07.05.2021 / 09:05

Неверагодны эксперымент праводзіць у прыватнай мінскай школе настаўніца беларускай мовы Вераніка Васільева. Вынікі па-добраму дзіўляюць.

Ужо трэцяе пакаленне трэццякласнікаў школы "Стэмбрыдж" вывучае беларускую мову і літаратуру праз прызму мэтаў устойлівага развіцця (МУР). Гэта смелая ініцыятыва выкладчыцы Веранікі Васільевай.

Смелая, бо сам панятак устойлівага развіцця дастаткова складаны і для дарослых, а дасціпна данесці да малых абстрактныя экалагічныя тэрміны вельмі няпроста! Але Вераніка – перакананая экалагіня, што ўсім сваім жыццём прасоўвае экалагічныя прынцыпы і каштоўнасці.

У свой час да яе патрапіў часопіс "Вясёлка", што быў цалкам прысвечаны мэтам устойлівага развіцця. Да кожнай мэты былі падабраны творы беларускай літаратуры. Адштурхнуўшыся ад парадаў часопіса, Вераніка пачала рабіць з дзецьмі ўласныя праекты.

«Кожны год нашыя урокі робяцца ўсё болей разнастайнымі, а досвед дзяцей усё болей глыбокім», – распавядае Вераніка.

Вынікі здзіўляюць нават саму выкладчыцу:

  • 50% класу пачынаюць сарціраваць смецце
  • дзеці ведаюць усе мэты устойлівага развіцця і могуць пералічыць па малюнках
  • разумеюць сэнс самаго паняцця УР і могуць патлумачыць.
  • фарміруюцца новыя каштоўнасці, і гэта можна адсачыць на дзецях, якія адвучыўся ў Веранікі, перайшлі наступны клас і ужо там ладзяць экапраекты і працягваюць у семьях экатрадыцыі.

«Сучасныя трэцякласнікі – гэта мара любога настаўніка. Яны гараць ідэяй амаль так, як я. Неверагодныя людзі, яны так творча і пранікнёна падыходзілі да тэм, што ўрок пераўтвараўся ў размову сяброў. Так утульна на занятках мне не было ніколі».

«Апошняе, ад чаго быў ком у горле, гэта аповед Макара пра паход у краму. Мама сабрала дзіця ў краму. А дзіця кажа:

  • Мам, гэтага пакета не хопіць на ўсе прадукты.
  • Але ты можаш, калі што, набыць новы.
  • Макар (з абурэннем): Ты што, мама?! Я лепш вазьму яшчэ адзін!».

«Палінка, перашоўшая ў чацвёрты клас, пасля урокаў па МУР сама стварыла і паставіла ў школе кантэйнер па зборы макулатуры. Дзеці могуць прывесці шмат фактаў і самастойна зрабіць вывады, наколькі экалагічна паводзіць сябе той ці іншы чалавек».

 

Методыка экапоспеху

Працы з МУР Вераніка адводзіць адну чвэрць у трэцім класе. Праз тэксты, відэа, гульні, крыжаванкі і іншыя творчыя заданіі распавядае, што значыць МУР і як гучаць мэты. Калі дзеці добра засвойваюць гэтую інфармацыю, Вераніка прапануе ім творчыя заданні: малюнкі, інтэлект-карты, апавяданні.

«Мэты ўстойлівага развіцця і экалогія – гэта маё хобі, мая тэма. Па адукацыя я гісторык, выкладаю мову, літаратуру, гісторыю і экалогію. Зразумела, што міждысцыплінарнасць на маім баку. Плюс я люблю перакідаць методыку з дысцыпліны ў дысцыпліну. Напрыклад, мы малявалі шмат інтэлект-карт па МУР. Хатняе заданне адно і тое ж (той выпадак, калі гэта апраўдана і не надакучвае): пяць сказаў пра свае адносіны да канкрэтнай мэты. Дзецям падабаецца! Яны творчыя, таму часта тэкст пераходзіў у слайды гугл-прэзентацыі, і мы насалоджваліся яскравай анімацыяй.

І тут няма нейкіх неверагодных таемных метадаў навучання. Чаму дзецям "заходзяць" МУРы? Таму што мы разважаем пра іх на роўных, спяваем тэматычныя песні. Цяжэй за ўсё – слухаць і чуць адзін аднаго. Але па шчырасці – большая частка ўрока праходзіла менавіта ў гутарцы. І калі вы зараз уявілі клас, дзе настаўніца гаворыць, а вучні сядзяць як мышы пад венікам – вы памыліліся. Па-першае, у "Стэмбрыджы" запужаных дзяцей я не сустракала. Па-другое, калі не ўлічваць мае ўдакладненні, я амаль увесь час маўчала. Тут у кожнага свой вопыт – і дзецям хочацца падзяліцца. Цікава, што калі тры гады таму ў класе смецце сарціравалі 2-3 сям’і, то зараз лічба наплывае к 50%. І гэта не можа не радаваць», – дзеліцца Вераніка.

Калі усе МУР пройдзеныя, Вераніка прапануе дзецям зладзіць свае праекты па камандах. Дзеці абіраюць адну з 17 мэтаў, якая іх цікавіць і наступны этап – практычны.

За тры гады было шмат выдатных дзіцячых праектаў: дабрачынны кірмаш для дапамогі жывёлам, праект па сарціроўцы смецця, прэзентацыі, тэксты, гімн МУР, зрабілі нават сайт па МУР, куды дзеці выкладаюць свае напрацоўкі.

У гэтым годзе, бачачы сітуацыю, у якой апынулася Беларусь, дзеці ўпершыню зацікавіліся 16-й мэтай, дзе ёсць пытанні правасуддзя.

«Я нават не думала, што так можна развярнуць гэтую мэту, і яна можа вызваць столькі цікавасці ў малых», распавядае Вераніка.

 

Практыкум: экахакатончык

Пасля вывучэння МУР абавязкова трэба паказаць дзецям, што яны ўжо зараз могуць вырашаць гэтыя сусветныя праблемы на сваім лакальным узроўні.

«Калі ў мінулым годзе больш за ўсё рабят хвалявала МУР-14: захаванне марскіх экасістэм, то сучасны трэці клас абраў маю наўлюбёную мэту – 12-ю, пра адказнае спажыванне», – пачынае распавядзаць пра апошні дзіцячы праект Вераніка.

Школьныя хакатоны ў "Стэмбрыджы" ладзяцца на аснове методыкі дызайн-мыслення:

  1. Фармулюецца праблема, і дзеці дзеляцца на каманды.
  2. Эмпатыя: інтэрвью з мэтавым групамі, якім патрэбна вырашэнне праблемы.
  3. Удакладненне праекта з улікам дадзеных інтэрвью.
  4. Тэсціраванне метадам стварэння прататыпу (напрыклад, стварэнне пробных сметніц для сарціроўкі).
  5. Пітчынг альбо рэфлексія: як усе прайшло, і што будзем рабіць далей.

Тэмы для праектаў дзеці прыдумалі заранёў. Правялі галасаванне, каб на хакатон трапілі толькі самыя важныя і цікавыя. У выніку кожны ініцыятар павінен быў адказваць за свой праект:

Данік – за напаўненне сайта пра МУР,  Кастусь – за асобны збор смецця ў школе, Аня – за правядзенне барахолкі з абменам рэчаў.

Данік з рабятамі зрабілі прэзентацыі: адна тэсціць веды пра МУР, другая распавядае пра смеццевы кантынент, плюс гульня ў скрэтчы. Усё гэта хутка можна будзе пратэсціць на сайце, прысвечаным МУР. У бліжэйшых планах – распаўсюджваць інфармацыю пра сайт сярод школьнікаў.

Кастусь ужо на першым занятку быў гатовы ісці да адміністрацыі школы за грошамі на пакупку кантэйнераў, якія ён падабраў у сеціве з улікам кошту. Ледзь атрымалася яго ўгаварыць пратэсціць! А тэст аказаўся вельмі важным – аказваецца, вучні збольшага не ўмеюць сарціраваць смецце. Наш фокус – макулатура і пластык. З макулатурай усё было больш-менш нармалёва, а вось з пластыкам горш.

Шмат застаецца пытанняў:

  • як паменшыць колькасць смецця ў школе?
  • ці можна ўсталяваць бакі для асобнай сарціроўкі?
  • што рабіць з арганікай?

Дзеці чакаюць дарослых, каб разам шукаць рашэнні.

«Трэцякласнікі дакладна ведаюць, якім яны бачаць "Стэмбрыдж" у будучыні. І там няма месца смеццю!» – кажа Вераніка.

Трэці праект выстраліў у Барахолку. Каманда дзяўчат прадумала рэкламу, намалявала афішу. І не думайце, што ў іх усё так лёгка атрымалася! Была тэставая барахолка ў 3-м класе, дзе многія проста забылі прынесці рэчы. Гэта навучыла дзяўчат надаваць належную ўвагу рэкламе. Асноўнымі ўдзельнікамі барахолкі стала пачатковая школа.

«Усё атрымалася! Столькі сіл і энергіі ўкладзена ў гэтых дзяцей! Столькі клопату і ўвагі! Старэйшая школа рыхтуйся - гэтыя дзеці нарадзіліся, каб мяняць гэты свет!» – упэўнена Вераніка Васільева.

Пераходзячы у чацвёрты клас, дзеці працягваюць экалагічную тэматыку самастойна: на школьных хакатонах прапаноўваюць і ладзяць экапраекты. Атрымліваецца, што адной чвэрці дастаткова, каб пасадзіць зерне, якое прарастае далей. Канешне, важна для дзяцей і сам прыклад любімай настаўніцы, якая ўсім жыццём дэманструе экакаштоўнасці.

 

А дзе ж тут беларуская мова?

Пад кожную мэту Вераніка падбірае літаратурныя творы беларускіх аўтараў па ўзросту. Дзеці аналізуюць творы, разбіраюць літаратурныя і моўныя пытанні і ў дадатак глядзяць на іх праз прызму МУР.

«Бярэм літаратурны твор, чытаем, адказваем на пытанні па твору і мове, і таксама разбіраем, якую МУР мы зараз разглядаем, і як дзеці да гэтага ставяцца. Звычайна менавіта на гэты кавалак уроку сыходзіць больш за ўсё часу, бо ў кожнага ёсць меркаванне і погляд. То бок моўныя тэмы разбіраюцца на матэрыяле тэкстаў, дзе прысутнічае экалагічная складовая», – тлумачыць Вераніка.

«Такім чынам, як укараніць МУР у літаратуру – пытанне простае. Знайдзіце любы падыходзячы твор, прыдумайце да яго пытанні і заданні. Капайце глыбока».

Цяжэй, відаць, з граматыкай. На самай справе – не. Заданні бярэм з падручніка. Выпішыце назоўнікі, падкрэсліце выказнікі. Тэкст – з урока літаратуры (чытання).

«Большасць заданняў я прыдумляю сама – дапамагае багаты жыццёвы вопыт. Але калі вы хочаце навучаць па МУР і не ведаеце, з чаго пачаць, то я раю наступныя рэсурсы» – раіць Вераніка. «Цяжкасцей было вельмі шмат, насамрэч. Асабліва ў першы год навучання. Не было зразумела, наколькі дзецям гэта цікава і карысна, як тлумачыць ім гэтую тэму. І не раз я маркоцілася. І не раз бачыла сумныя твары дзяцей».

Але! Менавіта дзеці і дапамагаюць не апускаць рукі.

«Першы год мяне натхняла Палінка. Мы правялі з ёй дабрачынны кірмаш і сабралі грошы на ежу беспрытульным. Такі вопыт і ў такім малым узросце! Калі я скончыла ў іх выкладаць, на другі год гэта дзіця самастойна паставіла першы ў "Стэмбрыджы" кантэйнер для макулатуры – старанна і прыгожа аформлены. Гэта было да слёз»– дзеліцца Вераніка.

 

Рэсурсы ў дапамогу настаўніку

https://sdgs.by/

https://ecoidea.by/ru

Казка М. Масягінай пра адходы “Цікавая вандроўка”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость