Еўракамісія прапанавала першы на кантыненце закон аб глебе, накіраваны на тое, каб ліквідаваць шкоду, нанесеную інтэнсіўным земляробствам, і змякчыць глабальнае пацяпленне, піша The Guardian.
На фоне жорсткага супраціўлення прапанаваным законам аб аднаўленні прыроды і абмежаванні пестыцыдаў Еўрапейская камісія выступіла з прапановамі па аднаўленні дэградаваных глеб. Даследаванні паказваюць, што гэта можа дапамагчы паглынаць вуглярод з атмасферы і забяспечыць устойлівую вытворчасць прадуктаў харчавання.
Новы закон дазволіць дзяржавам кантраляваць здароўе глеб, выкарыстанне ўгнаенняў і эрозію, але не забяспечыць дасягненне мэтавых паказчыкаў на ўзроўні краіны па паляпшэнні якасці глебы. Гэта выклікала крытыку з боку еўрапейскай аграхарчовай прамысловасці, якая заклікала да большай рашучасці ў тым, как паляпшаць «трывожны» стан глеб.
Паводле камісара ЕС па навакольным асяроддзі Віргініюса Сінкявічуса, канчатковай мэтай з’яўляецца тое, каб да 2050 года глебы на кантыненце былі здаровымі. Цяпер жа больш за 60 % глебаў у ЕС лічацца нездаровымі.
«Самая вялікая рызыка для харчовай бяспекі і фермераў – гэта тое, што нашыя глебы працягнуць дэградаваць. Па сутнасці, іх бізнэс-мадэль знішчана», – сказаў ён. «Я з цяжкасцю ўяўляю, як мы маглі б займацца сельскай гаспадаркай без урадлівых глеб. З больш здаровымі глебамі можна пазбегнуць найгоршых наступстваў засух і паводкаў».
Аднак новы закон не будзе мець юрыдычна абавязковых задач.
«Мы адкрываем шлях да дадатковых магчымасцей прыбытку для фермераў і землеўладальнікаў праз добраахвотную схему сертыфікацыі здароўя глебы і моцную сінэргію з вугляродным земляробствам і плацяжамі за экасістэмныя паслугі», – сказаў Сінкявічус.
Землекарыстанне з’яўляецца другой пасля выкапнёвага паліва асноўнай крыніцай выкідаў парніковых газаў і асноўнай прычынай страты біяразнастайнасці, прычым празмернае выкарыстанне ўгнаенняў і дэградацыя тарфянікаў з’яўляюцца прычынай абодвух крызісаў.
Даследаванні, апублікаваныя раней на гэтым тыдні, паказалі, што сціплае паляпшэнне сельскагаспадарчых глеб ва ўсім свеце можа назапасіць дастатковую колькасць вугляроду, каб трымаць глабальнае пацяпленне ў межах 1,5 градусаў Цэльсія.
Арганізацыя One Planet Business for Biodiversity (OP2B), галоўны прадстаўнік еўрапейскай аграхарчовай прамысловасці ў Бруселі, заявіла, што прапановы не зайшлі дастаткова далёка. «ЕС павінен пайсці далей, каб справіцца з тэндэнцыяй пагаршэння здароўя глебы ў Еўропе», – заявіла дырэктарка OP2B Стэфанія Аванзіні.
Арганізацыя заклікае краіны ЕС і Еўрапейскі парламент павысіць амбіцыйнасць прапановы. «Мы вельмі цэнім значэнне, якое камісія надае сельскай гаспадарцы, і яе цэнтральную ролю ў кіраванні глебай», – сказала Аванзіні.
«Тым не менш, мы былі б удзячныя, каб камісія ўсвядоміла маштаб намаганняў, неабходных для пераходу да метадаў устойлівага кіравання і мабілізацыі неабходных сродкаў для падтрымкі пераходу да маштабнага аднаўленчага земляробства».