03.05.2016 / 16:05

Нягледзячы на тое, што глабальная беларуская ўборка прайшла ў пачатку красавіка, арганізацыйны камітэт «Зробім!» заклікае актывістаў і далей прыбірацца ў месцах несанкцыянаваных звалак. Акрамя гэтага, аб'яўлены пошук смелых і апантанных людзей для каардынацыі правядзення ўборак у сваіх гарадах.

Акцыя «Зробім!» — гэта беларуская частка міжнароднага руху «Let's do it!», мэта якой — цалкам пазбавіцца ад такой з'явы, як несанкцыянаваныя звалкі ў лясах і месцах масавага адпачынку людзей. Сваю гісторыю рух вядзе з Эстоніі, калі ў 2008 годзе ў адзін дзень прыбірацца выйшлі 50 тысяч чалавек, якія літаральна за пару гадзін ачысцілі краіну ад смецця, сабраўшы пры гэтым 10 тысяч тон смецця.

У Беларусі «Зробім!» з 2012 года мае свой арганізацыйны камітэт, які складаецца з шэрагу грамадскіх арганізацый. Ён дапамагае ўсім жадаючым правесці ўборку ў сваім горадзе ці мастэчку: ад збору і распаўсюджання інфармацыі пра валанцёрскую ініцыятыву да забеспячэння мяшкамі і пальчаткамі. Аднак камітэт не ў сілах ахапіць кожную кропку ў рэспубліцы і аказаць неабходную падтрымку без належнай каардынацыі. Асабліва з улікам таго, што ў 2018 годзе глабальны рух «Let's do it!» мае на мэце прыцягнуць да ўборак 5% насельніцтва планеты і, адпаведна, 5% беларусаў.

У нашых рэаліях гэта лічба павінна скласці 474 935 чалавек.

Менавіта з гэтых прычын сёння акцыі «Зробім!» неабходныя людзі, якія маглі б акумуляваць інфармацыю аб колькасці запланаваных уборак, напярэдадні клапаціцца пра забеспячэнне ўдзельнікаў усім неабходным інвентаром, весці камунікацыю з мясцовымі органамі ўлады і падбіваць канчатковую статыстыку па сканчэнні акцыі.

Такім чынам, у абавязкі каардынатараў уваходзяць:

  • камунікацыя з арганізатарамі і ўдзельнікамі ўборак непасрэдна перад правядзеннем акцыі, на яе працягу і пасля;
  • аказанне падтрымкі арганізатарам па правядзенні акцыі, напрыклад, своечасова падаць звесткі ў арганізацыйны камітэт, па неабходнасці забяспечыць тую ці іншую кропку мяшкамі для смецця і пальчаткамі;
  • камунікацыя з мясцовымі органамі ўлады да і пасля правядзення акцыі (пры неабходнасці);
  • камунікацыя з мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі;
  • камунікацыя з аргкамітэтам акцыі «Зробім!»;
  • падлік колькасці кропак па ўборках і ўдзельніках у горадзе і яго ваколіцах.

У сваю чаргу арганізацыйны камітэт будзе аказваць усялякую дапамогу каардынатарам, у тым ліку:

  • падаць ліст падтрымкі ў правядзенні акцыі ад вышэйшага дзяржаўнага органа, напрыклад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ці Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
  • забяспечыць інфармацыйнымі матэрыяламі і падказкамі/інструкцыямі, якія дазволяць арганізаваць уборку;
  • забяспечыць удзельнікаў неабходным інвентаром: пакетамі і пальчаткамі;
  • уключыць інфармацыю пра ўборкі ва ўсе прэс- і пост-рэлізы акцыі;
  • аказваць экспертную падтрымку па экалагічных пытаннях, напрыклад сартыроўцы смецця (пры неабходнасці).

Калі вас сапраўды хвалююць праблемы несанкцыянаваных звалак, вы паздзяляеце прынцыпы і каштоўнасці акцыі «Зробім!», вам хочацца паспрабаваць сябе ў ролі каардынатара ў сваім горадзе, пішыце на паштовую скрыню: zrobimbelarus@gmail.com. У лісце раскажыце, у якім рэгіёне вы жадалі б кіраваць акцыяй, які ў вас досвед такой працы, а таксама пакіньце свае кантактныя дадзеныя.

Больш інфармацыі пра саму акцыю «Зробім!» можна даведацца на сайце letsdoit.by.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся: +37529 114 15 47 — Надзея Дубоўская (Недзяржаўная ўстанова «Цэнтр экалагічных рашэнняў»); +37529 129 16 10 — Ганна Дапшэвічуце (Таварыства «Зялёная сетка»); +37529 342 20 92 — Хрысціна Чарняўская (Таварыства «Зялёная сетка»); +37529 706 73 11 — Стас Гарэлік (Фонд «Інтэракцыя»).

Автор:
Фотограф:
Інга Ягорава
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость