09.06.2023 / 19:06

Зялёны партал паразмаўляў з эколагам Канстанцінам Чыкалавым і фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім пра тое, як гэтая катастрофа адаб’ецца на прыродзе і людзях.

Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты
Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты

Кадры затопленых гарадоў і вёсак, якія нагадваюць наступствы цунамі, загінулыя жывёлы і ахвяры сярод мясцовага насельніцтва: здарэнне на Кахоўскай ГЭС цяпер, мабыць, адна з самых рэзанансных тэм у інфармацыйнай павестцы.

У аўторак, 6 чэрвеня, у выніку ваенных дзеянняў была часткова разбурана адна з самых вялікіх дамбаў у Еўропе. Затопленымі аказаліся дзесяткі населеных пунктаў, як з украінскага боку, так і на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях.

Разбурэнне плаціны пацягне за сабой шэраг гуманітарных і экалагічных наступстваў, лічаць эксперты.

Затоплены населены пункт
Затоплены населены пункт

 

Забруджванне навакольнага асяроддзя

Большасць экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што інцыдэнт на Кахоўскай ГЭС прывядзе да забруджвання навакольнага асяроддзя. Згодна дадзеным ад украінскіх уладаў, у Днепр патрапіла каля 150 тон машыннай змазкі. І ёсць рызыка, што ў далейшым яшчэ каля 300 тон можа апынуцца ў вадзе.

«Многія бачылі кадры, дзе затопленыя цэлыя паселішчы і часткі гарадоў. У сувязі з гэтым у ваду змыла велізарную колькасць бытавога смецця, рэчаў, пластыка, патрапілі каналізацыйныя сцёкі з калодзежаў, ачышчальных збудаванняў, адкладаў глею са дна вадасховішча, былі змытыя запраўкі і ёмістасці, дзе захоўваліся нафтапрадукты, розныя хімічныя рэчывы і ўгнаенні. Усё гэта цяпер асядзе на затопленых тэрыторыях і ў рэчышчы Дняпра, але ў большай ступені патрапіць у мора» – адзначае Канстанцін Чыкалаў.

Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты
Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты

 

Недахоп вады для сельскай гаспадаркі

Аварыя на ГЭС таксама можа прывесці да абмялення водазабораў для арашэння зямель. Таксама здарэнне можа паўплываць на клімат у рэгіёне: ён стане больш сухім, што дрэнна адаб’ецца на раслінах і жывёлах, а таксама прывядзе да асушэння палёў.

«Калі адкрыецца велізарнае пясчанае дно, мы атрымаем новую пустыню з усімі кліматычнымі наступствамі: памяншэнне ападкаў, пылавыя буры, пад’ём тэмпературы ў рэгіёне. І, адпаведна, большая рызыка засухі на палях цэнтра і поўдня Украіны» – заявілі актывісты праекту «Letʼs do it Ukraine».

Жанчына з жывёламі ў затопленай хаце
Жанчына з жывёламі ў затопленай хаце

 

Пагроза флоры і фаўне

Эколаг Канстанцін Чыкалаў адзначае, што асноўныя пагрозы, якія могуць адбыцца ў сувязі з разбурэннем ГЭС – гэта глабальнае забруджванне прэснаводных, марскіх і прыбярэжных экасістэм, знішчэнне біяразнастайнасці сушы, рэк і мора. Гэта пагражае знікненнем рэдкіх відаў, якія растуць і пражываюць толькі ў гэтым рэгіёне.

«Аб наступствах пакуль можна здагадвацца, але адназначна загіне частка планктону ў прыбярэжнай зоне Чорнага мора, але не выключаю верагоднасці гібелі кітападобных» – лічыць эколаг.

Намеснік міністра абароны навакольнага асяроддзя Украіны Аляксандр Красналуцкі заявіў, што пад пагрозай знішчэння знаходзяцца сотні тысяч птушак і дзясяткі тысяч жывёлаў. У Херсонскай вобласці было шмат нацыянальных прыродных паркаў, якія былі створаны для захоўвання чырванакніжных відаў. Там была ўнікальная флора і фаўна, характэрная толькі для гэтага паўднёвага рэгіёну.

«Разбурэнне ГЭС прывядзе да маштабнага знішчэння біяразнастайнасці ў гэтым рэгіёне, на аднаўленне якога спатрэбяцца дзесяцігоддзі, а кагосьці мы можам страціць назаўжды. У моры з вадасховішча змые асноўная колькасць прэснаводнай рыбы і малявак, дзе яны пасля загінуць. З-за таго, што ў вадзе апынуцца велізарныя плошчы тэрыторый з арганікай, якая пачне гніць, усё гэта прывядзе да зніжэння кіслароду ў вадзе, праз што пагоршыцца сітуацыя для рыбы..» – лічыць эколаг Канстанцін Чыкалаў.

На затопленых тэрыторыях з-за рэзкага ўзняцця вады апынуцца ў пастцы і загінуць паўзуны, млекакормячыя, вывадкі птушак з гнёздамі. Наступствы закрануць не менш за 58 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Некаторыя маюць міжнародныя статусы аховы: водна-балотныя ўгоддзі ахоўныя Рамсарскай канвенцыяй, тэрыторыі Ізумруднай сеткі, або, да прыкладу, Чарнаморскі біясферны запаведнік, які ўваходзіць у спіс біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА, – адзначае эксперт.

Так, напрыклад, моцна пацярпеў Нацыянальны парк «Ніжнедняпроўскі», які знаходзіцца ў Херсоне. Там прарастала больш за тысячу відаў раслінаў. Пад пагрозай аказаліся і мясцовыя жывёлы: лані, алені, казулі, фазаны, андатры і іншыя.

Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты
Фота - Стас Юрчэнка, Ґраты

 

Уплыў на Запарожскую АЭС

Раней эксперты выказвалі меркаванне, што раптоўная страта вады ў Кахоўскім вадасховішчы можа пагражаць астуджэнню ЗАЭС. Падобны сцэнар адбыўся ў Фукусіме: цунамі былі пашкоджаныя лініі электразабеспячэння і было пашкоджана абсталяванне для сістэмы астуджэння. Гэта выклікала перагрэў трох рэактараў. У выніку аварыі ў навакольнае асяроддзе патрапілі радыеактыўныя элементы, такія як ізатопы ёду і цэзію.

Кахоўская ГЭС і Энергадар на мапе
Кахоўская ГЭС і Энергадар на мапе

«Калі б аварыя адбылася тады, калі Запарожская АЭС працавала на поўную моц, то гэта магло бы стаць штуршком для сур’ёзнай радыяцыйнай аварыі. Зараз некалькі фактараў паказвае, што непасрэднай пагрозы няма. Але тут нават МАГАТЭ падкрэслівае, што “непасрэднай” – гэта значыць, небяспека існуе, але не бліжэйшыя гадзіны або дні. Большасць рэактараў спыненыя даволі даўно: частка не працавала ўжо ў сакавіку 2022» – лічыць фізік-ядзершчык, сябра Беларускай антыядзернай кампаніі (БАЯК) Андрэй Ажароўскі.

Усе 6 рэактараў на Запарожскай АЭС былі спыненыя ў верасні 2022 года. Адзін з рэактар цяпер знаходзяцца ў рэжыме «гарачага прыпынку».

«Рэактар 6-ы пераведзены ў халодны стан у красавіку гэтага года. Адзіны “гарачы” спынены рэактар – гэта 5-ы энергаблок. Ён працуе для патрэбаў станцыі. Гэтыя фактары зніжаюць патрэбнасці ў вадаёме-ахаладжальніку. Астуджэнне можа ажыццяўляцца з дапамогай пырскальных вадаёмаў – гэта такая замкнёная сістэма ахалоджвання. Так, яна таксама патрабуе падсілкоўвання, але не ў такіх аб’ёмах, як калі рэактар працуе на поўнай магутнасці».

Запарожская АЭС
Запарожская АЭС

На думку эксперта, зніжае небяспеку таксама той факт, што вадаём-ахаладжальнік агароджаны ад Кахоўскага вадасховішча магутнай дамбай.

«Вядома, узровень Кахоўскага вадасховішча ўплывае на вадаём-ахаладжальнік. Але на думку МАГАТЭ яшчэ месяцы ўзровень вады там можа быць стабільным».

Ажароўскі прагназуе, што гэтае здарэнне зрабіла менш верагодным перазапуск рэактараў. Без надзейнай сістэмы астуджэння ЗАЭС працаваць не зможа.

«З экалагічнага пункту гледжання гэта нават пазітыўна, таму што любая АЭС – радыяцыйна небяспечны аб’ект. На Запарожскай атамнай электрастанцыі ўстаноўленыя старыя рэактары ВВЭР-1000 савецкай пабудовы. Адсутнічае падвойная ахоўная абалонка, адсутнічае пастка расплаву. Пры любым развіцці падзей, хто б ні завалодаў электрастанцыяй, верагоднасць таго, што 1-4 рэактары змогуць быць запушчаныя – вельмі малая», – гаворыць эксперт БАЯК.

 

Падводзячы вынікі....

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што пазбегнуць ядзернай катастрофы праз падрыў ГЭС магчыма, але тым не менш, іншыя наступствы для навакольнага асяроддзя будуць адчувальныя.

Тое, што здарылася, тычыцца не толькі Украіны, але і ўсяго еўрапейскага кантынента – лічыць эколаг Канстанцін Чыкалаў: «У прыроды няма межаў, і пры глабальных экалагічных выкліках усяму жывому на планеце…Пры такіх маштабных наступствах губляем мы ўсе, усё чалавецтва.

Пра гэта кажуць шматлікія канвенцыі, стратэгіі і міжнародныя пагадненні, якія кожны год прымаюцца, а рэалізацыя ўскладаецца на ўрады і кожнага з нас. Мы жывем у той час, калі павінны браць адказнасць за захаванне таго малога, што ў нас засталося».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость