Але што рабіць, калі на сёння купіць арганічную свежую зеляніну зімой у Беларусі практычна немагчыма? Аказваецца, у гродзенскіх крамах усе ж такі можна адшукаць сцяблінкі свежай пятрушкі, кропу і цыбулі, якія былі вырашчаныя без “хіміі” па правілах арганічнай гаспадаркі.
Сярод празрыстых пакункаў са свежым базілікам, тым’янам, тархунам маю ўвагу ў адной з гарадзенскіх крамаў прыцягнуў пакунак з наборам зеляніны – кроп, пятрушка і цыбуля. На ўпакоўцы як вытворца значылася ўласная падсобная гаспадарка І. М.Хвашчэўскага.
Гэты фермер адзін з нямногіх у Беларусі, які сур’ёзна займаецца арганічнай гаспадаркай і які зусім нядаўна атрымаў арганічны сертыфікат ЕС. Адпаведна, па ўмовах сертыфікацыі, зеляніна з гаспадаркі Ігара не можа ўтрымліваць нітратаў ці чаго-небудзь яшчэ гэткага. Але чаму ўпакоўка не ўтрымлівае маркіроўкі, што зеляніна арганічная? -Мы вырошчваем зеляніну ў цяпліцы як арганічную, па ўсіх правілах, аднак насенны матэрыял мы набывалі ў Расіі, - патлумачыў Ігар Хвашчэўскі. - У яго арганічнасці мы не можам быць пэўнымі, таму і назваць сваю зімовую зеляніну на 100% арганічнай сёння я не магу, адпаведна і прамаркіраваць яе.
Праўда, увесну Ігар плануе закласці свой уласны насенны матэрыял, і калі ўсё атрымаецца, у наступным годзе зімовая зеляніна з яго гаспадаркі будзе арганічнай, а на ўпакоўцы можна будзе падаць адпаведную інфармацыю – нумар сертыфіката, нумар кампаніі-сертыфіатара і Знак арганічнай сельскай гаспадаркі.
Ці адаб’ецца гэта на коштах? Звычайна арганічная прадукцыя даражэйшая за тую, якая вырабляецца ва ўмовах інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі, таму што патрабуе значнай працы і высілкаў. - Хутчэй за ўсё, кошты падымаць не буду. Мы прыдумалі тэхналогію, якая дазваляе вырошчваць прадукцыю і канкураваць па коштах з вытворцамі звычайнай зеляніны ўзімку. Мы ўкладаем шмат ручной працы і не выкарыстоўваем нічога хімічнага, - кажа Ігар.
Эксперт па арганічнай сельскай гаспадарцы і сертыфікацыі арганічнай прадукцыі Лана Семенас пацвярджае, што ў Беларусі пакуль арганічнай зеляніны ўзімку не знайсці:
-Прынамсі тых, хто вырошчвае арганічную зеляніну зімой на продаж, я не ведаю. Строга кажучы, цалкам экалагічным працэс вырошчвання арганічнай зеляніны зімой у нас назваць нельга, таму што ў любым выпадку выдаткоўваюцца даволі значныя рэсурсы на ацяпленне і асвятленне. Аднак мы можам казаць пра экалагічнасць у большай ці меншай ступені, параўноўваючы арганічную цяпліцу са звычайнай, якая ўтрымліваецца па правілах інтэнсіўнай гаспадаркі. Канешне, арганічная цяпліца будзе больш экалагічнай і для чалавека, і для прыроды. У Еўропе ёсць цяпліцы, якія абаграваюцца кампостам – ёсць такая тэхналогія. Такая цяпліца яшчэ больш экалагічная. Але для Беларусі гэта пакуль будучыня. Калі казаць пра зеляніну ўзімку, то цудоўны варыянт вырасціць яе самому на падваконні – гэта не так і складана. Або выкарыстоўваць сушаную.
Застаецца дадаць, што аматары салатаў са свежай зелянінай зімой могуць адшукаць у розных гандлёвых сетках пакункі з кропам, пятрушкай і цыбуляй з гаспадаркі Ігара Хвашчэўскага. На сёння гэта пакуль адзіны варыянт у продажы чыстай агародніны.