Пры гэтым дабрабыт беларуса поўніўся з прыродных дароў: ягадаў, рыбы і дзічыны, а балотны мох быў абавязковым канструкцыйным элементам пры будаўніцтве хаты.
Калі ў паўночных народаў, кшталту эскімосаў ці саамі існуюць дзесяткі словаў для абазначэння снега, то у беларускай мове акрамя знакамітай дрыгвы з’явілася велізарная колькасць адценняў балота: «аддыхля» – грузкае балота; «адхлань» – чорная бездань глыбокіх сцекавых крыніц сярод багны; «алёс» - нізкая мясціна, якая зарасла кустоўем; «амшара» – махавое балота з кустамі, дрэвамі і азярцом; «аржа» – балота з вадой, якая мае вокіслы жалеза; «асошкі» – гразкае балота, якое высыхае летам; «бубен» – мяккае балота, якое гойдаецца і выгінаецца, калі ідзеш праз яго; «жыраво» – дрыгва з крыніцай.
Пры гэтым балота з'яўлялася месцам паратунку, якое ў крывавым ХХ стагодзі неаднаразова выкарыстоўвалася беларусамі. У аповесці Васіля Быкава «Пайсці і не вярнуцца» галоўная гераіня разважае над тым, што баіцца прыходзіцца там, дзе людзі, дарогі, варта, праверка дакументаў і паліцыя, а ў скрозь бязлюдным балоце – усё хоць, можа, і малапрыемнае для падарожніка, затое зусім бяспечнае.
Да сярэдзіны ХIX стагоддзя больш за чвэрць тэрыторыі Беларусі займалі балоты. Любы беларускі шлях мог пахваліцца наяўнасцю вялікай колькасці грэбляў – штучнага насціла з бярвенняў ці галля для праезду праз балота. Іх пераадоленне ўспрымалася як небяспечная прыгода, якая была даспадобы толькі авантурным людзям.
У апошнія дні існавання зімніка, ўвесну падарожнікі знаходзіліся ў найбольшай небяспецы. Такое вясенняе падарожжа, здзейсненае ў 1810-х гадах яскрава апісала ў сваіх успамінах Ева Фялінская, дваранка-літаратарка з Мінскай губерніі:
«Мой муж спадзяваўся да крыгаходу праехаць праз Пінскія і Мазырскія балоты, што значна скарачала шлях. Вакол усё было яшчэ засыпана снегам, але ён ужо размяк і пад конскімі капытамі ператвараўся ў калатушу. З кожным кіламетрам дарогі снег усё больш плавіўся пад промнямі вясновага сонца і толькі абледзянелая каляіна дарогі паказвала нам шлях сярод бязмежных водаў, у якія зліваюцца ручайкі талай вады ад снежных гурбаў.
Праехаўшы вёску Дзяніскавічы – любімую паляўнічую рэзідэнцыю князёў Радзівілаў, мы развіталіся з апошнімі сухімі пагоркамі, якія сустракаліся нам сярод балот. Дзяніскавічы – гэта апошняе паселішча, куды ў любую пару года можна дабрацца, упэўнена ставячы нагу на зямлю.
Далей дарога на Валынь вядзе праз акіян балот, які мясцовыя жыхары называюць Вялікі і Малы Грычын. Гэта рай качак і майго дзядзькі-заўзятага паляўнічага, які знікаў тыднямі ў гэтым каралеўстве птушыных. Улетку ж Грычын ператвараецца ў цытадэль, недаступную для вандроўкі.
Адзіна мясцовыя жыхары, добра дасведчаныя аб глыбіні бродаў, нібы трымаюць ў руках нябачную нітку Арыядны, калі выпраўляюцца ў балота і пракладаюць сабе шлях скрозь яго.
Тут няма высокіх і прамых як свечкі соснаў, і толькі верхавіны кустоў выглядаюць са снягоў і воды. Тут кожны крок пройдзенага шляху – гэта трыўмф над прыродай, а нашы адзіныя спадарожнікі – процьмы птушак, якія кружаць над намі.
Шкарлупіны лёду прагінаюцца пад палазамі саней. У канцы сакавіка прырода не жартуе і дзень-два падзяляюць ад катастрофы. Пачаўшы рух праз балоты, ты не можаш у выпадку няўдачы з’ехаць на паштовы тракт, і з кожнай гадзінай вады вакол прыбывае. Толькі пасля пераправы ў Кажан-Гарадку праз раку Прыпяць замянілі мы палазы саней на колы і ўздыхнулі спакайней».
Разважаючы двесце гадоў таму пра будучыню Палесся Ева Фялінская прадказала, што Палессе апранецца ў адзенні цывілізацыі: з’явяцца каналы, якія пераўтвораць гэты некрануты куток.
Чалавечая натура заўсёды выкарыстоўвала прыродныя багацці як рэсурс, які з цягам часу абменьваўся на матэрыяльны здабытак: драўляныя хаткі пераўтворацца ў палацы, але тая разнастайнасць і багацце рыбы, дзічыны і ягад знікне.
Цяжка адказаць ці ўжо адбыўся раўнаважны гэты абмен, альбо беларусы яшчэ чакаюць на рэшту з яго ў выглядзе палескіх барханаў. Сведкам гэтых працэсаў быў пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які заўважыў гібель палескіх імхоў.
“Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік)”.
Цяпер Палессе адносіцца да зоны з празмернымі рэсурсамі цяпла і сонечнай радыяцыі, але затое не хапае рэсурсаў вільгаці для мясцовых раслінных супольнасцяў. Дадзеныя спадарожнікавых назіранняў паказваюць, што адчувальнасць біяпрадукцыйнасці экасістэм да зменлівасці клімату ў гэтым рэгіёне ў 2-3 разы вышэйшая, чым у астатняй частцы Усходняй Еўропы. Сярэдняя дзённая тэмпература глебы летам у Палессі расце амаль у тры разы хутчэй, чым у сярэднім па Беларусі.
Ці не давядзецца ў такім выпадку мяняць ласёў, для якіх стагоддзямі беларускія балотныя лясы з’яўляліся любай айчынай, на мігрантаў-вярблюдаў?