Вядома гэта мае пэўныя наступствы. Па-першае, птушкі адрываюцца ад сваіх субратоў у дзікай прыродзе. Ды й застаючыся ў больш мяккі зімовы перыяд, перанесці жорсткі халады без наступстваў становіцца для іх амаль нерэальным.
Адной з прычын такіх абставін з'яўляецца сістэматычная падкормка птушак з вясны і да пачатку зімы.
З гэтай нагоды ў спецыялістаў грамадскай арганізацыі ''Ахова птушак Бацькаўшчыны'' існуе жорсткая пазіцыя: карміць птушак не трэба, за выключэннем экстрымальных перыядаў.
''Калі пачынаецца падкормка ў цёплы час – гэта прымушае птушак заставацца. У такім выпадку неабходна іх карміць і напрыцягу зімы, сачыць, каб яны не былі без корму ў маразы'', – тлумачыць Максім Нямчынаў, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ.
Таму, калі пры нізкай тэмпературы вы заўважылі на замерзлай рацэ ці вадаёме вадаплаўных птушак, што надзьмуліся і амаль не рухаюцца – іх можна падтрымаць падкормкай. Найлепшым варыянтам будзе прарошчанае зерне, але, вядома, не ў выпадку, калі маразы стукнулі знянацку. Выдатна падыдуць таксама прапараныя ці злёгку адвараныя крупы: яшневая ці аўсяная.
''У экстрымальнай сітуацыі, калі пад рукой нічога няма, для птушак прымальным будзе і белы хлеб. Але варта яшчэ раз адзначыць, што ні ў якім разе нельга ўводзіць кармленне ў стандартную практыку'', – зазначае Максім.
Яшчэ адным непрыемым наступствам падавалася б нядрэннай звычкі дапамагаць птушкам з'яўляецца тое, што вадаплаўныя птушкі пачынаюць гнездавацца ў межах горада, у цэнтральнай яго частцы сярод буйных дарог і вялікай колькасці людзей.
Але не трэба забываць зімой на птушак, якія традыцыйна застаюцца зімаваць у нас: сініцы, шчаглы, зелянушкі, дзятлы і г.д. Падтрымаць іх – значыць забяспечыць большую разнастайнасць на будучы год.
''Але варта не забываць, што гэта падкормка, а не кармёжка, на якую птушкі будуць разлічваць на сто адсоткаў. Па часе лепей яе арганізоўваць раніцай і вечарам. Асабліва з улікам, што начоўка для птушак – самы небяспечны перыяд праз нізкія тэмпературы. Таму падсілкавацца перад і пасля ночы птушцы не зашкодзіць'', – кажа Максім.
З выбарам корма для такіх птушак існуюць варыянты ў залежнасці ад віду. Трыдыцыйным з'яўляюца семачкі сланечніка ў сырым выглядзе без солі, спецыяў і ў шкарлупцы. Найбольш імі любяць ласавацца сініцы і попаўзні.
Для больш дробных птушачак, што не могуць справіцца са шкарлупкай семачкі, падыйдзе рапс. Калі не ўдаецца знайсці рапс, а вельмі хочацца падкарміць шчыгіла ці чачотак, можна карыстацца сланечнікавым насеннем, але крыху яго раструшчыць.
''Традыцыйнай падкормкай для сініц, папаўзнёў і дзятлаў стала нясоленае сала, якое мацуецца з боку кармушкі ці непасрэдна на дрэве. Пры сістэматычнай падкормцы зімой кавалачак можна вешаць у адным і тым жа месцы раз на дзень ці праз дзень'', – раіць Максім.
Як і ў сітуацыі з вадаплачыўнымі, у Беларусі на зіму сталі заставацца птушкі, якія раней мігравалі. Напрыклад, дразды. Пры моцных маразах яны трапляюць у крытычную сітуацыю. Таму пра іх таксама варта паклапаціцца, кажуць арнітолагі, але не забываць, што рабіць гэта трэба не з восені.