13.04.2016 / 08:04

Месяц таму Гродзенскі Зялёны партал і гарадзенскія курсы Мова Нанова арганізавалі беларускамоўны буккросінг. Мы вырашылі спраўдзіць, ці карыстаецца попытам беларускамоўная літаратура сярод гарадзенцаў.

За месяц назбіралася некалькі дзясяткаў кніг. Не ўсе нават змясціліся на адмысловай паліцы. Тут можна сустрэць літаратуру самых розных жанраў, прызначаную для рознага ўзросту: сучасную беларускую літаратуру, расійскую класіку і бульварнае чытво, дапаможнікі для садаводаў і агароднікаў, дапаможнікі па замежнай мове, гістарычныя даведнікі і дзіцячую літаратуру. Разбіраюць кнігі не так актыўна, як прыносяць.

Праўда, большасць кніг рускамоўная. Прычынай таго, што людзі прыносяць не толькі беларускамоўныя кнігі, адзін са слухачоў курсаў называе праблему з выданнем і распаўсюдам беларускай літаратуры. Да таго ж большасць кніг, прадстаўленая на паліцы, выдадзеная ў савецкі час, калі знайсці нешта цікавае на беларускай мове было цяжка.

Гарадзенскі пісьменнік Віктар Сазонаў перадаў са сваёй хатняй бібліятэкі цэлы кораб з дзесяткамі кніг.

- Гэтыя кнігі трапілі да мяне праз знаёмых ад аднаго вайскоўца, які меў вялікую бібліятэку. Частку кніг – беларускую і рускую класіку – адразу разабралі мае сябры і знаёмыя, частку аддаў для буккросінгу, яшчэ некалькі дзесяткаў засталося. Сярод кніг для абмену пераважна творы малавядомых аўтараў. Аднак і яны маюць сваю каштоўнасць: гэта дастаткова цікавыя кнігі. Класіку ж можна і ў бібліятэцы пачытаць.

Адзін з вядучых курсаў Мова Нанова Антон Янкоўскі лічыць, што буккросінг не толькі экалагічна і матэрыяльна выгодны. На яго думку, абмен кнігамі спрыяе наладжванню стусункаў паміж людзьмі. Мяняючыся кнігамі, людзі знаходзяць агульныя тэмы для размовы, агульныя інтарэсы.

Нагадаем, кнігі для абмену можна прыносіць на заняткі Мова Нанова кожны панядзелак а 19 гадзіне па адрасе: вул. Будзёнага, 48а-63. Можна прыносіць беларускамоўную літаратуру самых розных жанраў і для самага рознага ўзросту. Такім чынам вы зможаце паўдзельнічаць у развіцці беларускай культуры і захаванні прыроды. Фота кніг, якія вы хочаце прынесці для абмену, можна папярэдне выкладаць у альбом групы Укантакце.

Удзельнічаць у беларускамоўным буккросінгу запрашаем кожнага жадаючага. Беларускамоўны буккросінг дзейнічае пры падтрымцы ГА “Цэнтр “Трэці Сектар”.

Фота аўтара і суполкі Мова Нанова ў фэйсбуку

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость