11.06.2018 / 09:06

У скверы Котаўка прайшоў чарговы этап па ўпарадкаванні. Ён зусім невялікі, можна сказаць прахадны, але тым не менш важны.

У пятніцу вечарам актывісты і актывісткі, а разам з імі валанцёры і валанцёркі сабраліся ў Котаўцы, каб падрэзаць сёлетні высаджаны маладняк кустоў, а таксама мінулагодні, расчысціць іх, замульчыраваць і паліць.

Па словах Алесі Караткевіч, такога кшталту дагляд неабходны пасадкам: абрэзка дапамагае маладым кустам пушыцца і разрастацца; расчыстка ад пустазелля раскрывае іх і дае гарантыю, што пры пакосе кусты выпадкова не закрануць. Мульчыраванне дазваляе захоўваць вільгаць, што вельмі важна з улікам адсутнасці ападкаў ці рэдкага штучнага паліву, а таксама прыпыняе зарастанне травою.

Да ўсяго ж абрэзкі з кустоў можна паспрабаваць зачаранкаваць і імі ж пазней папоўніць азеляненне сквера.

"Вельмі радасна ад таго, што ўсе высаджаныя вясною кусты прыжыліся і ўжо нават пусціліся ў рост. Мінулагоднія, бачна, нават ужо даюць цвет, — разважае адна з актывістак. — Але вельмі засмучае тое, што ні ў кога не падымаецца рука паліць іх, бо бачна ж, што высадкі пакутаюць ад засушлівага надвор'я. Было б выдатна, каб хоць раз на тыдзень кусты падсілкоўвалі, ну гэта ж зусім не складана".

Надалей у планах актывістаў і актывістак праводзіць больш відавочнае пераўвасабленне сквера: усталяваць архітэкрурныя формы для дзіцячай пляцоўкі і зоны выгула сабак.

 

 

 

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость