12.10.2016 / 13:10

Чым прыходзіцца займацца гэтым непрыкметным людзям на даволі прыкметным спецтранспарце? РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» дазволіў паназіраць за працэсам.

А палове восьмай гадзіны раніцы на вытворчай тэрыторыі камунгаса панавала ажыўленне. Вадзіцелі шпацыравалі з пуцявымі лістамі і атрымлівалі загады кіраўніцтва. Начальнік участка па добраўпарадкаванні Галіна Глымушка ўладкавала журналіста dokshitsy.by Наталлю Навіцкую на смеццявоз да вадзіцеля Івана Хілько, які паабяцаў паказаць і расказаць усё, чым займаецца на маршруце.

Першым чынам скіроўваем на вуліцу Палявую па новай дарозе да нядаўна ўзведзеных чатырохпавярховікаў.

– Пачнём з прыемнага. Гэта мой самы любімы пункт збору смецця, – тлумачыць вадзіцель. – Жыльцы ў гэтым мікрараёне сумленныя, каля пляцовак з кантэйнерамі не смецяць, ды і напаўняюць іх акуратна. 

Хутка справіўшыся з выгрузкай кантэйнераў, скіроўваем далей, на завулак Чарняхоўскага. На абсталяванай пляцоўцы з кантэйнерамі кідаецца ў вочы старая чырвонага колеру канапа.

– На гэтым прыемнасці скончаны, пачынаем працаваць, – канстатуе Іван Іванавіч. 

Ён жвава выскоквае з машыны і накіроўваецца папраўляць скрыні, каб гідраўлічная лапа зачапіла іх з першага разу. Вадзіцель з гаркатой зазначае, што мэблю да кантэйнераў выносяць вельмі часта. Хаця яны прызначаны толькі для цвёрдых бытавых адходаў. Не хочуць гараджане заказваць транспарт у камунгасе, каб звезці непатрэбныя буйнагабарытныя рэчы. Ціхенька знясуць да сметніц і лічаць, што іх праблемы на гэтым скончаны. А далей праблемы пачынаюцца ўжо ў камунальнікаў. Менавіта на іх рахунак кладуцца незапланаваныя страты па арганізацыі дадатковага выезду транспарту на ўборку. 

Яшчэ адно балючае пытанне – будаўнічае смецце. Вадзіцель згадвае выпадак, калі несумленныя грамадзяне даверху нагрузілі кантэйнер цэглай і пліткай. Гідраўлічная лапа ж здольная падняць вагу дзесьці толькі да паўтоны. Прыйшлося выклікаць падмогу з камунгаса і выбіраць усё з кантэйнера ўручную, каб не дапусціць паломкі механізму.

Смеццявоз, між іншым, скіроўвае на вуліцу Школьную. Каля дзіцячага садка №1 яго чакае чарговы кантэйнер даверху напрасаваны быльнягом і іншай зелянінай. Іван Іванавіч захоплівае яго і філігранна закідвае на верх бункера, актыўна кіруючы рычагамі, што размешчаны на знешнім баку спецмашыны. Але расліннасць так проста высыпацца са свайго сховішча не жадае. Вадзіцель апускае кантэйнер на зямлю, рукамі падбухторвае смецце ў кантэйнеры і зноў робіць захад вытрасці яго. Але трава і вецце надзейна ўтрамбаваны. Між іншым гэта расліннасць магла б яшчэ саслужыць свайму гаспадару добрую службу, ператварыўшыся ў выдатнае арганічнае ўгнаенне. Кантэйнер пусцее поўнасцю толькі з сёмай спробы. Пасля гэтых маніпуляцый каля пляцоўкі нацерушылася смецце. Вадзіцель дастаў дзяркач з шуфлем і пачаў замятаць натрэсенае з кантэйнера лісцё. І так спрактыкавана ён дзейнічае ля кожнай пляцоўкі.

– І самому прыемна і чырванець за сваю работу перад людзьмі не давядзецца, – разважае Іван Іванавіч.

На гадзінніку – палова дзясятай. Вадзіцель уключае механізм прасавання ў бункеры і кажа:

– Усё, поўныя, паехалі на палігон.

8 кубаметраў бункера хутка запоўніліся. Сёння сярэдзіна тыдня – серада, калі б мы паехалі ў панядзелак, гэта адбылося б нашмат раней. За выхадныя многія грамадзяне так шчыруюць, што, часам, напаўняюць не толькі кантэйнеры, але і агароджаную пляцоўку даверху. 

Выязджаем з райцэнтра ў бок Гліннага, на палігон цвёрдых бытавых адкідаў «Рабінавік». Машыны абсталяваны сістэмай GPS-навігацыі. Любое адхіленне ад маршрута – у дыспетчара на маніторы камп’ютара. 

Нягледзячы на стэрэатып, «Рабінавік» не сустрэў смуродам: падбуртаваны, з гарой падвезенага пяску. Іван Іванавіч накіраваў ГАЗ на спецыяльныя вагі. Работнік палігона Рыгор Дранковіч узважыў і запісаў лічбы. Смеццявоз даў задні ход, каб разгрузіцца. Калі з бункера высыпалася ўсё сабранае, яшчэ адзін работнік палігона, Уладзімір Ждановіч, пачаў ручное сартаванне. Справа ў тым, што не ўсё бытавое смецце, якое звозіцца на палігон, хаваецца. Рабочыя выдаляюць з яго ўсё тое, што яшчэ можа пайсці на перапрацоўку: ПЭТ-бутэлькі, шкло, паперу, часам, металічныя рэчы – і напаўняюць імі мяхі.

З пустым бункерам зноў вяртаемся ў райцэнтр. Наступны прыпынак – вуліца Усходняя. Даведваюся, што яе пляцоўка з кантэйнерамі ў неафіцыйным рэйтынгу тых, хто збірае смецце, знаходзіцца на адным з апошніх месцаў па чысціні і гаспадарлівасці яе карыстальнікаў. Маўляў, і ў кантэйнеры з верхам накідаюць, і вакол яшчэ накладуць. 

Давялося ўпэўніцца, што так яно і ёсць. На Усходняй каля кантэйнераў знайшлі стары стул і душавую кабіну, часткі ад якой, можа б, маглі яшчэ саслужыць каму добрую справу. 

Асобны транспарт камунгаса ачышчае кантэйнеры, якія вызначаны для раздзельнага збору смецця. На кожным з іх пазначана, што туды можна выкінуць. Што можа быць больш зразумелым? Але ж у скрыню для паперы, якая на дзве трэці ўжо была запоўнена макулатурай, хтосьці вывернуў слоік з вялізнымі марынаванымі агуркамі. 

Працавалі ў гэты дзень мы яшчэ па вуліцы Маякоўскага, збіралі смецце з кантэйнераў на каталіцкіх і татарскіх могілках, па вуліцы Школьнай і іншых. За гэты час былі ачышчаны некалькі дзясяткаў кантэйнераў, падмецены ўсе пляцоўкі па маршруце. Яшчэ два рэйсы смеццявоз зрабіў на палігон.

Усяго толькі адзін дзень на смеццявозе запэўніў у тым, што пра сапраўднага гаспадара трэба меркаваць не толькі па парадку на панадворку, але і па тым, як ён ставіцца да сваіх бытавых адкідаў. Самая асабістая і непрыкметная, здавалася б, справа кожнага – смецце – жыве сваім жыццём і можа расказаць пра сумленне гаспадара больш, чым яго відавочныя дзеянні і ўчынкі.

Зборам смецця ў РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» займаюцца 6 смеццявозаў. З іх чатыры з загрузкай бункера ў 8 кубаметраў. У два разы большую загрузку (16 кубаметраў) мае бункер МАЗаўскага смеццявоза. Адпаведна і тэрыторыя аб’езду ў яго самая вялікая. Шостая камунальная машына з задняй загрузкай смецця. Яна з сямі гадзін раніцы пачынае збіраць адкіды на тых участках вуліц, дзе кантэйнераў няма. Усяго ў нашым раёне ўстаноўлены 376 кантэйнераў для збору смецця, у тым ліку і раздзельнага. З іх 175 знаходзяцца ў межах Докшыц.

Автор:
Фотограф:
Наталля Навіцкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость