09.03.2016 / 01:03

Наш былы суайчыннік, які зараз жыве ў Швецыі, на дабраахвотных пачатках спрабуе арганізаваць у Беларусі перадавую форму збору тары. Але пакуль ідэя ўвасабляецца ў тым, што дзеці з двух краін бяруць удзел у конкурсе малюнкаў «Зялёная кропка».

«У Швецыі, дзе я жыву апошнія некалькі гадоў, вельмі шмат ўдзяляецца ўвагі перапрацоўцы другасных рэсурсаў. Пры гэтым збор пустых пластыкавых, шкляных бутэлек ажыццяўляецца ў перадавой для Беларусі форме. У краінах Еўрапейскага саюза прымаюць тару непасрэдна ў крамах. Нешта аналагічнае было і ў нас у савецкі час», распавядае аўтар ідэі конкурсу Дзмітрый Сялюк.

Не так даўно штосьці падобнае ў якасці эксперыменту было ўведзена ў практыку ў Маскве. Людзі не выкідаюць тару ў кантэйнеры для раздзельнага збору, а прыносяць у крамы. Па задумцы Дзмітрыя, падобны праект плануецца рэалізаваць у Беларусі.

«Аднак спачатку я і мае аднадумцы арганізавалі конкурс малюнкаў для дзетак. Дакладней, гэта конкурс сценгазет, за перамогу ў якім змагаліся дзесяткі дзяцей з Беларусі і Швецыі», — падкрэсліў ён.

Навучэнцам садкоў і пачатковых класаў было прапанавана намаляваць тое, як яны ўяўляюць сабе збор смецця. Якім чынам, на іх погляд, можна зрабіць больш эфектыўнай перапрацоўку. І нягледзячы на тое, што беларускія дзеткі не ведаюць, што бутэлькі можна прыносіць і здаваць ў краму за зніжку, малюнкі атрымаліся вельмі крэатыўнымі, а самае галоўнае — рэалістычнымі.

Па выніках конкурсу пераможцамі ад Беларусі сталі: Аліна Бягун, Глеб Чурыкаў, Косця і Ульяна Павуковы, Міхаіл Спаткай. Сярод шведскіх удзельнікаў перамаглі: Эліз Грюндстрэм (Elise Grundström), Сагі Стэнман(Saga Stenman), Осы Карлсан (Åsa Karlsson), Сафія Бустрэм (Sofia Boström) i Лiна Карлсан (Lina Carlsson).

Плакат аднаго з пераможцаў конкурсу. Міхаіла Спаткая (10 год, Віцебск)
Плакат аднаго з пераможцаў конкурсу. Міхаіла Спаткая (10 год, Віцебск)

Пасля такога станоўчага выніку арганізатары конкурсу вырашылі зрабіць яго пастаянным. А вось калі пачнецца рэалізацыя праекта па зборы тары ў новым фармаце, застаецца пакуль пад пытаннем, мабыць, у доўгатэрміновай перспектыве. Хаця адпаведная прапанова была агучана энтузіастамі адказным асобам Віцебскага аблвыканкаму.

Автор:
Фотограф:
Аляксандр Пукшанскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость