«Навучацца, каб дзейнічаць» — такім быў галоўны лозунг мерапрыемства. Базавым дакументам фестывалю зрабіўся Маніфест па адукацыі дарослых ХХl стагоддзя. Паводле задумы Еўрапейскай асацыяцыі адукацыі дарослых (ЕАЕА), выкарыстоўваючы ідэі Маніфеста, грамадства зможа паспяхова справіцца з выклікамі будучыні.
У сферы экалогіі такім выклікам з’яўляецца змяненне клімату. З мэтай зменшыць яго наступствы ЕС заключае міжнародныя пагадненні і праводзіць кліматычныя канферэнцыі. Якім можа стаць унёсак беларусаў?
Нефармальную экаадукацыю амаль не прызнаюць, але яна ўплывае на грамадства
Экалогічны кірунак у нефармальнай адукацыі яшчэ ў 1990-х гадах быў маторам развіцця, як зазначыла Галіна Верамейчык, старшыня прадстаўніцтва зарэгістраванага ў Беларусі таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў).
«Экалагічная нефармальная адукацыя ці адукацыя для устойлівага развіцця ўплываюць нават на публічныя дыскусіі. Дастаткова вядомая арганізацыя “Экадом” зрабіла шмат, каб узняць пытанне мэтазгоднасці ядзернай энергетыкі», — кажа яна.
Але з іншага боку, у экаадукацыі такія ж праблемы, як і ў іншых сферах адукацыі: нястача прафесіяналаў і рэсурсаў, недастатковае прызнанне грамадствам і ўладамі. Важна, каб такую адукацыю прызнавалі, лічыць Андрэа Віктарын, галава прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.
«Еўрапейскі саюз надае вялікую ўвагу адукацыі, у тым ліку нефармальнай. ЕС лічыць, што калі людзі маюць неабходныя здольнасці і прафесійныя навыкі, яны могуць рэалізаваць сваё бачанне і жыццёвыя планы», — упэўнена спадарыня Андрэа.
Раней грамадзяне скардзіліся, цяпер хочуць дзейнічаць
За апошнія 10-15 год грамадскі запыт ў экалогічнай галіне змяніўся, аб чым распавяла Кацярына Ганчарова, актывістка Таварыства «Зялёная сетка»:
«Прыкладна ў 2000 годзе мы арганізоўвалі ў “Экадоме” “зялёную” гарачую лінію. Людзі тэлефанавалі як у хуткую дапамогу. У нас была паралізаваная праца ў офісе, бо ўсе званілі і скардзіліся. Год таму мы правялі такую ж спробную лінію на тыдзень. Тэлефанавалі вельмі шмат людзей, таксама ўсё было паралізавана. Але за 10 год змяніўся пасыл. Яны казалі: “Мы зрабілі гэта, гэта і гэта. Не дапамагло, як дзейнічаць далей?”»
На думку Кацярыны, экалагічная нефармальная адукацыя і далей мае добрыя перспектывы ў якасці кропкі ўваходу ў спецыфічны лад мыслення — мыслення грамадзяніна.
«У маім разуменні грамадзянскасць — гэта калі чалавек бярэ адказнасць за якасць свайго жыцця на радзіме. Навучыць любіць яе немагчыма, гэта перадаецца ад чалавека да чалавека. А грамадзянская адукацыя — гэта не толькі веды, але і камунікацыя», — тлумачыць яна.
Змена меркавання грамадства і эліт — пытанне зрадні з міграцыяй з Азіі
Грамадзянам важна рэалізоўваць сваё бачанне на ўзроўні краіны, асабліва на фоне крызісу еўрапейскай ідэнтычнасці, адзначае Леанід Каліценя, дырэктар Цэнтра сацыяльных інавацый:
«Грамадская адукацыя зараз — самы галоўны элемент для змянення грамадства, — кажа ён. — Калі два гады таму наступ Рускага свету і “Крымнаш” падаваліся часткай усходнееўрапейскіх складанасцей, то пасля “брэксіту” ні ў каго не засталося сумненняў: мы назіраем крызіс еўрапейскай ідэнтычнасці.
Грамадзянская адукацыя — першая мяжа, дзе гэты крызіс бачны і дзе могуць пачацца змены».
Функцыя эколагаў у гэтых абставінах — уключыць свае каштоўнасці ў эканамічны, палітычны і іншыя дыскурсы:
«Электрамабілі з’явіліся амаль 15 год таму, але яны не распаўсюджваюцца, бо нашмат прасцей працаваць па старых схемах, з выкапневым палівам, —прыводзіць прыклад Леанід Каліценя. — Адпаведна, патрэбная змена меркавання грамадства і эліт. Гэтая праблема не меншая, чым міграцыя з Азіі, і яна з’яўляецца глабальнай».
Я хачу выказаць сваю пазіцыю: куды звярнуцца?
Такім чынам, пытанні грамадзянскасці, экалогіі і нефармальнай адукацыі цесна звязаныя. Механізмамі, праз якія яны працуюць, з’яўляюцца рознага кшталту ініцыятывы, да якіх можна далучыцца:
- Зялёны дазор — грамадская інспекцыя, якая сочыць за выкананнем экалагічнага заканадаўства і працуе як з няправільнымі паркоўкамі, так і з прамысловымі выкідамі ў вадаёмы. Пазнаёміцца падрабязней і далучыцца можна на сайце.
- «Зробім!» — штогадовая грамадская прыборка, якая з’яўляецца часткай глабальнага руху «Let’s do it!». Праходзіць у Беларусі кожны год, руху патрабуюцца як звычайныя ўдзельнікі, так і валанцёры аргкамітэта акцыі. Падрабязней чытайце тут.
- Школа экаактывіста — штогадовае навучанне, якое дапаможа атрымаць веды і зразумець, у якой сферы дзейнічаць далей. Наступны набор адбудзецца вясной 2017 года.
- Адукацыю ў сферы экалогіі таксама можна атрымаць у Школе дзікай пріроды — гэта курс навукова-папулярных лекцый, ці скарыстаўшыся іншымі адукацыйнымі магчымасцямі, у тым ліку звярнуўшыся да экаарганізацый з жаданнем зрабіцца валанцёрам.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Они задают драйв экологическому движению в Беларуси: 6 историй успеха зелёных активистов