03.08.2021 / 14:08

Якасць і ход працаў па барацьбе з баршчавіком абмеркавалі падчас чарговага суда над Сцяпанам Латыпавым – арбарыстам і спецыялістам па інвазіўным баршчавіку, якога затрымалі на Плошчы Перамен пасля яго дыялогу з міліцыяй. Пераказваем паводле допісаў тэлеграм-канала "Новы час".

Сёння, 3 жніўня, працягваецца суд над жыхаром аднаго з дамоў каля Плошчы Перамен у Мінску Сцяпанам Латыпавым. Адно з абвінавачванняў супраць Сцяпана – што ён збіраўся атруціць участкі сілавікоў ядамі, якія знайшлі ў яго дома пры вобшуку. А менавіта адбельваючым сродкам “Белизна”, сродкам ад кратоў і рэчывам, з якога пры ўзаемадзеянні з паветрам утвараецца фасфатнае ўгнаенне.

Сярод іншага падчас суду разгледзелі працу ЧУП "Беларбо", уладальнікам якога з'яўляецца Латыпаў. Менавіта гэтая арганізацыя выконвала шмат дзяржаўных заказаў па барацьбе з баршчавіком. І выкарыстоўвала для гэтай барацьбы розныя хімічныя рэчывы. З такімі заказамі звярталіся чыноўнікі да Латыпава яшчэ летам мінулага году.

Як напісана ў пратаколе допыту адной са сведак, супрацоўніцы Горацкага райвыканкама Вікторыі Куляшовай, на пачатку лета 2020 года яна абзваніла старшыняў сельсаветаў і папрасіла інфармацыію аб тым, дзе на тэрыторыі раёна расце баршчавік. Афармленнем дакументаў сведка не займалася.

Паводле матэрыялаў следства, ЧУП "Беларбо" быў абраны райвыканкамам для апрацоўкі тэрыторыі Горацкага раёна ад баршчавіка. Кантроль за выкананнем прац выконвалі старшыні сельскіх саветаў, пасля дакладалі па тэлефоне ва Упраўленне. Пасля сканчэння прац ва Упраўленне прыйшоў акт  ад Латыпава, піша “Новы час”.

Баршчавік высах, кажа першы намеснік Горацкага райвыканкама Васіль Муранкоў, таму начальнік ўпраўлення па сельскай гаспадарцы падпісаў акт.

"Прэтэнзій па якасці выкананых прац не было", сказала Вікторыя Куляшова ў судзе.

Больш баршчавік на акрэсленых тэрыторыях не прарастаў. Муранкоў сведчыў, што яму не вядома, ці прымяняў Латыпаў несертыфікавыныя сродкі для знішчэння баршчавіка. Вікторыя Куляшова зазначыла, што не ведае, ці хто патрабаваў сертыфікаты і ці неабходныя яны наогул. 

Тое ж сведчыў і Віктар Сойкін, старшыня Маслакоўскага сельскага выканаўчага камітэта, на тэрыторыі якога ў Горацкім раёне выконваліся працы па знішчэнню баршчавіка: працы выкананыя якасна, сертыфікаты на рэчывы не атрымліваў, чым апрацоўвалі зямлю – не ведае.

Старшыня Паршынскага сельскага выканаўчага камітэта Дзмітрый Навумаваў таксама не бачыў сертыфікаты на прэпараты апрацоўкі. Кажа, што задаваў пытанне працаўнікам аб тым, якімі сродкамі ажыццяўлялася апрацоўка тэрыторыі, але яму нічога на гэта не адказалі.

Адвакат Сцяпана Латыпава Маслоўскі, тым не меньш, запытаў у працаўнікоў, якімі сродкамі яны карыстаюцца. І атрымаў адказ - "цірсанам з яшчэ нейкім сродкам".

У ходзе паседжання дзяржабвінаваўца акрэсліў станоўчыя характарысткі на Латыпава і хадайніцтвы аб яго вызваленні.

Падчас перапынку адвакат запытаў, як сябе адчувае Сцяпан.

– Вось так! кажа Латыпаў і падымае абедзе рукі, прыкаваныя кайданкамі да рук міліцыянераў, уверх. – Нам траім даводзіцца ўзгадняць усе нашы рухі. Але хлопцы малайцы, добра трымаюцца!

Пасля перапынку працэс працягнуўся.

Нагадаем, суд над Сцяпанам Латыпавым быў прыпынены пасля таго, як ён заявіў аб ціску і пашкодзіў сабе горла асадкай. Пасля перапынку суд аднавіўся 27 ліпеня.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость