На гарадскіх пляжах, дзе купанне традыцыйна дазволенае, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да пляжнага сезону. На пяску бачныя свежыя разводы ад вусеніцаў трактароў: сюды завозілі свежы пясок. Дзе-нідзе на лавах заўважныя лісточкі з подпісамі «пафарбавана», дзесьці камунальнікі валікамі фарбуюць «грыбкі» ды альтанкі.
Праехаўшыся па найбольш папулярных «легальных» пляжах – за бальніцай хуткай дапамогі па тым беразе Нёмана, каля ратавальнай станцыі за БІПам у самым цэнтры ды на возеры Юбілейным – мы не заўважылі аніякага смецця, якое традыцыйна можна заўважыць ужо пад канец лета. Больш за тое, на пляжы за бальніцай нават бярвенні ля вогнішча камунальнікі «апранулі» ў пластык.
Па-ранейшаму «дзікімі» застаюцца пляжы ў Румлёва, на крэйдавых кар’ерах ды ў Пышках. Там купанне не дазволенае, камунальнікі не працуюць. Гарадскія ўлады тлумачаць такое становішча тым, што ў выпадку надзвычайных сітуацыяў у гэтыя куткі будзе цяжка пад’ехаць машынам хуткай дапамогі або МНС.