Спачатку 100, пасля 50, і потым 20 прац — так двое французскіх і двое беларускіх фатографаў выбіралі фотафіналістаў. Усіх 20 аўтараў запрасілі 1 ліпеня ў французскую рэзідэнцыю пад Мінскам і далі невялікія прызы.
Першы адбор доўжыўся гадзін пяць, фатографы перабіралі вялізныя стосы друкаваных здымкаў. Яны ацэньвалі фота на адпаведнасць тэме, яго мастацкі складнік («кадр мусіць іграць») і сэнсавую глыбіню («каб не было “усё кепска, усе памруць”»). Эколагі больш звярталі ўвагу на свой прадмет, а амбасада намагалася вынайсці нешта сярэдняе.
«Перад конкурсам я баяўся, што будуць дасылаць чарнуху», — шчыра дзеліцца Сяргей Міхаленка з фотапарталу ZНЯТА, чалец журы. А насамрэч найбольш было пейзажаў, не адсталі кадры са сметнікамі і трубамі.
На просьбу ацаніць агульны ўзровень фота Сяргей адказаў, што гэта цяжка зрабіць: конкурс экафота праходзіў першы раз, і тэндэнцыю адсачыць не атрымаецца. Але наагул досыць добрых прафесійных кадраў і багата аматарскіх, праз якія аўтары жадаюць выказацца:
«Удзельнічайце больш, — пажадаў ён. — Сваю творчасць трэба паказваць. Я спадзяюся, што будзе яшчэ адзін конкурс».
- Фінальныя тры (ці больш) пераможцаў будуць вядомыя 14 ліпеня. У гэту дату дзень у амбасадзе адзначаюць Дзень узяцця Бастыліі, нацыянальнае свята. Апроч гэтага тут зладзяць выставу з конкурсных фота.
Конкурс прайшоў у межах падрыхтоўкі да Канферэнцыі па пытаннях змянення клімату COP21, што пройдзе ў снежні ў Парыжы. Гэта важна, бо, як кажа першая дарадца амбасады Эльза Піньёль, «ўжо зараз вельмі бачныя наступствы». «Яны будуць тычыцца не толькі прыроды. Неўзабаве мы пабачым палітычныя, стратэгічныя, сацыяльныя праявы», — адзначае яна.
Гэтае фотаспаборніцтва — не апошняе. У верасні амбасада збіраецца зладзіць першы экалагічны конкурс плакатаў на тэму аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы са змяненнем клімату.
Таксама ў кастрычніку пройдзе семінар у БДУ на такую ж тэму пры ўдзеле двух французскіх экспертаў. І апошняе з планаў — у снежні можа адбыцца вялікая выстава, падрабязная інфармацыя пра якую з’явіцца пазней.
Смуга на цукровым камбінаце
Фабрыка хмараў
Помнік дрэву