Ініцыятыва kotos.org падштурхвае беларусаў быць больш актыўнымі ў мясцовым самакіраванні, тым больш для гэтага ёсць усе законныя падставы. На семінары актывісты расказалі, якім чынам зараз можна правесці выбары ў КОТГС і пачаць вырашаць мясцовыя праблемы.
Падрыхтоўка
Схема выбараў у калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, на першы погляд, ня простая: пачатку людзі выбіраюць упаўнаважаных, а потым тыя ўжо на мясцовым сходзе выбіраюць членаў КОТГСа.
Калі вы ініцыятар гэтых змен, на першым этапе вам патрэбна ініцыятыўная група, якая будзе дапамагаць у працэсе працы. Плюс трэба звярнуцца ў адміністрацыю раёна (ці выканкам), у ЖЭС ці да мясцовага дэпутата за інфармацыяй: колькі людзей пражываюць на тэрыторыі вашага КОТГСа, якія яго межы, якія вуліцы і дамы знаходзяцца на яго плошчы.
Яшчэ можна папрасіць пачытаць дакументы, прынятыя вашым калектыўным органам самакіравання, даведацца пра дэмаграфічныя характарыстыкі насельніцтва, знайсці інфармацыю пра колькасць шматдзетных сямей і людзей з інваліднасцю.
Усё гэта спатрэбіцца, каб правесці кароткае даследаванне – і ўявіць, хто вашы суседзі. Выдатна, калі вы будзеце разумець прыкладна іх узрост, сямейны статус, эканамічныя ўмовы, узровень адукацыі і актывізму. Напрыклад, у Новай Баравой жыве больш маладых айцішнікаў – і іх будуць хваляваць крыху іншыя праблемы, чым пенсіянераў з нейкага мікрараёна хрушчовак.
У юрыдычным плане вам патрэбна будзе ведаць, што само існаванне органаў самакіравання замацавана ў артыкуле 117 Канстытуцыі і ў Законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіравання”. А магчымасць выбару членаў КОТГСа – у Законе “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.
Падрыхтоўка да збору подпісаў
Калі вы будзеце ведаць, колькі людзей пражываюць у КОТГСе, вы зможаце падлічыць колькасць подпісаў, якія трэба сабраць вашай ініцыятыўнай групе.
Мэтазгодна адразу збіраць подпісы і за правядзенне мясцовага сходу (патрэбна 10% ад тых, хто жыве на тэрыторыі КОТГСа), і за вылучэнне ўпаўнаважаных (25%). Падпісваць могуць толькі людзі 18+, якія зарэгістраваны на гэтай тэрыторыі ці маюць тут маёмасць.
У законе прапісана, што ініцыятыўная група сама вырашае норму прадстаўніцтва жыхароў на сходзе, але ж выдатна будзе прытрымлівацца наступнай схемы.
Напрыклад, на тэрыторыі КОТГСа знаходзяцца 20 дамоў і жыве 6000 жыхароў. 25% ад іх – 1500 (мінімум столькі подпісаў трэба сабраць). У адпаведнасці з нормай прадстаўніцтва 1500 подпісаў дзелім на 20 дамоў – атрымліваем 75 чалавек з дому павінны падпісацца за ўпаўнаважанага. Добра, калі ў кожнага дома будзе свой упаўнаважаны, які і будзе хадзіць і збіраць за сябе подпісы.
Тым, хто пойдзе ў народ, трэба раздрукаваць пратакол аб стварэнні ініцыятыўнай групы (гэта мясцовы дакумент, у адміністрацыі раёна яго паказваць не трэба). Варта прычапіць бэйдж, каб людзям было зразумела, хто з імі размаўляе, і падрыхтаваць аргументы, чаму трэба паставіць подпіс за мясцовы сход і за вылучэнне ўпаўнаважанага.
Паколькі абысці ўсіх людзей цяжкавата, трэба падзяліць іх на групы: дваровы актыў, прыхільнікі перамен, апаненты і пасіўныя. Працаваць трэба з першымі дзвюма катэгорыя, а апошнія дзве – ігнараваць. Так вы зэканоміце час, знойдзеце аднадумцаў і памочнікаў.
Каб вырашыць, якія мясцовыя праблемы больш за ўсё хвалююць людзей, можна стварыць анкету ці апытанку і закінуць у чат. Затым выберыце тры з іх, якія вам падаюцца найбольш важнымі і якія КОТГС рэальна можа вырашыць. І ідзіце на збор подпісаў, прапануючы людзям вырашэнне пытання і перамены да лепшага.
Падчас размовы ўсю важную інфармацыю трэба ўкласці максімум у дзве хвіліны: расказаць пра сябе, як вы можаце палепшыць жыццё жыхароў і вырашыць пытанні, пры чым тут КОТГС і чаму трэба ставіць подпіс.
Напрыклад, у двары няма дзіцячай пляцоўкі. Ваша пазіцыя: КОТГС можа правесці збор ахвяраванняў на свой рахунак і дапамагчы ва ўсталяванні дзіцячай пляцоўкі, або папрасіць сродкі з бюджэту ў адміністрацыі, або ўключыць пляцоўку ў план ЖЭС па добраўпарадкаванні.
Як паказвае практыка, найбольш эфектыўная стратэгія працы з жыхарамі – гэта абыход ад дзвярэй да дзвярэй, правядзенне дваровых мерапрыемстваў і абзвон.
Сярэднюю эфектыўнасць маюць паштовыя рассылкі пра збор подпісаў, невялікія персанальныя сустрэчы, распаўсюджванне інфармацыі праз сацыяльныя медыя.
Нізкая эфектыўнасць у лістовак, рэкламы ў паштовых скрынях, газетах, на плакатах, налепках ці ў рассылцы на электронную пошту ці ў месенджары.
Лепш патэлефанаваць суседзям у дамафон – і папярэдзіць што сёння адбываецца збор подпісаў у двары, чым проста прыклеіць лістоўку на пад’езд.
Цяпер сход
Як толькі ў вашым падпісным лісце з’явіўся першы подпіс – пачынаецца адлік трох месяцаў, за якія вы павінны паспець сабраць подпісы і правесці сход. Да таго ж за 15 дзён да сходу трэба папярэдзіць адміністрацыю раёна ці выканкам, даслаць ім подпісы людзей, завераныя членам ініцыятыўнай групы. Адразу з гэтым варта папрасіць у іх памяшканне для сустрэчы ўпаўнаважаных і жыхароў.
За сем дзён аб сходзе трэба паведаміць грамадзянам (але ж па факце вы будзеце іх апавяшчаць яшчэ падчас збору подпісаў).
Пасля выбараў афармляюцца дакументы – і падаюцца ў адміністрацыю ці выканкам.
За гэтым планам абавязкова трэба сачыць і весці яго разам з графікам.
Упаўнаважаныя маюць права прадстаўляць дом толькі адзін дзень – на самім сходзе. Каб ён адбыўся, трэба, каб на ім прысутнічала мінімум 2/3 упаўнаважаных. На пачатку ініцыятыўная група вырашае, хто будзе старшынёй сходу, выбірае сакратара, падліковую камісію, зацвярджае ўсе фармальныя палажэнні.
Далей упаўнаважаныя галасуюць: членамі КОТГСа могуць стаць і яны самі, і любы чалавек, які на сходзе пра гэта заявіць. Галасаванне можа адбывацца або спісам, або з разглядам кожнай кандыдатуры асобна. Гэта вырашае сама ініцыятыўная група. Колькасць членаў КОТГСа не абмежавана, як і колькасць упаўнаважаных, дарэчы.
У прынцыпе, калі вы маеце паразуменне з цяперашнім старшынёй КОТГСа, мясцовы сход можна выкарыстаць крыху для іншых мэт. На ім можна не поўнасцю змяніць кіраўніцтва органа самакіравання, а давыбіраць туды некалькі членаў ці, наадварот, пазбавіць членства неактыўных грамадзян.
Усе прыклады падпісных лістоў і іншых дакументаў знаходзяцца на kotos.org. Праз тэлефон на сайце можна таксама атрымаць кансультацыю па пытаннях і дапамогу на любым этапе выбараў у КОТГС.