12.02.2016 / 16:02

Калі вы надумалі сабраць вузкае кола сяброў для невялікай вечарыны, і перад вамі не стаіць кулінарнай задачы нагатаваць такую колькасць страў, каб аж ламіўся стол, то нашыя простыя і сытныя міні-бродзікі з хумусам і гароднінай прыйдуцца якраз.

Хумус — страва, традыцыйная ў краінах Бліжняга Усходу, а менавіта, на Кіпры, у Турцыі і Ізраілі. Але ў апошнія гады асаблівы інтарэс да яе праяўляюць вегетарыянцы і веганы па ўсім свеце. Гэта і зразумела, улічваючы карысныя ўласцівасці асноўнага інгрыдыенту хумусу — гароху нут.

Нут з'яўляецца выдатнай крыніцай высокаякаснага бялка расліннага паходжання, які асабліва неабходны тым, хто адмовіўся ад спажывання мяса і малочных прадуктаў. Ён утрымлівае валокны, якія спрыяюць зніжэнню халестэрыну і паляпшаюць страваванне. Багата гэта бабовая расліна і разнастайнымі мінераламі, напрыклад жалезам, магранцам, утрымвае клятчатку, ненасычаныя тлушчы і вітаміны групы В.

Рэцэпт хатняга хумусу — найпрасцейшы і не патрабуе ніякіх спецыяльных кулінарных навыкаў.

Для міні-бродзікаў нам спатрэбяцца:

  • гарох нут;
  • лімон;
  • 2 зубчыкі часнаку;
  • кунжутныя семачкі;
  • кумін цэлы (зіра);
  • аліўкавы алей;
  • авакада;
  • тоставы хлеб;
  • памідор;
  • агурок;
  • свежая зеляніна.

Загадзя, нанач замочваем нут, прыблізна 200-300 грам. Выварваем яго да поўнай гатоўнасці на працягу некалькіх гадзін. На добра разагрэтай патэльні без алею злёгку абсмажваем па чарзе кумін (1-2 чайныя лыжкі) і кунжутныя семачкі (1-2 сталовыя лыжкі). Міні-камбайнам ці кавамолкай перамалваем іх у парашок, затым укідваем зубчыкі часнаку і яшчэ раз перамалваем.

Увесь гарох нут высыпаем невялікімі порцыямі ў міску, дадаючы вады, ў якой ён варыўся. Блэндэрам пачынаем пераціраць у пюрэ. Паступова ўкідваем у нутавае пюрэ ўсе астатнія інгрыдыенты: кунжутна-кумінавы парашок-пасту з часнаком, 2-3 чайныя лыжкі лімоннага соку, 2-3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею, чышчаны авакада, соль і перац па смаку. Усё добра ўзбіваем блэндэрам.

Увага: калі пюрэ будзе неаднароднай кансістэнцыі, нічога страшнага ў гэтым няма.

Тоставы хлеб дзеліцца на 4 роўныя часткі і падсмажваецца ці запякаецца без алею ў печцы да храбусткай скарынкі. На гатовыя чацвярцінкі хлеба намазваем хатні хумус, выкладваем нарэзаныя калечкамі агуркі і памідоры, зверху ўпрыгожваем свежай зелянінай, напрыклад рукалай, якая надась міні-бродзікам свежы і пякучы прысмак.

Смачна есці!

 

ГАТУЙЦЕ ТАКСАМА: катлеткі з бурачка і сачавіцы, ​крэм-суп харчо з гароднінай

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость