02.09.2020 / 15:09

Надзея Луцковіч, сакратар дырэктара Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук, была звольнена 1-га верасня за сваю грамадскую пазіцыю.

У гэтай жа ўстанове працуюць эксперты, якія часта даюць каментары Зялёнаму парталу. Надзея распавядае пра ціск на супрацоўнікаў і тое, як змянілася атмасфера ў інстытуце пасля выбараў.

Я паўгода адпрацавала сакратаром прыёмнай дырэктара Інстытута генетыкі Руслана Шэйко. У нас былі вельмі добрыя працоўныя адносіны, Руслан Іванавіч сам па сабе добры чалавек. Але пасля выбараў ён вельмі моцна памяняўся.

Супрацоўнікі Акадэміі навук і даследчыкі з іншых устаноў падпісалі адкрыты зварот супраць фальсіфікацый выбараў і гвалту. Я таксама паставіла подпіс.

Наколькі мне вядома, ніякіх санкцый менавіта за гэта ў нашым інстытуце не было. Была гутарка з працоўным калектывам: старшыня прэзідыума Уладзімір Гусакоў выклікаў дырэктароў інстытутаў, наш дырэктар сабраў кіраўнікоў лабараторый, каб давялі інфармацыю да падначаленых. Казалі, каб не падпісвалі зварот, не выходзілі да прэзідыума…

З 14 жніўня кожны працоўны дзень работнікі Акадэміі навук збіраюцца ў абед на акцыі салідарнасці ўздоўж праспекта Незалежнасці ля прэзідыума ўстановы. Яны выказваюць нязгоду з вынікамі выбараў і патрабуюць расследавання гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.

Я хадзіла амаль на кожную акцыю, акрамя пары дзён, якія брала за свой рахунак і з’язджала з Мінска. Яшчэ ў першы дзень нашага выхаду да прэзідыума дырэктар спытаў мяне, ці не збіраюся я туды ісці. Я адказала, што збіраюся. Ён прасіў не хадзіць. Але я, вядома, пайшла.

З маімі калегамі, якія хадзілі на акцыі, гутарылі і сам дырэктар, і яго намеснікі Алена Гузенка і Генадзь Ласута. Угаворвалі не ўдзельнічаць у ланцугах салідарнасці, казалі, што здымуць надбаўкі да заробку. Выклікалі па адным, не кожны дзень. Разліковых лісткоў супрацоўнікі пакуль не бачылі. Я атрымала аванс меншы, чым звычайна.

Два тыдні нас ніхто не чапаў, але 27 жніўня спрабавалі затрымліваць людзі ў цывільным адзенні з мікрааўтобуса без нумароў. 28 жніўня мы вырашылі змяніць фармат акцыі і зладзілі “дзень лазні”: прайшліся па праспекце з ручнікамі, венікамі і шапачкамі для парылкі, тэматычнымі плакатамі, спрабуючы паказаць, што ўлады забрудзілі сябе гвалтам і рэпрэсіямі.

Чамусьці менавіта гэта акцыя асабліва раз’юшыла кіраўніцтва Інстытута генетыкі. У гэты ж дзень мне паведамілі, што пераводзяць працаваць на нашу эксперыментальную базу, на месца супрацоўніцы ў дэкрэтным адпачынку, а ў лютым, калі сканчваецца мой кантракт, яго не працягнуць.

Далі заяву, ужо напісаную ад майго імя. Я адмовілася яе падпісваць. Тады сказалі, будуць думаць, што са мной рабіць. Да гэтага казалі маім калегам, што працэс майго звальнення ўжо запушчаны.

Дзве супрацоўніцы Інстытута генетыкі 28 жніўня напісалі заяву на звальненне па згодзе бакоў. Адна з іх яшчэ два тыдні будзе адпрацоўваць. Яна кажа, што даўно планавала звальняцца, ціск у сувязі з акцыямі салідарнасці проста стаў апошняй кропляй. Другая звальняцца не хацела, на яе націснулі. Але ў выніку яна засталася працаваць, пра гэта паведамілі адразу пасля акцыі салідарнасці ля Інстытута генетыкі 31 жніўня.

У гэты дзень вырашылі замест традыцыйнага абедзеннага ланцуга ля прэзідыума прыйсці да нас. Тым часам у кабінеце нашага дырэктара сабраліся намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі Аляксандр Кільчэўскі, кіраўнік аддзялення біялагічных навук НАН Уладзімір Торчык, адміністрацыя нашага інстытута.

Намесніца дырэктара Алена Гузенка глядзела, колькі людзей сабралася на акцыю, што ўвогуле робіцца ў фае і на прыступках інстытута, і паведамляла ў кабінет дырэктара. Я не ведаю, што дакладна абмяркоўвалі на гэтым паседжанні, разышліся яны пасля тако, як сышлі пратэстоўцы.

Мабыць, я магла б застацца працаваць, але гэта было цяжка, калі на цябе проста дыхаюць нянавісцю. Дапамагаць дырэктару, насіць яму гарбату, калі ты ведаеш, што чалавек падтрымлівае гвалт, не выказвае сваю пазіцыю, рэпрэсуе людзей, якія маюць сумленне выйсці і выказацца супраць у свой абедзенны час… Я проста не змагла. Напісала заяву на звальненне па згодзе бакоў 1-га верасня, мне яе адразу ж падпісалі, і гэта быў мой апошні працоўны дзень.

Нават не ўяўляю, што будзе далей з супрацоўнікамі інстытута генетыкі, якія маюць актыўную грамадскую пазіцыю. Але вельмі спадзяюся, што з-за страху разгалошвання іх кранаць больш не будуць. Прынамсі пакуль. А там ужо і наша возьме.

Гэта сітуацыя дапамагла мне пабачыць, наколькі цудоўныя людзі са мной працуюць. Добрыя, моцныя і смелыя. Яны вытрымалі ўжо столькі размоў з пагрозамі, столькі псіхалагічнага ціску, але ж усё роўна не адступаюць ад сваіх перакананняў. Гэта заслугоўвае павагі!

А яшчэ менавіта дзякуючы ім і сваёй сям'і я перажыла ўсё, што адбывалася апошнія дні. Мае калегі моцна мяне падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць, дапамагаць. Упэўненая, што менавіта дзякуючы такім людзям Інстытут і генетыка жыве, прыкра, што адміністрацыя гэтага не разумее.

Автор:
Фотограф:
З архіву гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость