10.03.2016 / 02:03

Пробашч парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Чэслаў Курэчка з дзяцінства любіць буслоў. Менавіта гэта стала падставай для арганізацыі тэматычнага свята, якое па задумцы святара павінна адбыцца ў суботні дзень 30 красавіка. Аднак праграма мерапрыемства пакуль яшчэ не распрацавана, таму айцец Чэслаў будзе ўдзячны за добрыя ідэі і цікавыя прапановы.

Пра буслоў святар ведае вельмі шмат і можа доўга з захапленнем распавядаць пра гэтых птушак. У вёсцы ён пабудаваў для іх аж тры гнязды, два з якіх буслы ўжо зясялілі, а трэцяе — пакуль застаецца пустым. Але айцец Чэслаў не губляе надзеі, што ў гэтым годзе яго таксама аблюбуюць птушкі.

Акрамя гэтага, у мінулым годзе ў яго два месяцы жыў бусел, якога святару прынеслі парафіяне. У птушаня было пашкоджана крыло, з-за чаго відавочна яго і выкінулі з гнязда. Айцец Чэслаў выгадаваў птушку. Па словах святара, Кляка, так ён назваў бусла, вельмі любіў мышэй і вужоў, а таксама рыбу. Таму для свайго гадаванца айцец Чэслаў часта набываў кільку. Вяскоўцы таксама палюбілі бусла і шкадавалі, калі той вырас і пакінуў свайго апекуна.

«Птушка павінна быць на волі», — кажа айцец Чэслаў, прыгадваючы пра Кляку.

Святар прызнаецца, што чытаў у інтэрнэце іранічны каментар да сваёй ідэі, аўтар якога пытае, чаму б не ладзіць свята ў гонар зуброў, якія таксама з'яўляюцца сімвалам Беларусі. А затым зазначае, што акрамя гэтага «можна яшчэ справіць вяселле дзікоў ці варон, заручыны зайцаў, адправіны журавоў».

Аднак айцец Чэслаў не губляецца і з жартам адказвае, што зубры ў Росіцы яшчэ не водзяцца, адправіны журавоў святкуюць у Мёрах, а ён выбраў буслоў, бо вельмі любіць гэту птушку, да таго ж яна сапраўды лічыцца адным з сімвалаў нашай краіны.

Нягледзячы на тое, што праграма свята пакуль не распацавана, святар абяцае частаваць гасцей поліўкай з сушаных баравікоў, якіх у яго шмат. І тое, што страва будзе смачнай, няма ніякіх сумненняў, бо да таго, як стаць святаром, айцец Чэслаў працаваў кухарам у рэстаране ў Даўгаўпілсе. Да таго ж гатавацца яна будзе на свежым паветры, ад чаго толькі стане больш водарнай і апетытнай.

Акрамя гэтага, святкаванне будзе спалучацца з малітвай у касцёле за нашу краіну, за добры ўраджай, за тое, каб чалавек не парушаў законы прыроды.

«Зямля вельмі прыгожая, і чалавеку не трэба яе засмечваць, яе трэба рабіць яшчэ больш прыгожай», — адзначае святар і шчыра запрашае ўсіх, хто любіць прыроду і буслоў, як яе частку, наведаць Росіцу 30 красавіка.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Як бусел Фомка пасябраваў з ксяндзом, які марыў стаць ветэрынарам

Автор:
Фотограф:
Зміцер Лупач, відэа Леанід Юрык
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость