04.12.2023 / 10:12

Расійская кааліцыя за ўстойлівае развіццё краіны (КУРС) разам з беларускімі эксперткамі апублікавала рэкамендацыі для грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць уразлівым групам, як працаваць з тэмай клімату і кліматычнай справядлівасці.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

«Мы лічым сваім абавязкам заставацца вернымі курсу, якім ідзе міжнародная супольнасць, бо ён ставіць у цэнтр увагі такія агульначалавечыя каштоўнасці, як абарона правоў сацыяльна ўразлівых грамадзян, захаванне планеты і эканамічнае развіццё, арыентаванае на стварэнне дабрабыту для ўсіх», – кажа Нэля Рахімава, старшыня КУРС і рэдактарка рэкамендацый.

Аўтаркі звяртаюць увагу, што кліматычная павестка ў многіх краінах пранізвае ўсе сферы жыцця, а кліматычная справядлівасць стала неад’емнай часткай грамадзянскай дамовы паміж дзяржавай, бізнэсам і грамадствам.

Ва Усходняй Еўропе ёсць свая спецыфіка, і яна асабліва тычыцца Беларусі і Расіі – краін, дзе ўлады шмат у чым ігнаруюць кліматычны крызіс і не надаюць увагу тым наступствам, якія ён мае.

І калі ў 2022 годзе чыноўнік Міхаіл Русы заяўляў, што ні Беларусь, ні Расія не адступяць ад ніводнага міжнароднага пагаднення ў галіне экалогіі, дык цяпер міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык кажа, што сусветнай супольнасці навязваюць нейкую заходнюю версію экалогіі, а Беларусі і Расіі трэба фармаваць сваю павестку ўстойлівага развіцця.

КУРС жа, у сваю чаргу, не дзеліць экалогію на заходнюю і не заходнюю версіі, а кажа пра важнасць абароны правоў чалавека, роўнасці паміж пакаленнямі і захавання планеты.

Арганізацыя маніторыць прагрэс рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця, займаецца абменам ведамі, навыкамі і кампетэнцыямі сярод чальцоў кааліцыі, падвышае інфармаванасць пра ЦУР сярод насельніцтва, мабілізуе людзей на лакальныя дзеянні.

У сваіх рэкамендацыях аўтаркі прааналізавалі ўразлівыя групы насельніцтва, на якіх найбольш уплываюць наступствы кліматычнага крызісу ў Беларусі і Расіі. Сярод гэтых груп – людзі з нізкімі даходамі, карэнныя народы, жанчыны, дзеці, мігранты і інш.

«Змена клімату – глабальная праблема; тым не менш, яе наступствы неаднолькава ўплываюць на розныя групы людзей, рэгіёны і дзяржавы, – пішуць у рэкамендацыях. – Сённяшняя няроўнасць паводле прыкметы полу, узросту, даходу, адукацыі, тэрыторыі пражывання робіць адны групы больш адчувальнымі і ўразлівымі да зменаў клімату, чым іншыя».

Таксама яны звяртаюць увагу на тое, што ўразлівыя групы неаднастайныя паводле складу і могуць перакрыжоўвацца, што толькі ўзмацняе ўразлівасць іх прадстаўнікоў і прадстаўніц да змены клімату. Напрыклад, пажылая мігрантка з інваліднасцю будзе больш уразлівай за пажылую жанчыну, што жыве ў сваёй спакойнай краіне і не мае сур’ёзных праблем са здароўем.

Акрамя гэтага, у рэкамендацыях аўтаркі разглядзелі цяперашні стан кліматычнай справядлівасці і выявілі фактары, якія замінаюць ці спрыяюць яе развіццю: «Кліматычная справядлівасць немагчымая без далучэння ўразлівых групаў да працэсу планавання і распрацоўкі палітыкі і асобных мераў, якія датычаць змены клімату. Людзі павінны мець права голасу, а таксама доступ да рэсурсаў для адаптацыі да зменлівага навакольнага асяроддзя. На жаль, як сведчыць практыка, сёння галасы актывістаў уразлівых супольнасцяў рэдка ўлічваюць у працэсах прыняцця рашэнняў.

Кліматычная справядлівасць можа быць дасягнутая толькі пры ўмове празрыстасці і інклюзійнасці працэсу прыняцця рашэнняў дзяржаўнымі органамі ва ўсіх пытаннях, якія датычаць змены клімату, з удзелам уразлівых груп і справядлівым размеркаваннем выгад ад гэтых рашэнняў. Гэта таксама дае магчымасць умацаваць дэмакратычнае кіраванне і дасягнуць гендарнай роўнасці і лепшай сацыяльнай інтэграцыі.

Арганізацыі, якія рэпрэзентуюць інтарэсы ўразлівых груп, не толькі могуць, але і павінны браць удзел у распрацоўцы кліматычнай палітыкі».

Удзел у напісанні рэкамендацый прымалі таксама беларускія эксперткі ў галіне клімату і ўстойлівага развіцця – Марыя Фалалеева з Альянсу "Зялёная Беларусь" і Ірына Панядзельнік з "Зялёнай сеткі."

Спампаваць Рэкамендацыі на англійскай, беларускай ці рускай мове можна тут.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость