10.04.2017 / 09:04

150 кг корму і розных іншых прадуктаў для жывёл, а таксама больш за 100 павадкоў, місак і іншых аксэсуараў сабрала за дзве гадзіны акцыя ў падтрымку бадзялых жывёл, якая прайшла 8 красавіка ў Old City. Прыйсці і падтрымаць акцыю ў гандлёвым цэнтры можна і зараз   яна трывае да 23 красавіка.

Арганізатары прыцягнулі ўвагу гарадзенцаў выступам саксафаніста з Мінска Антона Грыневіча і перадусім арт-інсталяцыяй скульптараў Улада Лісіна і Яўгена Вінакурава.

Улад Лісін
Улад Лісін

Мастакі зрабілі фігуру сабакі ў поўны рост пад назвай «Сабака Баскервiлька», у яе стварэнні былі спалучаныя тры віды мастацтва: скульптура, фатаграфія і жывапіс. Для яе стварэння выкарыстоўваліся як фатаграфіі жывёл з пункта часовага ўтрымання «Спецаўтагаспадаркі», так і фатаграфіі хатніх жывёл. Такім чынам аўтары хацелі прадэманстраваць, што ў жыцці ўсе жывёлы аднолькава прыгожыя, і толькі самі людзі штучна іх падзяляюць.

Побач былі расстаўленыя каркасы яшчэ пяці скульптур сабак, якія размалёўвалі гродзенцы. Саміх жа гродзенцаў адмысловыя спецыялісты аквагрыму Алена Мацюк і Наталля Літвінава размалёўвалі пад котак, сабак і іншых жывёл.

Як адзначылі арганізатары, на акцыі сабралі практычна двухмесячны рацыён кармоў і прадуктаў для жывёл. Напрыклад, велізарны пакунак харчоў прынесла настаўніца з гімназіі № 6 разам з вучнямі, вельмі дапамагла сетка крамаў «Заасфера».

Акцыя будзе знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры да 23 красавіка і кожны наведвальнік можа падтрымаць жывёл. Усе сабраныя рэчы будуць перададзеныя ў пункт часовага утрымання бадзялых жывёл пры «Спецаўтагаспадарцы».

Арганізатары акцыі
Арганізатары акцыі

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость