06.08.2024 / 11:08

Свет пастаянна мяняецца, гарады растуць, а людзі эвалюцыянуюць. А разам з намі эвалюцыянуе і астатні жывёльны свет. Насякомыя становяцца больш устойлівымі і вучацца выжываць у новых умовах. Пасцельныя клапы – не выключэнне.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Некалькі месяцаў таму медыяпрастору захлынула хваля навін пра клапоў ў Францыі: у Парыжы іх можна сустрэць усюды – у метро, аэрапортах і кінатэатрах. І гэта ўсё напярэдадні Алімпіяды, калі ў краіну павінны прыехаць тысячы турыстаў.

У Польшчы хоць сітуацыя не настолькі крытычная, але ўсё адно людзі сталі ўсё часцей скардзіцца на непрыемнае суседства ў іх спальнях. Часта з клапамі сутыкаюцца і нашы суайчыннікі ў эміграцыі.

Чаму, здавалася б, даўно забытая праблема стала зноў актуальнай? І куды звяртацца па дапамогу? Распавядае Зялёны партал.

 

Што гэта за насякомае?

Клапы – насякомыя з сямейства Cimicidae. У свеце іх каля 90 відаў, але кусаюць людзей толькі два: звычайны пасцельны клоп (Cimex lectularius) і трапічны пасцельны клоп (Cimex hemipterus). Трапічны клоп жыве ў асноўным у трапічных і субтрапічных рэгіёнах, а вось звычайны – любіць умераныя шыроты.

Жыццёвы цыкл пасцельнага клапа залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя. Пры тэмпературы 10 градусаў па Цэльсіі клапы могуць жыць да 300-400 дзён.

Аднак у кватэры пры тэмпературы каля 22° C  жыццёвы цыкл займае каля 2-4 месяцаў. І хоць працягласць жыцця іх невялікая, за гэты час самка клапа можа адкласці да 50 яек.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Клапы – крывасмокі. Як правіла, яны жывуць у складках канапы, матраса. Гэтыя насякомыя баяцца сонечнага света, таму днём яны спяць, а ноччу выходзяць на пошукі ежы. Дарэчы, звычайны пасцельны клоп аддае перавагу менавіта крыві чалавека, а не жывёл.

Скураная рэакцыя ў людзей адрозніваецца: у кагосьці яна ледзь прыкметная, і чалавек можа доўга не падазраваць пра наяўнасць насякомых у яго кватэры. А ў кагосьці, наадварот, можа ўзнікнуць алергія ці моцны сверб на месцы ўкусу.

Часта рэакцыя на ўкус з’явіцца не адразу, а на працягу 24-48 гадзін. Клапы, у адрозненне ад кляшчоў ці блох, не зʼяўляюцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў. Прынамсі, масавых выпадкаў зафіксавана не было.

Найбольш частая праблема, звязаная з клапамі – гэта парушэнні сну. У ходзе апытання 474 чалавек, якія сутыкнуліся з насякомымі, 29 % заявілі аб праблемах са сном.

 

Распаўсюджанасць пасцельных клапоў

Пасцельныя клапы вядомы чалавецтву даўно. Аб гэтых насякомых ёсць узгадкі і ў сусветнай літаратуры – ад старажытнагрэчаскага эпасу да твораў Камю і Оруэла.

У 1950-х гадах краіны пачалі актыўна змагацца з пасцельнымі клапамі, выкарыстоўваючы моцнадзейныя сродкі. Аднак паступова клапы сталі больш устойлівымі да розных інсектыцыдаў, такіх як карбаматы, піратроіды і арганафасфаты.

Больш за тое, некаторыя рэчывы былі забаронены з-за высокай таксічнасці: напрыклад, хлорпірыфос. У ЕС яго не выкарыстоўваюць з 2008 года. У Беларусі гэты хімікат уключаны ў Дзяржаўны рэестр сродкаў аховы раслін і ўгнаенняў, аднак з пазнакай «звыш небяспечны».

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Яшчэ адна прычына, чаму папуляцыя клапоў расце – гэта павелічэнне шчыльнасці насельніцтва. Таксама людзі сталі больш падарожнічаць, і, як адзначаюць спецыялісты, клапы таксама сталі перамяшчацца разам з імі: напрыклад, у багажы.

Падцверджвае гэтую тэорыю амерыканскае даследаванне аб пасцельных клапах: яно паказала, што насякомыя ў усходняй частцы ЗША маюць разнастайнае паходжанне.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у Францыі пасцельныя клапы водзяцца ў доме кожнай дзясятай французскай сямʼі.

У Польшчы таксама часта сталі фіксаваць выпадкі наяўнасці клапоў у кватэры. Так, нашыя суайчыннікі распавялі СМІ пра насякомых ў здымным жыллі ў Варшаве і Беластоку.

Сярод прычын, чаму пасцельных клапоў стала больш, таксама адзначаюць няправільныя метады барацьбы з насякомамі, такія як недахоп падрыхтоўкі спецыялістаў, павольная рэакцыя на абнаўленне стандартаў і складанасць праверкі эфектыўнасці інсектыцыдаў.

 

Што рабіць, калі ў кватэры завяліся клапы?

Ад пасцельных клапоў пазбавіцца няпроста, але магчыма. У першую чаргу, пры пошуку здымнага жылля звярніце ўвагу на пах у кватэры: як правіла пасля дэзынфекцыі некалькі тыдняў захоўваецца спецыфічны «водар» хімікатаў.

Калі клапы ў кватэры зʼявіліся нядаўна і гаспадары паспелі правесці толькі адну дэзынфекцыю, то ёсць верагоднасць, што насякомыя зʼявяцца зноў. Звычайна раяць праводзіць да трох дэзынфекцый, праз кожныя тры тыдні.

Калі вы выявілі насякомых у сваёй кватэры, то лепш за ўсё звярнуцца ў службы па дэзынфекцыі. Існуюць таксама і народныя метады, але яны малаэфектыўныя. У Польшчы дэзынфекцыя аднапакаёвай кватэры-студыі (або як яе называюць у народзе – кавалеркі) абыдзецца каля 80 еўра. У Беларусі цана на паслугу крыху менш – ад 100 рублёў.

Часам бывае, што клапы хаваюцца не толькі ў мяккай мэблі, але і пад плінтусамі, і нават пад шпалерамі. У такім выпадку жыльцам прыйдзецца таксама зрабіць касметычны рамонт.

Падчас дэзынфекцыі людзі і хатнія жывёлы павінны пакінуць памяшканне на 6 гадзін. Таксама неабходна перамыць усю пасцельную бялізну пры тэмпературы не менш за 60 градусаў.

Калі вы адпраўляецеся ў падарожжа, не забудзьцеся праверыць валізу па прыездзе на наяўнасць насякомых.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость