09.08.2017 / 12:08

Скандальная гісторыя з высечкамі ў польскай частцы Белавежскай пушчы абляцела беларускія і міжнародныя медыя. Аднак мала каму вядома, што ў гістарычнай сталіцы суседняй краіны  Кракаве  улады маюць намер знішчыць унікальны ландшафтны запаведнік. Пра гэта Зялёнаму парталу на рэдакцыйную скрынку напісаў Якуб Логінаў, па інфармацыі якога мы і публікуем дадзены матэрыял.

Кракаў — неверагодны горад, які акрамя гісторычнай і архітэктурнай спадчыны мае дасканалае прыроднае размяшчэнне – на мяжы некалькіх геаграфічных рэгіёнаў. На поўдні горада пачынаецца падножжа Карпат, на поўначы і захадзе — Кракаўска-Чэнстаховскае ўзвышша.

Гэты край можна лічыць найпрыгажэйшым у Польшчы, што падобны да ўкраінскага Падолля і пагорыстых ваколіц Раўбічаў пад Мінскам. Каралеўскі замак Вавель узведзены на юрскім скалістым пагорку, што прасціраецца на ўсход. Непасрэдна ў адміністрацыйных межах горада ёсць больш 10 пячораў і краявіды, якія ўражваюць сваёй прыгажосцю.

Кракаў у гэтым плане нечым нагадвае сваёй прыродай Вільню: лясы, дзікая рака, пагоркі падыходзяць амаль да цэнтра горада. З мэтай захаваць і абараніць яе ў 1981 годзе быў створаны Белянска-Тынецкі запаведнік — ландшафтны парк ў Польшчы, які ў беларускіх умовах прыраўніваецца да ландшафтнага заказніка.

Заставаліся гэтыя тэрыторыі некранутымі ў 1980-я і 1990-я гады.

Праблема пачалася пасля 2000 году, калі змянілі закон пра генеральныя планы, якімі рэгулюецца горадабудаўнічая дзейнасць у Кракаве. Атрымалася так, што старыя планы перасталі дзейнічаць, а новыя распрацоўваюцца да гэтага часу. Разам з тым, у Польшчы змянілі закон аб ахове прыроды, і ландшафтныя паркі страцілі ранейшую юрыдычную ахову. Засталіся агульныя правілы пра тое, чаго нельга рабіць, але зніклі практычныя магчымасці сачыць за выкананнем закона.

Іначай кажучы, сёння мэр горада Кракава, Яцэк Майхровскі, можа запланаваць у мясцовым плане терытарыяльнага ўпарадкавання тое, што яўна супярэчыць агульным правілам ландшафтнага запаведніка. Бо няма інстытуцыі, якая можа гэта рэальна забароніць. Адміністрацыя Парку ў сілах толькі напісаць адмову, але яна неабавязковая.

 

Чаму мэр Кракава нішчыць парк?

Пытанне, як можна здагадацца, у інтарэсе да інвестыцыйных фінансаў. Узвядзенне будынкаў у такім месцыдля інвэстара азначае шматмільённыя прыбыткі. Таму яны не гребуюць рознымі заахвочаннямі і ціскам на мясцовую ўладу.

Актывісты крытыкуюць мясцовую ўладу за тое, што яна за шмат выходзіць насустрач інвэстарам, які хочуць штосьці пабудаваць на зялёнай зоне. На жаль, бясспрэчных доказаў карупцыйных схем пакуль так не знойдзена.

Не так даўно пад “ціск” інвестараў патрапіў адзін з найпрыгажэйшых участкаў Беланска-Тынецкага запаведніка — кракаўскі райён Бодзаў (Bodzów). Мэр Кракава прапанаваў для таго месца новы генеральны план, які дазволіць знішчыць і забудаваць гэтыя зямлі.

 

Чаму палякам важна бараніць сваё?

Акрамя ўсяго, што Белянска-Тынецкі ландшафтны запаведнік з’яўляецца часткай горада, ён стаў прытулкам для шматлікіх рэдкіх раслін і жывёл. Тэрыторыя іграе важную ролю паветранага калідора для Кракава, асабліва, калі смог стаў адной з гарадскіх праблем. Ды й краявіды тут чаруюць вока.

Аднак не толькі ўся гэта прыгажосць становіцца прычынай абароны парка. Па словах Пятра Цёхоня, аднаго з заснавальнікаў ініцыятывы «Ратуйма Белянска-Тынецкі ландшафтны запаведнік», справа Бодзова стала канчатковай кропкай ва ўсіх агрэсіўных дзеяннях чыноўнікаў, якія не клапоцяцца пра ахову наваколля, не турбуюцца праблемай смогу і гатовы забудаваць усе ваколіцы Кракава.

Я жыву тут недалёка — гэта маё месца, мой горад, частка мяне. Парк стаў месцам для адпачынку, месцам, з якім звязаны ўспаміны. Ландшафтны заказнік заўжды служыў жыхарам і турыстам. Таму я проста не магу глядзець, як яго нішчаць насуперак законам, як дзяржаўныя ўстановы, што б маглі заступіцца за парк, папросту не робяць гэтага ці не маюць поспеху ў сваіх намаганнях”, — распавядае ён.

Пётр Цёхонь
Пётр Цёхонь

У сваёй барацьбе актывістам атрымалася дасягнуць нямала вынікаў, напрыклад, пазбегнуць знішчэння пэўных каштоўных тэрыторый, дабіцца падрыхтоўкі ўтварэння новых заказнікаў.

Неабходна змагацца за месца, якое любіш, нават калі падаецца, што ўсё бессэнсоўна і ты ідзеш насуперак цэламу свету, уладам, вялікім грашам. Але горад — гэта не толькі бетон!”, — раіць Пётр Цёхонь.

Зразумела, з пункту гладження беларусаў праблема кракаўскага райёну Бодзаў (Bodzów) далёкая і, падаецца, зусім ня важная. Але яна — прыклад таго, што карупцыя тычыцца не толькі постсавецкіх краін, на жаль, ёсць яна і ў краінах Еўразвязу.

Між тым, варта зразумець, калі людзі ў Кракаве арганізуюцца супраць знішчэння зялёных зон, гэта зусім не азначае, што яны выступаюць супраць уладаў як такіх. Да гэтай высновы абаронцы Беланска-Тынецкага парку прыйшлі, калі ўбачылі як іх падтрымліваюць розныя дэпутаты з двох “варожых” палітычных фракцый: Платформы і Права і справядлівасці. Пры ўсім, што іншыя дэпутаты з гэтых партый маюць інтарэс у знішчэнні ландшафтнага запаведніка.

Напачатку мы нават баяліся рэакцыі аднаго прадстаўніка партыі на нашы стасункі з яго палітычным “ворагам”. Але апынулася, што экалогія - гэта зусім іншая, не палітычная, дзейнасць”, — тлумачыць Якуб Логінаў.

Автор:
Фотограф:
Якуб Логінаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость