Культ.цэнтр «КОРПУС»: кіно, агародзік і пляж
Культ.цэнтр арэндуе першы паверх аднаго з карпусоў завода «Гарызонт». З самага першага моманту свайго з’яўлення пляцоўка ярка заявіла пра сябе, перажыла перыяд заняпаду і пачала другое жыццё. Сёння гэта не проста зала пад канцэрты, у сценах «КОРПУСА» праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы, культурніцкія івэнты, выставы, канферэнцыі і майстар-класы.
«Маючы такі выдатны дворык, у нас зарадзілася ідэя арганізаваць з яго пляцоўку, дзе людзям хацелася б праводзіць час», — распавядае прадстаўніца адміністрацыі цэнтру Марыя.
Па перыметру ўжо пачаў фарміравацца гарадскі агародзік, які, па словах дзяўчыны, зробіць месца больш зялёным і ўтульным:
«Напачатку мы хацелі проста пасадзіць хмызняк, а пасля задумаліся аб пладовых раслінам, загарадзі з вінаграду. Гэта прыгожа і практычна», — кажа яна.
Аднак, абмяркаваўшы са спецыялістамі, апынулася, што не ўсё так проста ў гэтай справе. Пад пладовыя дрэвы патрабуецца значна больш прасторы, дый з улікам мінулага гэтага месца глебу абавязкова трэба ачышчаць ад будаўнічага смецця і даследаваць.
«Таму перавагу мы аддалі ўсё ж кустам, каб пакінуць большую тэрыторыю пад лавачкі і арт-аб’екты. Тым больш летам плануецца арганізаваць кінатэатр. Пастараемся скарыстацца сістэмай, калі наведвальнікі слухаюць музыку і глядзяць фільмы ў навушніках, каб не перашкаджаць суседнім жылым дамам», — тлумачыць Марыя.
Акрамя ўсяго, у дворыку мусіць з’явіцца пляцоўка для петанку. А дзякуючы архітэктарам і дызайнерам тэрыторыя ля цэнтральнага ўваходу ў «КОРПУС» стала «абрастаць» карыснымі і незвычайнымі аб’ектамі.
І на гэтым культ.цэнтр спыняцца не намераны:
«Адназначна будзем рабіць навес над тэрасай, а таксама… — з захапленнем прыгадвае Марыя, — план на лета: прывезці пясок, паставіць шэзлонгі і зладзіць тут пляж з палівачкамі і брызгалкамі для тых, хто ў спякоту застаецца ў горадзе. Людзі змогуць пагайдацца ў гамаках, пахадзіць па пясочку, пааблівацца з сябрамі вадой, набыць ахалоджваючы ліманад. А вечарам паглядзець які-небудзь фільм ці наведаць лекцыю, майстар-клас, тэатральнае відовішча».
У Асмалоўцы закладаецца традыцыя гарадскога агародніцтва
Па суседству з карпусамі завода «Гарызонт» знаходзіцца бадай самы зялёны жылы раён Мінска — Асмалоўка. Сярод ціхай зацені дрэваў гэтай вясной мясцовыя жыхары і гарадскія актывісты разбілі невялікі агародзік паміж дзіцячым садком і адным з дамоў.
«У гэтым месцы глеба рыхлая, відавочна, раней тут нехта ладзіў агародзік, — заўважае мясцовая жыхарка Марта, тыкаючы ў баразну сявок. — Да ўсяго, перакопваючы, знайшлі суніцы і акуратна перасадзілі іх».
Дзяўчаты не на жарт вырашылі акультурыць прастору двара, каб акрамя кветніка была і практычная яго частка. Сваімі сіламі прыбралі бытавое смецце, расчысцілі зараснікі, распланавалі, дзе і што садзіць. Сярод старэйшага пакалення мясцовых жыхароў ініцыятыва маладых, відаць, выклікае захапленне і інтарэс. Непасрэдна ў працэсе да Марты і Дыяны падыходзяць мужчыны з пытаннем: «Дзе трэба ўскапаць?» Падцягваецца бабуля і зацікаўлена аглядае фронт работ, дзеліцца аповядамі пра расаду на сваім падваконні.
«Мне хочацца, каб гэта месца стала прыкладам для астатніх апантанных ідэяй азелянення і гарадскога агародніцтва. Каб тут можна было праводзіць тэматычныя майстар-класы, сустрэчы, лекцыі, адразу вучыць нейкім практычным навыкам», — кажа Марта.
Па словах дзяўчыны, яна на шляху да ажыццяўлення сваёй мары — стварыць базу падобных месцаў для абмену вопытам, каб з адзінкавых ініцыятыў развіўся цэлы рух. А пакуль далучыцца да асмалоўскага агародзіка можна праз суполку ў Facebook.
Гарадскі агародзік за Галерэяй «Ў» на парозе новага жыцця
Вось ужо 2 гады за Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» існуе невялікі гарадскі агародзік, які ў свой час разбіла адна з выпускніц Школы экалагічнага актывіста Таварыства «Зялёная сетка». Аднак, на жаль, зараз ініцыятыва перажывае не лепшыя свае часы з-за адсутнасці асобы, якая магла б цалкам узяць клопаты і даглядаць агародзік.
Таму актывісты і актывісткі Зялёнай сеткі сумесна з валанцёрамі і валанцёркамі таварыства вырашылі аб’яднаць намаганні, каб падарыць месцу другое жыццё.
На першай сустрэчы агароднікі навялі невялікі парадак: ачысцілі скрыні і клумбы ад пустазелля і мінулагодняга сухастою, прыбралі смецце, а таксама склалі спіс неабходных актыўнасцяў.
«Я ўжо ўяўляю, як гэта месца ператвараецца ў тусовачнае і для адпачынку. Тут можна сустракацца, каб глядзець кіно па вечарах ці прыходзіць і ў цішы чытаць кнігу… Хочацца, каб гэтым месцам пачалі карыстацца на яго карысць і ў сваё задавальненне», — кажа актывістка Ксенія.
З улікам таго, што працы наперадзе шмат, усіх зацікаўленых запрашаюць далучыцца да арганізацыі агародзіка:
«Месца публічнае, гарадское і першапачаткова было разлічана на самаарганізацыю і інтарэс гараджан. Таму, калі вы хочаце паўдзельнічаць, штосьці пасадзіць, праявіць нейкую цікавую ініцыятыву для развіцця гэтага месца, то шчыра запрашаем! Дадатковыя рукі і ідэі нам заўсёды патрэбныя», — дадае Каміла.