01.11.2016 / 13:11

Сёння, 1 лістапада, адзначаецца Сусветны дзень вегана. Пачынаючы з 1994 года ў гэты дзень у многіх краінах праводзіцца шэраг адукацыйна-інфармацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю этычных адносін да ўсяго жывога. У нашай краіне культура адмаўлення ад ужывання прадуктаў жывёльнага паходжання стала папулярнай не так даўно. Аднак і сярод беларусоў ёсць тыя, хто быў веганам яшчэ да таго, як гэтая з'ява стала мэйнстрымам.

Сусветны веганскі дзень — штогод адзначаюць ва ўсім свеце ў дзень рэгістрацыі дабрачыннай брытанскай арганізацыі «Веганскае таварыства», што была створаная яшчэ ў 1944 годзе. У сваёй дзейнасці арганізацыя імкнецца папулярызаваць веганскую культуру і падтрымліваць яе з дапамогай лакальных кантактаў. Дзякуючы намаганням прыхільнікаў, у гандлёвай галіне з'явіўся спецыяльны лагатып — сланечнік з лацінскай літарай «V», якім маркіруюцца веганскія прадукты. «Веганскае таварыства» вядзе таксама свой спіс тавараў пад назвай «Animal Free Shopper», якія даступныя для набыцця ў Велікабрытаніі.  

Дарэчы, Сусветны дзень вегана завяршае Месяц вегетарыянскай свядомасці (вегетарыянскага ўсведамлення), які пачаўся 1 кастрычніка ў Сусветны дзень вегетарыянства.

Ганна Шастак — адна з першых, хто ў Мінску распачаў развіваць вегетарыянска-веганскі рух. Яна арганізоўвала тэматычныя мерапрыемствы і святы на пляцоўцы МАЦ «Фіяльта» яшчэ ў пачатку 2010-х.

«У той час, рыхтуючыся да Сусветнага дня вегана, мы імкнуліся данесці да людзей, што неабавязкова кагосці есці, жыццё без гэтага можа быць лепей. Тады было вельмі весела, і была бачная карысць ад мерапрыемстваў. Вядома, не ў той ступені, у якой хацелася б. А хацелася, каб усё адразу сказалі: “Так! Есці жывёл — гэта не справа, а глупства нейкае!” — і ўжо ніколі не ішлі ў краму за мясам. Зараз я разумею, што такое рашэнне не заўсёды прымаецца хутка, людзям патрэбны час. Грамадству ён неабходны, каб звыкнуцца з іншым спосабам харчавання. А ў эпоху, калі амаль у кожнага ёсць інтэрнэт і доступ да любой інфармацыі, старацца штосьці патлумачыць лічу бессэнсоўным. Бо калі сам чалавек не гатовы, калі няма ўнутранага разумення, што тое, як паводзіць себя большасць, гэта няправільна, размовы ні ў чым не пераканаюць. Таму сёння штодня ў мяне Дзень вегана. Бо не ў святах жа справа, а ў кожным дне! Калі мы робім выбар і паказваем тым, хто побач, што быць веганам — гэта цудоўна і зусім нескладана. Бо калі ты кажаш, што любіш жывёл, ты на самой справе не маеш на ўвазе: коцікі мілыя, а свінні так сабе», — распавядае Ганна.

Сама яна прыйшла да веганства, як, бадай што, большасць, — пасля перыяду вегетарыянства і разумення таго, што ў гэтай справе ў першую чаргу важнае спачуванне да жывых істот, а не да самаго сябе. Па словах дзяўчыны, жаданне есці торты не можа быць важней за жывёл.

Не адрозніваецца 1 лістапада нічым іншым ад звычайных дзён і для Алёны Дубовік, што «веганіць» з 2012 года.

«Я не выдзяляю гэты дзень з астатніх маіх веганскіх. Ніколі не адзначала яго і не была ў нейкім руху, проста не адчувала ў гэтым патрэбы. Мне не падабаецца шмат казаць ці некага вучыць, агітаваць. Звычайна я распавядаю пра веганства, калі ў мяне пытаюцца, ці паспрабавалі нейкую страву і хочуць даведацца рэцэпт», — зазначае яна.

Тым больш што, як падкрэслівае Алёна, яе матывацыя не адрозніваецца ад большасці веганаў: не абыходзіцца жорстка з жывёламі, бо яны такія ж жывыя істоты, як і людзі.

«Калі мне нехта кажа, што жывёлы здольны забіць чалавека, я лічу гэта натуральным адборам. Звер жа не нападзе на людзей з ружжом ці халоднай зброяй», — дадае яна.

Наконт стэрэатыпу пра харчовыя абмежаванні ў веганстве дзяўчаты таксама цвёрда адказваюць, што іх няма. Калі для Ганны самай любімай стравай сталі пірагі яе мамы, то для Алёны гэта хутчэй справа настрою.

«Адзінай і самай любімай стравы ў мяне няма: усё залежыць ад настрою. Магу прыгатаваць тушаныя баклажаны з памідаромі, катлеты з морквы ці грэчкі, дранікі з соевай смятанай, суп, памазуху, катлеты з сачавіцай, макароны па-флоцку, піражкі са шпінатам, грыбамі і цыбуляй, гарбузовы пірог, штрудзель і шмат чаго іншага», — падкрэслівае яна.

У Сусветны дзень вегана вы можаце пакаштаваць, наколькі смачныя веганскія стравы, згатаваўшы іх па рэцэптах з нашага праекта «VeganFood».

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская, адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость