11.05.2017 / 16:05

«Радыё Свабода» сабрала ідэі для беларускай сталіцы ў час шпацыру па Празе з фатографам і гарадскім актывістам Антонам Матолька. Зялёны партал выбраў найбольш цікавыя рэчы, якія тычацца гарадской экалогіі і ўрбанізму ў цэлым.

У Празе вельмі зручная сістэма грамадскага транспарту

Я не заўважыў, каб была праблема трапіць у патрэбную частку гораду метро ці трамваем. І ўсё за 15-20 хвілін, нават у вячэрні час. Чэхі накіравалі вялікія сродкі на развіццё грамадскага транспарту, і людзі ім актыўна карыстаюцца. Каб трапіць кудысьці з цэнтру Мінску, то трэба плюс-мінус 30 хвілінаў на машыне. У гадзіну пік нават больш.

 

У метро і трамваях няма натоўпаў

Заўсёды шмат вольных месцаў. Пры гэтым у метро можна ўзяць ровар. Магчыма, у Празе проста пісьменна размеркавана нагрузка на горад. У Мінску ёсць цэнтр, дзе сканцэнтравана проста ўсё. Зранку ўсе туды едуць, а ўвечары вяртаюцца. А ўдзень ўсе праз цэнтр праязджаюць. У Празе цэнтр пераважна турыстычны. Гарадзкія плыні ў Празе, магчыма, і няроўныя, але яны размеркаваныя па горадзе. Адпаведна, няма патрэбы ўсім зранку ехаць у Прагу-1. Тут не будуюць тысячы бізнэс-цэнтраў у адным месцы, як у нас на Нямізе, якая сама па сабе нешырокая.

 

Паркоўка

Заторы ў цэнтры гораду складаюцца з 7 машын. Магчыма, таму, што ня ўсе сунуцца ў цэнтр. А, магчыма, прычына ў добрай сістэме рэзыдэнцкай паркоўкі. Калі ты жывеш у цэнтры, то маеш права паркавацца ў канкрэтным месцы і плоціш за гэта каля 50 даляраў у год. Пенсіянеры плоцяць у 3 разы менш. А па-за цэнтрам паркоўка бясплатная. Гэта самы слушны варыянт. Па-іншаму варышыць пытанне з паркоўкай немагчыма. Колькі б шмат ты іх не будаваў.

 

Разметка

Здаецца, што гэта драбяза, але яна дапамагае людзям правільна паркавацца. У нас рэдка яе пабачыш. А калі ЖЭС яе і робіць, то ўсё выглядае зусім іканш.

 

Ровары

У нас раварыстам перашкаджае плітка. Тут праблема ў брукаванцы. Але ў Празе сцежак на вока больш. Я ведаю, што чэхі выкарыстоўваюць ровар для адпачынку, менш для перасоўвання. Як сродак транспарту ў Мінску ровар амаль немагчымы. Усе веласцежкі — для адпачынку. Нават у метро ня зойдзеш з роварам. У Празе можна. У Мінску цяжка праехаць увесь горад на ровары. У Празе можна ехаць на праезджай частцы, і цябе не затрубяць. Я катэгарычна за тое, каб раварысты ў нас ездзілі па праезджай. Але трэба вучыць людзей правілам і падрыхтаваць інфраструктуру. Дзякуючы чальцам Мінскага велатаварыства з кожным годам жыццё раварыстаў у нас робіцца ўсё больш зручным.

 

Прага — зялёная

Мы ідзем па вуліцы, і ўздоўж растуць дрэвы. Ты ідзеш у сонечны дзень, і яны ствараюць цень над галавою, калі дождж — яны цябе прыкрываюць. За імі сочаць, яны квітнеюць. У Мінску я не ўзгадаю квітнеючыя алеі. У іх старыя дрэвы растуць амаль на праезджай частцы. Некаторыя нават пранумараваныя. Відаць, яны вядуць улік і кантралююць іх.

 

Адсутнасць пылу

Мінск — вельмі пыльны горад. У нас вельмі шмат участкаў з адкрытай зямлёй. У Празе выкарыстоўваюць гравій, траву, кару дрэва. Шмат кустоў. У нас яны зніклі. І траву касіць не заўсёды трэба, як гэта робяць у нас. У выніку ўзнікае пыл. Гэта старыя савецкія нормы, якія не адпавядаюць рэаліям.

 

Сабачкі

З жывёламі і іх гаспадарамі трэба працаваць. З сабакамі ў Празе можна пайсці ў кавярні і ў грамадскі транспарт. За тры дні я ня бачыў аніводнага канфлікту. У нас жа адразу пачынаюцца сваркі. У Празе была праведзеная кампанія, і паўсюль ёсць бясплатныя пакеты, каб прыбраць за сабакамі. У Мінску гэта трэба абавязкова ўводзіць.

 

Прага — нізкая

Гэта правільна. У нас на плошчы Багушэвіча будуюць вялікія офіс-цэнтры, а потым узнікаюць заторы. Людзкая плынь павялічваецца, а пытанне транспарту не вырашаецца.

Знайшлося і тое, што Антону не прыйшлося да спадобы, напрыклад сметніцы. На яго думку, яны непрыгожыя і псуюць горад. Дакладна, што практыка многіх еўрапескіх гарадоў — хаваць іх пад зямлю ці, як у Мінску, па дварах, — значна лепшая!

 

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце «Радыё Свабода».

Автор:
Фотограф:
Радыё Свабода
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость