06.07.2018 / 13:07

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь і грамадскіх арганізацый у сувязі з сітуацыяй з Вайсковымі могілкамі ў Мінску.

Зусім нядаўна адбылося ўрачыстае адкрыццё другой чаргі мемарыяльнага комплекса "Трасцянец" ва ўрочышчы Благоўшчына на месцы гітлераўскага лагера смерці — чацвёртага па колькасці знішчаных у нацысцкіх канцэнтрацыйных лагерах людзей пасля Асвенціма, Трэблінкі і Бухенвальда. Падобных месцаў у нашай краіне шмат, і многія з іх, у тым ліку і Курапаты, чакаюць таго часу, калі памяць іх ахвяраў будзе належным чынам ушанавана. Спадзяемся, што гэты час настане.

Разам з тым мы становімся сведкамі негатыўных адносін да нашай гісторыі. Адным з найбольш яскравых сведчанняў гэтага з’яўляецца так званае «ўпарадкаванне» Вайсковых могілак у Мінску — гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. На іх пахаваны людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, славутыя асобы Беларусі, у тым ліку народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас.

Вайсковыя могілкі, таксама як і Кальварыйскія, — гэта адзін з самых старажытных некропаляў у межах Мінска. Гэта — наша гісторыя, якая, паводле вядомага выразу, з’яўляецца «настаўніцай жыцця». У яе неабходна вучыцца, і таму яе нельга забывацца. Народ, які забываецца сваю гісторыю, не мае будучыні.

Ніхто не пярэчыць таму, што час ад часу неабходна ўпарадкоўваць могілкі, падобна як час ад часу мы робім рамонт дарог, дамоў і г.д. Аднак упарадкаванне могілак не павінна скажаць гісторыі. На надмагільных помніках знаходзяцца імёны пахаваных, гады іх жыцця, нярэдка іх род дзейнасці. На іх мы таксама бачым знакі іх рэлігійнай прыналежнасці.

Упарадкаванне, якое распачалося на Вайсковых могілках у Мінску, часта звязана са знішчэннем помнікаў і надмагільных крыжоў, як гэта было зроблена на могілках Крупцы, што на праспекце Пераможцаў. Такі падыход да справы нішчыць аўтэнтычнасць могілак як гісторыка-культурнай і рэлігійнай каштоўнасці. Знікненне з іх крыжоў сведчыць пра спіхванне хрысціянства — традыцыйнай рэлігіі нашай Бацькаўшчыны — на перыферыю жыцця.

Ва ўсіх культурах свету і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва да могілак, магілаў і месцаў пахавання памерлых людзі ставіліся з глыбокай пашанай, уласцівай культуры таго ці іншага народа. Такія сакральныя адносіны з’яўляюцца сведчаннем веры ў вечнае жыццё і пашаны да памерлых.

У Каталіцкім Касцёле могілкі з’яўляюцца святым месцам і месцам рэлігійнага культу. На іх узносяцца крыжы і капліцы. Яны з’яўляюцца крыніцай ведаў аб мінулым жыцці паасобных людзей і цэлых грамадстваў, адлюстроўваюць рэлігійнае жыццё і хроніку гісторыі народа, а таксама сведчаць аб культуры гістарычнай эпохі пахаваных на іх людзей.

У сувязі з вышэйсказаным, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь і грамадскіх арганізацый з заклікам зрабіць усё магчымае, каб захаваць гістарычную каштоўнасць Вайсковых могілак у Мінску, не дапусціць у будучыні спусташэння святых месцаў, якімі з’яўляюцца месцы пахавання памерлых, і захаваць нашу гісторыю.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость