Дарэчы, квартал прыцягвае ўсё больш “зялёных” ініцыятыў. Там ужо размешчаны крамы KaliLaska і Zerro. І вось цяпер, нарэшце, веганы могуць зайсці ў супермаркет і проста выбіраць прадукты, не ўчытваючыся ў маленькія літары складу.
А выбраць ёсць з чаго: там ужо размешчаны больш за 2500 відаў прадуктаў.
Як нам падаецца, самы доўгачаканы аддзел, – кулінарыя. Тут можна наўпрост узяць дадому замарожаныя галубцы, салянку, смажаніну ці яшчэ што-небудзь з дзесяткаў першых, другіх блюд і дэсертаў. Застанецца толькі разагрэць. Ёсць стэнд з ужо гатовай прадукцыяй і невялікае кафэ ўнутры крамы. Слойка з вяндлінай і сырам – проста страла ў сардэчка.
У кафэ гатуюць бургеры, хот-догі, супы, клёцкі, тофу і бульбу. Зараз унутры размешчаны толькі два столікі, таму, мабыць, больш зручна будзе ўзяць з сабою, але ж на лета кіраўніцтва плануе адкрыць побач вялікую тэрасу на 50 чалавек.
Насамрэч, у краме будзе цікава не толькі веганам, але і людзям без харчовых абмежаванняў. Тут шмат арэхаў, кансерваў, джэмаў – як у звычайным супермаркеце. Столік на ўваходзе запрашае пачаставацца каўбаскай і можа перавесці вас на веганскі бок.
Унутры ёсць два вялікія халадзільнікі: немяса і немалако. Унутры вялікі выбар сасісак, сыроў, ёгуртаў і іншай прадукцыі. Ёсць некалькі маразільнікаў: для марожанага, для ягад з варэнікамі і для мяса: біфштэксаў, тэфтэляў, катлет, нагецсаў.
Сумесь для фаршу, бефстроганаў і шніцаль можна знайсці ў “сухім” раздзеле на вагу, побач з арэхамі. Яшчэ тут разліваюць розныя сіропы. Тара па магчымасці экалагічная – шкло, папера, біяразлагаемыя пакеты. Але ж поўнасцю ад пластыку сысці пакуль не атрымліваецца. Прынамсі аддзеле кулінарыі дакладна.
Дарэчы, тут нават даволі багаты выбар безалкагольных він і шампанскага. На паліцах яшчэ ёсць хлеб, вялікая колькасць рассыпной гарбата, кава, спецыі, расфасаваныя сухафрукты, розныя крупы. Шмат салодкага з цукрам і без, свежая гародніна і садавіна, а таксама праросткі.
Як у любым супермаркеце, ёсць тут і аддзел з непрадуктовымі таварамі. У ім можна набыць касметыку для сабе, сродкі для дому, у тым ліку на разліў, розныя дробязі, дыванкі для ёгі. На паліцу могуць трапіць толькі тыя тавары, якія не тэсціруюць на жывёлах.
Паколькі крама толькі адкрылася, яшчэ можна ўпісацца ў іх каманду і стаць часткай калектыву. Плюс Vegetus запрашае да супрацоўніцтва пастаўшчыкоў веганскіх тавараў.
У інтэр’еры ў стылі лофт пераважаюць натуральныя адценні. Выкарыстана шмат дрэва. Адзінае, за што чапляецца “экалагічны” погляд – штучныя расліны. Было б класна замяніць іх на жывыя.
Крама працуе без выходных: панядзелак – субота з 10 да 21, нядзеля – з 11 да 20. Дзейнічаюць зніжкі па карце крамы: да 14 сакавіка ўсім уладальнікам мінус 10% да чэку.