09.06.2016 / 09:06

Лета ў горадзе – гэта не толькі пах бэзу ды яскравыя промні сонца зранку, а яшчэ і навязлівы гук газонакасільшчыкаў пад вакном амаль кожны ранак. За апошнія гады людзі ўжо звыкліся да маўклівых “тэрмінатараў” у спецвопратцы. Але ці трэба касіць траву так часта і чаму ў нас так робіцца, спрабаваў высветліць Гродзенскі Зялёны партал.

Англійскі, ірландскі ды …маўрытанскі

Агулам адмыслоўцы вылучаюць некалькі відаў газону. Па-першае, знакаміты англійскі газон – гэта густа пасаджаная падстрыжаная траўка аднаго гатунку, якую мы бачым на палях для гольфу і тэнісу. Такую траву стрыгуць часта, прыкладна раз на паў месяцы: каб мячык адскокваў, а не правальваўся і не губляўся. Праз пяць год такі газон замяняюць.

Больш бюджэтны варыянт – ірландскі газон або мох. Яго аснова – нізкарослая трава, фактычна, пустазелле, якое не патрабуе стрыжак ды вынослівае да вытаптванняў.

Лугавы газон, які часам называюць маўрытанскім, гэта звычайная мяшанка з розных траваў (мятлік, аўсянніца і інш.). Яго вышыня – 15-20 см. У сярэдзіне лета травы каласяцца і такім чынам аднаўляюцца. Гэта, бадай, самы “беларускі” варыянт газону.

green-life.ru
green-life.ru

Зелянбуд і “рэцэпт вечнага жыцця травы”

Па правілах агратэхнікі, лугавы газон косіцца толькі аднойчы на год. Робіцца гэта ў канцы лета – каб травы паспелі адкаласіцца. Такім чынам скашваюцца сухія каласы, а застаецца зялёненькая траўка. Насенне ж падае на зямлю – гэта важна, бо расліна не вечная, а новая трава без насення ніадкуль не з’явіцца.

Што ж робіцца ў Беларусі?

- У нас, калі трава толькі праб’ецца – яе косяць пад самы корань: яна не тое што адкаласіцца, але і вылезці нармальна не паспявае, - тлумачыць біёлаг Ігар Лапеха, - І гэта паўтараецца шматкроць на працягу лета – прыкладна раз на два тыдні. Мабыць, у Зелянбудзе ведаюць рэцэпт вечнага жыцця травы…

Паўзучая белая канюшына і бюджэтныя грошы

Зелянбуд пры гэтым не выкарыстоўвае адмысловых газонных сумесяў. Замест іх бяруцца зусім іншыя – кармавыя, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Такі кармавы луг расце пяць год. Першы год ён косіцца двойчы, другі – тры разы. Праз пяць год яго запахваюць ды засяваюць наноў. Чаму запахваюць? Бо праз кашэнне трава не можа расці і аднаўляцца нармальна, таму хутка дэградуе. То бок, калі газон мае быць невысокі –скажам, 4 см, то трэба распахваць кожныя пяць год траву ў горадзе і сеяць яе па-новай.

Але так, згодна Лапеху, не робяць нават у самых багатых краінах: бо дорага. Нават на Захадзе, кароткі газон можна ўбачыць толькі ў цэнтры горада, далей жа па горадзе ніхто нічога не косіць.

- У выніку ў нас фармуецца газон з паўзучага пустазелля, якое выцясняе звычайную траву – бо ў той няма шанцаў перамагчы, - працягвае Лапеха, - яе зразаюць кожныя два тыдні, не аднаўляюць. Таму і маем паўзучую белую канюшыну па ўсім горадзе.

Біёлаг упэўнены, што калі мясцовыя ўлады хочуць, каб па ўсім горадзе расла белая канюшына, варта наўпрост яе засеяць, але не выкачваць з бюджэту грошы на кашэнне (бензін ды заробкі касцам), каб знішчыць нармальную траву і даць месца канюшыне.

Па законе трэба касіць пяць разоў на сезон

Аргументацыя ўлады наконт мэтазгоднасці частых пакосаў простая. Гэта і пажарная бяспека, і хваляванне аб алергіках, і барацьба з кляшчамі. Галоўным аргументам пры гэтым застаецца “эстэтычны выгляд” гарадоў.

“Травяное пытанне” у Беларусі рэгламентуе хіба толькі Пастанова Савету Міністраў ад 28.11.2012 году №1087 “Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”, дзе можна знайсці радкі пра “своечасовае скашванне і выдаленне сорных раслінаў”. Ёсць яшчэ “Пералік працаў па тэхабслугоўванні”, зацверджаны пастановай №12 Мінжылкамгасу ад 20 траўня 2013, згодна з якім супрацоўнікі ЖКГ маюць касіць газон не радзей за адзін раз на месяц - з мая па верасень.

Такім чынам, згодна з законам, траву трэба касіць ажно пяць разоў на сезон, без уліку месцазнаходжання зялёнай зоны і яе прызначэння.

Англічане без “англійскага” газону

Варта нагадаць таксама, што самі англічане называюць свой “англійскі” газон зялёнай пустыняй. У Вялікабрытаніі ўжо некалькі дзясяткаў год працуе “антыгазонная дактрына”, якая заклікае захоўваць у гарадах дзікія травы ды палявыя кветкі. Прыкладам, вакол лонданскай кальцавой дарогі траву выкошваюць толькі каля дарожных знакаў, рэшту не чапаюць. Больш за тое, школам аб’яднанага каралеўства рэкамендуюць захоўваць на сваёй тэрыторыі дзялянкі з някошанай травой, каб дзеці маглі праводзіць практычныя заняткі па той жа біялогіі. Дзіўна, але фактар кляшчоў не спыняе англійскую адміністрацыю ў гэтым пытанні.

У Бельгіі ды Нямеччыне сітуацыя падобная. Напрыклад, уздоўж бельгійскіх дарог траву косяць або з затрымкай да жніўня, або не чапаюць наогул. Цікава таксама, што некаторыя кветкі, якія дагэтуль нейкім цудам яшчэ захаваліся ў беларускіх гарадах – рамонкі або валошкі – ужо сталіся прадметам зайздрасці еўрапейскіх эколагаў. Але ці надоўга?..

Автор:
Фотограф:
Васіль Малчанаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость