На ахову навакольнага асяроддзя ў Дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2026 год вылучылі ажно 238 мільёнаў рублёў, што на 23,78% больш, чым у мінулым годзе. Больш грошай пойдзе амаль на ўсё ў гэтай сферы, а найбольшы рост – у прыкладных даследаваннях у сферы аховы навакольнага асяроддзя. Запланаваныя выдаткі выраслі больш, чым у два разы – з 3,19 мільёнаў да 6,86 мільёнаў рублёў.
Па-за ўвагай традыцыйна засталася інфраструктура ў нацыянальных парках і Бярэзінскім біясферным запаведніку. Але як так атрымліваецца?
У Дзяржаўны бюджэт, сярод іншага, уваходзіць Дзяржаўная інвестыцыйная праграма (ДІП) – праз яе рэалізуюць тое, што называюць галоўнымі дзяржбудоўлямі краіны. Напрыклад, у 2025 годзе за кошт ДІП будавалі і рэканструявалі аўтамабільныя дарогі, масты, тэхнапаркі, бальніцы (або шпіталі), школу, універсітэцкія карпусы, спартыўныя цэнтры і нават рэлігійныя аб’екты. Усяго ў межах ДІП мусіла фінансавацца 82 аб’екты.
Фінансавы аб’ём Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2026 годзе вырас з 1,44 мільярда рублёў да 2,07 мільярда рублёў. Дакладны спіс аб’ектаў, на якія пойдуць гэтыя грошы, стане вядомы ў пачатку года, але ўжо цяпер вядома, што інфраструктуры ні нацыянальных паркаў, ні Бярэзінскага біясфернага запаведніка там не будзе – гэта асобна прагаворваецца ў законе пра дзяржбюджэт і на 2025, і на 2026 гады.
Але ў 2025 годзе гэтая інфраструктура магла фінансавацца з дзяржпраграмы «Аграрны бізнэс», якая была разлічана на 2021–2025 гады, пра што і было напісана ў адпаведным законе. У 2026 годзе той праграмы ўжо няма, і таму ў законе пра бюджэт на 2026 год проста напісана, што інфраструктурныя праекты нацпаркаў і Бярэзінскага біясфернага запаведніка выключаюцца са спісаў будоўляў і аб’ектаў, што фінансуюцца за кошт сродкаў Дзяржаўнага бюджэту.
Пры гэтым у кастрычніку 2025 года БелТА справаздачылася, што да стагоддзя Бярэзінскага запаведніка была рэканструявана і мадэрнізавана цэнтральная сядзіба ў вёсцы Домжарыцы. Там усталявалі новую сістэму асвятлення, лаўкі, малыя архітэктурныя формы, адрэмантавалі тратуары і зоны адпачынку. Папрацавалі таксама над гатэльным комплексам «Сергуч», домам экалагічнай асветы, музеем запаведнай справы і лясным заапаркам.
Кіраўнік справамі Прэзідэнта Юры Назараў казаў пра санаторый «Баравое» ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, што там ідзе будаўніцтва, і хутка ўжо там змогуць адначасова адпачываць у паўтара раза больш людзей.
«Гэта цягне за сабой усю інфраструктуру. У наступным годзе давядзём да ладу гэты санаторый, які зможа быць самадастатковым. Бо пры той колькасці месцаў, якая сёння, ён не зможа зарабляць для таго, каб развівацца далей», – заявіў ён.
Хто гэтыя «мы» і адкуль менавіта на гэты праект пойдуць грошы, не ўдакладняецца.