Кожнае дрэва мусіць мець пашпарт
Паркі і скверы – гэта не столькі “лёгкія” горада, колькі класны сацыяльны аб’ект. Тут можна адпачыць, сустрэцца з сябрамі, паглядзець на незнаёмых людзей. Плюс – што не надта відавочна для Мінска – зялёныя зоны павышаюць кошт нерухомасці побач. Вядома ж, лепш мець прыгожы від з кватэры на вуліцу і гуляць побач з паркам, а не заводам.
Экалагічная функцыя не такая відавочная. Гарады бываюць чыстымі хутчэй не праз тое, што ў іх шмат зеляніны, а таму, што мала прадпрыемстваў і транспарта, якія забруджваюць паветра. Але ў прамысловых гарадах паркі і скверы стаяць як бар’ер між заводам і спальным раёнам. Напрыклад, парк Чалюскінцаў фактычна ахоўвае Зялёны луг ад выкідаў з боку Трактарнага заводу.
Такі адказны падыход патрабуе добрага планавання, а не простай пагоні за статыстыкай. І з гэтым у нас не заўсёды добра. Галоўны паказчык азелянення населенага пункта – гэта норма ў 40%, якая паказвае долю азелянення, але не тое, ці зручна размешчаныя скверы і паркі для гараджан.
Каб зялёныя зоны былі ў зручных месцах і не знікалі, патрэбна некалькі рэчаў, лічыць галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Мікалаенка.
- Каб рабіць зялёныя зоны ў правільных месцах, неабходна праводзіць грамадскія абмеркаванні.
- Наладзіць улік і пашпартызацыю, у ідэале – для кожнага дрэва.
- Не забудоўваць існуючыя зялёныя зоны.
Вадзім Мікалаенка тлумачыць: тэрыторыю часта даводзіцца абараняць ад забудоўшчыкаў, бо сёння зялёныя ўчасткі самыя прывабныя з пункту погляду дэвелопераў.
Ён падкрэслівае: улады занепакоены забудовай зялёных зон і імкнуцца іх захаваць. Нямала ёсць ідэй і па стварэнню новых зялёных тэрыторый, іх праектуюць, але ўсё гэта застаецца на паперы альбо не рэалізуецца ў поўным аб’ёме.
Дрэвы на Камсамольскай у Мінску – мёртвыя
Колькі ў нас дрэў, які ім патрэбны дагляд – без гэтай інфармацыі нельга, пагаджаецца з архітэктарам гарадскі ляснічы Ігар Корзун.
Ён упэўнены: няма нічога страшнага ў выдаленні дрэва, калі, напрыклад, яно хворае. І нават паркі трэба прарэджваць, бо гушчар дрэнна праветрываецца і парк пачынае хварэць. У выніку нашы дрэвы жывуць у сярэднім 50 гадоў, а маглі б да 200-250 гадоў, як упэўнены спецыяліст.
Раскрытыкаваў гарадскі ляснічы і рэканструкцыю Камсамольскай:
“Тыя дрэвы, якія там пакінулі, – гэта дэндралагічны хоспіс, – кажа ён і дадае: – Яны былі мёртвымі яшчэ 10-15 гадоў таму. Цыкл жыцця расліны такі, што яна можа доўга трымацца на апошніх сілах. Але зараз, калі паспрабаваць выдаліць дрэвы з гэтай вуліцы, будзе шум, і многія скажуць, што іх трэба пакінуць”.
Ігар Корзун лічыць, што ўсё варта было зрабіць інакш: выдаліць старыя дрэвы да пачатку рэканструкцыі, набыць якасны пасадачны матэрыял – і праз праз пяць гадоў радавацца здаровым дрэвам вышынёй 10-12 метраў.
Двары ў горадзе, на яго думку, загубленыя канчаткова. Іх азеляняюць літаральна абы-як: пасадзілі, як маглі, а секчы шкада, бо расліна ж жывая.
Ігар Корзун бачыць праблему ў тым, што адзіная ўмова для любых пасадак – узгадніць іх размяшчэнне, каб дрэва ці куст не трапілі на інжынерныя сеткі. Астатняе ніяк не рэгулюецца, хаця азеляненне мусіць быць інструментам у гарадскім асяроддзі і выконваць загадзя вызначаныя функцыі. Якія менавіта? Гэта лепш вызначыць перад пасадкай.
Гарадскі ляснічы расказаў пра сваю мару: каб атрымала рэзананс тэма распрацоўкі ландшафтных праектаў па азеляненню двароў – гэта дазволіла б прывесці іх у парадак. Ён упэўнены, што найлепшы сродак прасунуць ідэю – ініцыятыва мясцовых жыхароў.
Паркамі займаюцца усе, акрамя садоўнікаў
Ігар Корзун выступае за тое, каб за паркамі, скверамі і дрэвамі даглядалі прафесіяналы. Гэта тычыцца, напрыклад, абрэзкі: існуюць тэхнічныя рэкамендацыі па абрэзцы дрэваў на пары зясяткаў старонак, і імі кіруюцца рабочыя ЖЭСа. А людзей з адмысловай адукацыяй у раслінаводстве, садоўнікаў - няма.
“Саджаюць дрэвы і даглядаюць за імі ўвогуле часта людзі, якіх на гэту працу накіравалі: даўжнікі, беспрацоўныя, тыя, хто не плаціць аліменты… Якасна выконваць працу з незацікаўленымі людзьмі немагчыма”, – лічыць спікер.
На думку Ігара Корзуна, кадравая палітыка павінна быць перагледжана. Эканоміка службаў па азеляненню павінна быць зразумелай і празрыстай, а адказнасць за рашэнні – персанальнай.
“Зараз у нас адказнасць хутчэй калектыўная”, – зазначае ён.
Напрыклад, рашэнне пра ўборку лістоты ў сталічных парках прыняў у 2013 годзе Мінскі гарадскі савет дэпутатаў. Гарадскому ляснічаму падаецца, што было б значна эфектыўней, калі б такія рашэнні прымалі садоўнік, агратэхнік ці ландшафтны архітэктар – той, хто павінен непасрэдна удзельнічаць у добраўпарадкаванні парку.
Спецыяліст разумее, што не заўсёды прыбраць лісце – гэта добры выбар. Напрыклад, у парку Чалюскінцаў увосень, калі можна яшчэ пагуляць, над намі навісаюць 15-метровыя шэра-карычневыя сосны, а ўнізе абсалютна шэрая зямля без травянога покрыва. А дзе восеньскае золата? А як жа пашамацець лістотай? І гэта ўжо не кажучы пра тое, што для некаторых дрэваў важна цёпла ўкрыць свае карані ўзімку.
Палепшыць сітуацыю з паркамі магла б праектная дакументацыя. Яна створаная пры будаўніцтве паркаў, а зараз знаходзіцца ў архівах, а не на працоўным стале кіруючых кампаній – напрыклад, “Гарадскіх паркаў” Мінскзеленбуда. Атрымліваецца, што ні ў аднаго парку ў горадзе няма плана кіравання на 10-15 гадоў наперад, і пра гэта ніхто нават не задумваецца.
Па гэтай прычыне, кажа Ігар Корзун, у нас сёння моцна зменшылася зялёная зона ў заказніку “Лябяжы”, бо ў свой час не была распрацавана праектная дакументацыя. Ёсць шэраг нарматываў, а неабходных дакументаў няма.
- Ресторан в заказнике «Лебяжий»: общественные обсуждения сегодня, АПБ жалуется в Генпрокуратуру
- Заказник «Лебяжий» лишен статуса «биологический». Что из-за этого изменится?
Прасцей адмовіцца, чым дамовіцца з гараджанамі
Але любыя змены ў гарадскім азеляненні могуць быць ускладненыя тым, наколькі напружае абмеркаванне гэтага між гараджанамі і гарадскімі службамі. І вырашыць гэтую праблему не атрымаецца хутка – толькі праз асвету.
Адукацыя неабходная, але патрабуе шмат сілаў, упэўненая Паліна Вардэванян, эксперт праекта ПРААН “Зялёныя гарады”. Часта напружанне ў стасунках між гараджанамі, адміністрацыяй і іншымі зацікаўленымі бакамі ўзнікае праз недахоп ведаў і прыводзіць да скасавання праектаў.
“Праблема ў тым, што часам чыноўнікам прасцей адмовіцца ад нейкай ініцыятывы, чым яе рэалізаваць”, – лічыць яна.
Па словах Паліны Вардэванян, замежны вопыт паказвае, што, каб дапрацаваць і прыняць праект з удзелам насельніцтва, можна яго абмяркоўваць нават паўтары гады.
Не рабіць з парка лес
Жыхары горада патрабуюць выканання нарматываў, але асвета дапамагла б ім глядзець шырэй, упэўнены Ігар Корзун.
Напрыклад, па нарматывах пасадкі дрэваў і кустарнікаў, у агульнагарадскіх і раённых парках на адзін гектар павінна быць 120 — 170 дрэў. Гэта зафіксавана ў ТКП 45-3.02-69-2007 (02250) «Благоустройство территорий. Озеленение. Правила проектирования и устройства».
У парках таксама патрэбнае вольнае месца, каб яны не пераўтвараліся ў гушчар, а дрэвы мелі, куды расці. Вольнае, не надта шчыльнае размяшчэнне дрэў дазваляе бачыць панарамы кронаў розных формаў і адкрывае прыгожы ўрбаністычны пейзаж: напрыклад, на вуліцу Някрасава з боку парку Дружбы народаў.
У гэтым жа парку ёсць раскошныя адкрытыя тэрасы – паляны, якія таксама выглядаюць прыгожа. Нешта падобнае, прызнаецца гарадскі ляснічы, ён бачыў у Бостане. Але калі саджаць дрэвы ў адпаведнасці з нормамі, мы згубім адкрытыя прасторы. І паркі пераўтворацца ў нейкі лес.