На пытанні адказвае экспертка ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Марыя Рудзь. Марыя з’яўляецца каардынатаркай міжнародных праектаў, звязаных з экалагічнай адукацыяй, у нямецкай арганізацыі DRA e.V.
“Гэта лета – самае халоднае да канца тваіх дзён”
Змяненне клімату – краевугольная тэма ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Базавы закон экалогіі – “усё звязана з усім”. Любая экалагічная праблема робіць свой унёсак у трансфармацыю клімату і, адпаведна, надвор’я за нашым акном.
Як вы ахарактарызуеце сёлетнюю кліматычную сітуацыю ў Беларусі?
За ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў 2021-ы досыць моцна выбіваецца з нормы. Лета заняло другое месца ў 141-гадовым ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага. Сярод беларусаў стаў папулярным кліматычны жарт: “Гэта лета самае спякотнае ў маім жыцці!” – “Не-не, гэта лета – самае халоднае да канца тваіх дзён”.
З канца 1980-х гг. клімат у нашай краіне становіцца цяплейшым, а надвор’е – больш капрызным. Спецыялістам усё складаней вызначыць дакладны прагноз надвор’я. Пры гэтым кожны год мы чуем пра новыя максімумы і мінімумы тэмператур. І ўжо пачынаем прывыкаць да гэтага.
“Наўзамен соснам могуць прыйсці платан або бук”
Чаму з павышэннем тэмпературных максімумаў адначасова паніжаюцца мінімумы?
Правільней ужываць тэрмін не “глабальнае пацяпленне”, а “змяненне клімату”. У цэлым на планеце Зямля сярэдняя тэмпература павышаецца, аднак пагодныя ўмовы становяцца больш экстрэмальнымі. Засухі, ураганы, разбежкі тэмператур. Беларуская зіма становіцца халаднейшай, а лета – больш спякотлівым. Да таго ж яно будзе прыходзіць пазней, май і чэрвень наўрад ці парадуюць цяплом.
У гэты спіс дадаем і трансфармацыю рэжыму асадкаў. У нас амаль знікне снег, аднак могуць з’явіцца трапічныя дажджы.
Беларусь больш церпіць ад змянення клімату ці атрымлівае перавагу?
У цэлым мы больш губляем. Аналізуючы сітуацыю ў Беларусі, варта глядзець на розныя сферы: сельская і лясная гаспадаркі, ахова здароўя.
Аграрыі скардзяцца на недахоп вільгаці і, як следства, зніжэнне ўраджайнасці. Лясная гаспадарка Беларусі ўжо сёння сутыкаецца з праблемай драўняных шкоднікаў, якія выжываюць адносна цёплай і няснежнай зімой. З-за гэтага ж мы сутыкаемся з вялікай колькасцю кляшчоў.
У нашай краіне змяшчаюцца агракліматычныя зоны. На Віцебшчыне практычна знікла паўночная агракліматычная зона, затое на Палессі з’явілася паўднёвая. З аднаго боку, гэта дае магчымасць вырошчваць цеплалюбівыя культуры: сланечнікі, кукурузу, з іншага – складана атрымаць ураджай больш звыклых да халодных умоў льну і бульбы.
Са змяшчэннем агракліматычных зон адбываецца і змяшчэнне лясоў. Хвойныя паступова адыходзяць на поўнач, у перспектыве яны цалкам знікнуць у Беларусі. Наўзамен соснам могуць прыйсці платан або бук.
Атрымліваецца, сельская і лясная гаспадаркі Беларусі ў адноснай бяспецы?
Так, наўрад ці ступень дэградацыі глебы будзе крытычнай. Павышэнне ўзроўню сусветнага акіяна не прынясе катастрофы Беларусі, чаго не скажаш пра невялікія астраўныя дзяржавы або краіны Афрыкі. Нам пашанцавала.
Але ўсё роўна важна адаптоўвацца да змянення клімату: развіваць арганічную сельскую гаспадарку і ўстойлівае лесакарыстанне, калі высечаныя плошчы засаджваюцца наноў. Дзякуючы гэтаму захоўваюцца лясны фонд і біяразнастайнасць Беларусі.
Замест кандыцыянера лепш набыць увільгатняльнік паветра
Як змяненне клімату адбіваецца на самаадчуванні чалавека?
Што да здароўя людзей, тут адказ адназначны – мы адчуваем негатыўны эфект. Метэазалежным людзям, колькасць якіх большае, складана пераносіць перапады надвор’я, экстрэмальныя пагодныя ўмовы.
Хвалі гарачыні летам небяспечныя для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. З года ў год цяжэй кантраляваць алергію: з-за недастатковай колькасці вільгаці ў атмасферы застаецца ўсё больш пылку.
Паступовая трансфармацыя кліматычных зон стане прычынай новых захворванняў. Напрыклад, беларусам можа пагражаць малярыя, якая пераносіцца трапічнымі камарамі.
Ці пара беларусам задумвацца пра кандыцыянер?
На маю думку, пакуль ранавата. Больш карыснай пакупкай стане ўвільгатняльнік паветра. Асабліва ў ацяпляльны сезон вільготнасць паветра крытычна нізкая. Гэта негатыўна ўплывае і на здароўе, і на прадуктыўнасць чалавека.
Таксама ў любую пару года трэба штогадзіну праветрываць памяшканне. Нават калі вашы вокны выходзяць на праспект, звонку паветра лепшае. Карысна арганізоўваць скразное праветрыванне на 4–5 хвілін. У рабочым памяшканні я б рэкамендавала выкарыстоўваць сэнсар, які мерае ўзровень вуглякіслага газу.
Ці можна вызначыць ступень уплыву беларусаў на змяненне клімату?
На беларусаў тут варта глядзець у глабальным кантэксце: мы – частка чалавецтва. А сучасны этап кліматычных змен – антрапагенны, ён адбываецца з-за чалавека. Няправільна ацэньваць толькі гаспадарчую дзейнасць, прамысловыя аб’екты.
Клапаціцца пра стан навакольнага асяроддзя, а значыць, і пра клімат, – задача кожнага. Не толькі дзяржавы ці грамадскіх арганізацый.
Трэба жыць у стылі “эка-фрэндлі”?
Так! Гэта тычыцца ўсіх сфер жыцця. Прааналізуйце, што вы спажываеце і ці робіце гэта асэнсавана. Ці патрэбны вам рэчы, якія вы купляеце? А колькі ад іх застаецца смецця?
Каб дапамагчы нашай планеце, варта пераходзіць на ежу расліннага паходжання, смакаваць мясцовыя і сезонныя прадукты. Менш выкарыстоўваць асабісты транспарт на рухавіках унутранага згарання, а больш ездзіць на грамадскім транспарце, веласіпедзе або хадзіць пешшу.
Мы не можам спыніць змяненне клімату. Наша задача замарудзіць гэтыя змяненні і адаптавацца да іх. Маленькія крокі вядуць да вялікага выніку. Дзейнічайце!