведным нормам, якія прадугледжваюць выкарыстанне спецыяльнага абсталявання, ачыстку выкідаў і ўтылізацыю пабочнага прадукту — попелу, насычанага шкоднымі рэчывамі. Нягледзячы на тое, што пры спальванні смецця магчыма атрымоўваць энергію, якую ў далейшым чалавецтва можа выкарыстоўваць у якасці альтэрнатыўнай крыніцы, менавіта такі спосаб абыходжання з адходамі з'яўляецца найбольш шкодным для наваколля і здароўя людзей.

На сёння ў Беларусі створаны амаль усе ўмовы для збору не толькі дробных другасных рэсурсаў, але і такіх буйнагабарытных і шкодных адходаў, як бытавая тэхніка і электрапрыборы. Праблема са зборам і перапрацоўкай адпрацаванага абсталявання стала асабліва актуальнай у ХХІ ст., калі тэрмін выслугі тэхнікі штучна скарачаецца больш новымі мадэлямі. Штогод у Беларусі ўтвараецца ля 50 тысяч тон электраадходаў, якія ў большасці сваёй патрапляюць на палігоны. Аднак спецыялісты адзначаюць, што гэта не толькі нерацыянальна з пункту гледжання захламлення звалак рэсурсамі, што ўтрымліваюць у сабе каштоўныя і каляровыя металы, але і небяспечна для асяроддзя і жывых арганізмаў праз цяжкія металы і пластык.

На працягу апошніх 15 год зборам і перапрацоўкай электраабяталявання ў нашай краіне займаецца ААТ «БелВТІ». Дзякуючы даступнасці паслуг кампанія за 2014 год сабрала ад насельніцтва і накіравала на перапрацоўку ля 660 тон старой і непрацоўнай тэхнікі. Нягледзячы на тое, што працэс вымання карысных рэсурсаў з такога кшталту адходаў з'яўляецца цяжкім і працаёмкім, праводзіцца ўручную, аднак з экалагічнага і эканамічнага пунктаў гледжання ён цалкам апраўдвае сябе.

«Пачынаючы з 2015 года ААТ «БелВТІ» распачало таксама збор адпрацаваных батарэек і энергазберагаючых лямпачак, якія ўтрымліваюць ртуць. Так, за сакавік-май бягучага года кампанія сабрала больш за 3 тоны элементаў сілкавання і 3000 лямп, якія перадала ў спецыялізаваныя арганізацыі», — дадала прадстаўнік «БелВТІ» Дар'я Капціліна.

У хуткім часе ў Беларусі таксама можа з'явіцца збор і перапрацоўка ўпакоўкі ад вадкіх харчовых прадуктаў — «Тэтрапак». Замежную практыку па расшчапленню такога віду пакавання на цэлюлозу, цэлафан і алюміній, а таксама далейшае выкарыстанне гэтых рэсурсаў збіраецца пераняць ААТ «БЕЛГІПС». Сёння яно займаецца цэнтралізаваным зборам макулатуры і кніг ад навельніцтва праз спецыяльныя «зялёныя» кантэйнеры, дзякуючы чаму ўжо было сабрана больш 70 тон папяровых рэсурсаў.

«Наш праект дапамог людзям усвядоміць каштоўнасць другасных матэрыяльных рэсурсаў і звярнуць увагу на неабходнасць іх збору, а таксама на тое, што можна дзяліцца з іншымі людзьмі тымі ж кнігамі, — падзялілася Лілія Сёмачкіна, намеснік дырэктара ТАА «БЕЛГІПС-ЭКА». — Новае жыццё ўжо атрымалі ля 3000 кніг, якія мы вынялі з кантэйнераў і перадалі разнастайным сацыяльным цэнтрам і ўстановам».

Акрамя гэтага, не варта забываць, што існуюць і альтэрнатыўныя спосабы абыходжання з непатрэбнымі рэчамі, якія ў большасці сваёй людзі звыклі адпраўляць у вядро для смецця, хаця яны яшчэ могуць паслужыць іншым. Практыка бясплатных кірмашоў, якая літаральна за год распаўсюдзілася па ўсёй краіне, наглядна паказвае, што ўзаемадапамога і прынцып «эканомікі дара» — гэта выдатная замена існуючым рыначным адносінам, выхаванне ашчаднага стаўлення да рэсурсаў нашай планеты і адмаўлення ад культуры празмернага спажывання.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость