12.06.2017 / 16:06

Да 12 чэрвеня праводзяцца грамадскія абмеркаванні справаздачы па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) базы адпачынку «Рудакова», што размешчана на беразе аднайменнага возера.

Базу адпачынку пачалі эксплуатаваць яшчэ ў 1968 годзе, і з таго моманту яе не рэканструявалі. Як удалося даведацца Зялёнаму парталу ў Мядзельскай раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, «Рудакова» не функцыянавала ля 10 год. Частку аб'ектаў ужо дэмантавалі. Сёння землекарыстальнікам дадзенай тэрыторыі з'яўляецца ТАА «Шантэр», якое плануе правесці на ёй шэраг работ, звязаных з аднаўленнем базы адпачынку. Менавіта ў гэтай сувязі Мядзельскі райвыканкам правёў абмеркаванне АУНА.

Згодна з праектам, на тэрыторыі базы плануецца ўзвядзенне катэджнай забудовы, прадугледжаны аб'екты для забеспячэння адпачынку, такія як: спартыўна-аздараўляльны комплекс, рэстаран, тэнісныя корты, а таксама ўздоўж берага возера «Рыбацкая хаціна» з месцам пад барбекю, караоке-бар, лазня і пірсы.

Па словах юрыста грамадскага аб'яднання «Экадом» Рыгора Фёдарава, ацэнка была праведзена на стадыі абгрунтавання інвестыцый. Гэта значыць, што праект патэнцыйна можа змяніцца да моманту рэалізацыі. Так, напрыклад, было з праектам «Выдача магутнасцяў АЭС і сувязь з энергасістэмай».

У сваю чаргу заказчык зазначыў, што аднаўленне базы не прывядзе да негатыўных наступстваў для наваколля. Гэтыя словы пацвярджаюць і ў райінспекцыі, адзначаючы толькі станоўчыя моманты для Нарачанскага краю.

«Усе гэтыя гады частка тэрыторыі, адведзеная пад базу адпачынку, знаходзілася ў рэкрэацыйнай зоне нацыянальнага парка «Нарачанскі». Нічога не супярэчыць размяшчэнню такіх аб'ектаў. Такім чынам, парушэнняў рэжыму нацпарка не існуе, — зазначыў Валерый Люштык, намеснік кіраўніка па навуковай працы нацыянальнага парка «Нарачанскі».

Аднак з улікам, што новая база «Рудакова» будзе ўяўляць з сябе кластэр з мноствам аб'ектаў унутры, мясцовых жыхароў усхвалявала павелічэнне колькасці турыстаў. Спецыяліст з нацпарка запэўнівае, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяло ацэнку антрапагеннай нагрузкі згодна з усталяванымі ў краіне нормамі.

Акрамя гэтага, батанікі ля праектуемага ўчастка знайшлі раней невядомае месца вырастання чырвонакніжнага віда асакі малакветкавай. Як пацвердзіў Зялёнаму парталу начальнік Мядзельскай раённай інспекцыі Анатолій Леонік, райвыканкам ужо рыхтуе рашэнне аб перадачы іх пад ахову.

Автор:
Фотограф:
ru.wikipedia.org, litattoo.ru, otdyh-naroch.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость