Беларуска Людміла, якая цяпер жыве ў Варшаве, распавяла, як на сваю просьбу ў сацсетках падзяліцца хатнімі раслінамі атрымала з дзясятак кветак і шмат цеплыні.
Пра цікаўнасць да кветак і пераезд у Польшчу
Я яшчэ ў Мінску палюбіла хатнія расліны. Я ў іх не вельмі разбіраюся, але стараюся добра даглядаць. Мне заўсёды прыемна, калі кветка расце, чакае мяне дома. У Беларусі я і брала расліны, калі аддавалі, і купляла. На здымнай кватэры мела іх шмат.
Я з’язджала з Беларусі ў вялікай спешцы праз рэпрэсіі. Рашэнне прымала літаральна за адну ноч. Трэба было сабраць валізу, аддаць родным рэшту рэчаў. Не было часу паклапаціцца пра свае расліны. Іх нікуды не вывезеш.
Я іх пакінула на здымнай кватэры, бо родныя не захацелі забіраць, а раздаць не было магчымасці. Потым пытала былую суседку, што стала з кветкамі. Яна сказала, што дзяўчына, якая засялілася пасля мяне ў пакой, мае намер іх выкінуць.
Для мяне гэта быў проста разрыў сэрца. Кветкі, якія я вельмі шмат часу з любоўю купляла, даглядала… Я ў гэтыя дні вельмі засмуцілася. І мне захацелася, каб тут у мяне быў нейкі аналаг таго, што там, мабыць, аказалася на сметніцы.
Як людзі аддавалі кветкі
Цяпер у мяне з дзясятак кветак. Усе аддалі нашы суайчынніцы пасля маёй публікацыі ў Facebook-групе «Беларусы Варшавы». На маё дзіва, было вельмі шмат каментароў. Я для сябе адкрыла, што людзі настолькі любяць кветкі.
Я ездзіла іх забіраць па розных раёнах Варшавы. Аддавалі расткі, лісткі нават без карэньчыкаў. Адна жанчына мне сама прывезла некалькі падрослых кветак у гаршчках.
Напэўна, людзям адгукнулася тое, што я напісала. Ты пішаш пару слоў – і цябе разумеюць: твой стан, пра што ты… Яны разумеюць, што такое для іх кветкі, і людзям хочацца падзяліцца, парадаваць іншага чалавека.
Як шукаць жытло сабе… і кветкам
Я на днях планую пераязджаць у іншую кватэру. Калі шукала пакой, звяртала ўвагу, якія там падваконні, ці будзе для маіх раслін месца. Пакоям без зручнага падвакенца – адразу мінус.
Балкон – гэта, канечне, мара, і я ведаю, што там можна развесці цэлы гарод. У Варшаве кватэры з балконам трапляюцца не так часта, і яны даражэйшыя. Гэта ў Беларусі, наадварот, кватэра без балкона – хутчэй выключэнне.
Спачатку расліны «засяляюць» падваконне, потым можна для іх спецыяльную паліцу купіць ці змайстраваць. Розныя кветкі любяць розныя рэчы: адной трэба сонца, іншай – цень. Некаторыя можна паставіць на століку ці камодзе.
Навошта хатнія расліны ў эміграцыі
Расліны, кветкі – яны даюць пачуццё, што ты не проста ў падарожжы ночыш з валізай у пакоі, а што вакол цябе прастора, у якой ты гаспадыня.
Расліны, як і жывёлы, прывязваюць да месца, бо з кветкамі ці катом падарожнічаць не атрымаецца.
Як бы ты ні хацеў хутчэй вярнуцца дадому, на месяц ты выехаў ці на год, але важна збудаваць вакол сябе камфорт і пусціць хоць невялікія карэньчыкі, бо як без іх жыць?