За арганізацыю флэшмобу супраць працы завода беленай цэлюлозы ў пачатку кастрычніка 2018 года суддзя раённага суда Руслан Царук аштрафаваў праваабаронцу і экаактывіста на 25 базавых велічыняў (612 рублёў 50 капеек) кожнага_ую.
Маслюкова і Змітровіч раней абскарджвалі штрафы ў Гомельскі абласны суд, але пастанову раённага суда пакінулі ў сіле, а іх скаргі — без задавальнення.
1 ліпеня Вярхоўны Суд за подпісам намесніка старшыні Р. Аніскевіча адказаў, што пастанова суда Светлагорскага раёна і суда Гомельскага абласнога суда з'яўляюцца законнымі і абгрунтаванымі, падстаў для адмены пастановаў не маецца.
“На вялікі жаль, Вярхоўны суд, як і папярэднія, не стаў на бок правоў чалавека. Відавочна, што цяперашняя судовая сістэма ніколі не стане на бок актывістаў, ніколі не стане абараняць нашае, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, права на свабоду мірных сходаў, на свабоду думкі, на права жыць у спрыяльных умовах.
Фактычна, мае словы ў Светлагорскім раённым судзе, сказаныя суддзю Руслану Царуку, які разглядаў нашую справу, “да сустрэчы ў КПЧ ААН” сталі прароцкімі. Таму, актывісты выйшлі на фінішную прамую”, — каментуе рашэнне Вярхоўнага суда праваабаронца.
Што не так са справай?
На думку юрыста “Вясны” Аляксея Лойкі па гэтай справе быў дапушчаны шэраг парушэнняў, якія цягнуць адмену пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, як у дачыненні да Алены Маслюковай, так і Анатоля Змітровіча.
- Парушаная прэзумпцыя невінаватасці.
Як адзначае Алена Маслюкова, яна сапраўды прысутнічала 9 верасня каля гандлёвага цэнтра “Бярозкі”, каб праінфармаваць сваіх знаёмых і неабыякавых грамадзян аб тым, што заяўка на правядзенне мірнага сходу не была падтрымана гарадскімі ўладамі і сход па сутнасці забаронены. Гэта яна пацвердзіла і на судовым пасяджэнні ў судзе Светлагорскага раёна.
“Мая прысутнасць заключалася ў тым, каб не дапусціць здзяйснення іншымі грамадзянамі парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Якіх-небудзь заклікаў я не ажыццяўляла, а, наадварот, прадухіляла здзяйсненне іншымі грамадзянамі парушэнняў дзеючага заканадаўства”, — распавядае праваабаронца.
Разам з тым, як адзначае юрыст “Вясны”, судом Светлагорскага раёна не было прадстаўлена доказаў таго, што ў момант яе знаходжання каля гандлёвага цэнтра яна здзяйсняла якія-небудзь заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
“Да прыкладу, апісанне правапарушэння не ўтрымлівае пералічэння канкрэтных дзеянняў Маслюковай і Змітровіча, а менавіта, што яны прамаўлялі нейкія лозунгі, трымалі плакаты. Аднаго факту прысутнасці адназначна недастаткова”, — падкрэслівае Аляксей Лойка.
- Неправамерна абмежавана права на распаўсюд інфармацыі.
Напярэдадні флэшмобу на слупах Светлагорска былі расклееныя ўлёткі, якія змяшчаюць звесткі аб правядзенні пікета 15 верасня. Доўгі час іх не прыбіралі гарадскія камунальныя службы. На думку юрыста “Вясны” Аляксея Лойкі, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ўлады павінны абгрунтаваць, якую пагрозу нясуць такія ўлёткі. У адваротным выпадку, абмежаванне права на распаўсюд інфармацыі неправамерна.
Аднак, калі Алена Маслюкова размясціла фатаграфіі гэтых улётак у “Аднакласніках” і “Фэйсбуку”, суд палічыў гэта заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП.
“Выкладваючы фатаграфіі ўлётак з утрыманнем інфармацыі пра дату, час і месца правядзення пікета на Цэнтральнай плошчы Светлагорска я толькі распаўсюджвала інфармацыю, якая і без таго была размешчаная па ўсім горадзе”, — распавядае праваабаронца.
Дадзены эпізод, як адзначае Аляксей Лойка, наўпрост тычыцца права на свабоду выказвання меркавання і распаўсюда інфармацыі, якія гарантаваныя артыкулам 33 Канстытуцыі і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак суд пры вырашэнні справы, не зрабіў ацэнку на прадмет правамернасці абмежавання гэтага права.
- Парушаны прынцып спаборнасці бакоў у адміністрацыйным працэсе.
Віна праваабаронцы па ч.2 арт. 23.34 КаАП па сутнасці была сфарміравана толькі на падставе пратаколаў апытання сведак супрацоўнікаў і супрацоўніц міліцыі і мясцовага выканкама А. Дайнека, А. Гарбар, Е. Лось, О. Акімцавай, Е. Сліжа. Шматразовыя хадайніцтвы Алены Маслюковай аб выкліку гэтых сведак для вуснага допыту ў суд былі адхіленыя нібыта ў сувязі з тым, што “яны накіраваны на зацягванне працэсу”. Так, праваабаронцу пазбавілі магчымасці ў судовым пасяджэнні задаць пытанні сведкам, якія сведчылі супраць яе.
Прынцып спаборнасці прадугледжвае наяўнасць у працэсе бакоў з процілеглымі інтарэсамі. Спаборнасць немагчымая без роўнасці бакоў у судовым працэсе.
“У дадзеным выпадку Светлагорскі РАУС як орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, апытаў сваіх супрацоўнікаў у якасці сведак, і потым суд паклаў гэта ў аснову абвінавачання. Ці можа тут ісці гаворка пра роўныя магчымасці бакоў у працэсе?”, — задае рытарычнае пытанне юрыст “Вясны” Аляксей Лойка.
- Парушана права на абарону.
Немагчымасць апытання сведак пацягнула не толькі парушэнне прынцыпу спаборнасці ў гэтай справе, але і ўшчаміла іншыя працэсуальныя правы. Напрыклад, пазбавіла магчымасці пярэчыць супраць паказанняў сведак. Акрамя гэтага, немагчымасць апытання сведак пацягнула парушэнне права на абарону, якое прадугледжана арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, тое, што Алена Маслюкова не магла апытаць сведак у судзе, пазбавіла яе права абараняць сябе самастойна.
Праваабаронца Алена Маслюкова адзначае, што будзе абскарджваць рашэнне суда на міжнародным узроўні ў Камітэце па правах чалавека ААН.