Сажайте деревья, а не журналистов

Вада сышла – дзікіх пчол стала менш. Як жывуць бортнікі на поўдні Беларусі

Сяргей Гвоздь – пчаляр ужо ў чацвёртым пакаленні. Гісторыя пачалася з яго прадзеда – Яфіма, які зрабіў каля 200 калод для дзікіх пчол і павесіў іх вакол свайго хутара. Іхні промысел так і жыве побач з вёскай Крынкі Гомельскай вобласці. Але ж асушэнне балот, вырубка лясоў і змяненне клімату ўносяць свае карэктывы ў сямейную справу.

13.05.2020 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: з архіву героя

У традыцыйнага падвор’я Гваздзёў ўжо з’явілася свая марка Organic Honey. Зараз за дзікімі пчоламі на месцы даглядае Пётр Гвоздзь – бацька Сяргея. А ён з братам Дзянісам ездзіць туды дапамагаць. Працы шмат. Вясною галоўнае – пачысціць і парамантаваць калоды. Інакш пчолы не захочуць туды сяліцца.

Раней мёду у калодах было больш, бо сялілася больш раёў. Пасля асушэння Палесся вада сышла, а разам з ёю і пчолы. Цяпер раі жывуць каля 2-3 гадоў, а потым знікаюць. Сяргей кажа, што раней такога не было.

Справа ў тым, што на пчолах з’явіўся клешч – паразіт, які іх знішчае. Калі чалавек не ўмешваецца, не апрацоўвае іх адмысловымі рэчывамі, пчолы гінуць.

Але апрацаваць жытло пчол можна толькі ў доміках на лецішчы – у натуральных умовах, калі калоды вісяць на 5-15 метраў над зямлёй, туды ніхто лішні раз не лазіць.

Зараз з усіх калодаў заселена каля 10-15%. Адсотак занятых борцей яшчэ залежыць ад тэмпературы зімы і іншых прыродных фактараў. Калі пашчасціць, будзе шмат мёду, кале не – то не.

Кожную вясну калоды чысцяць і рамантуюць. Калі за зіму з борцю нешта здараецца, пчолы могуць загінуць альбо пачаць шукаць увесну новае жытло. Тады злёт адпраўляецца на разведку.

Каб адрамантаваць калоду, да яе трэба залезці, выкінуць смецце, труху, шэршняў. Інакш пчолы не захочуць у ёй сяліцца.

Калі ёсць дзіркі ад дзятла ці ад куніц, іх неабходна залатаць: замазаць глінай і закрыць лістом алюмінію. У чыстыя калоды ставяць драўляную крыжавіну і маленькія соцікі, каб пчолам было, за што зачапіцца і цягнуць свае языкі.

Яшчэ жытло дэзінфіцыруюць: награваюць камяні на кастры і закідваюць у калоды, каб яны там падымілі.

На камяні пырскаюць пахучым настоем – прынадай. Яе гатуюць загадзя. Калі топяць воск, застаецца цёмная вадкасць з рэштай пылку, мёду, іншых рэчываў. Яе захоўваюць і потым прынаджваюць пчол, якія вылецелі на разведку.

Сама калода стаіць на суку, скобамі прыбітая да дуба і прывязаная дадаткова тросам ці дротам. Але ўсё адно, нават пасля такіх намаганняў, яна можа ўпасці.

Так здарылася ў мінулым годзе, расказвае Сяргей: “Пачалася вырубка лесу. Леснікі мае дубы не кранаюць, але вакол бярозы спілавалі. Ураган, вецер… Мы прыехалі – дуб ляжыць, калоды валяюцца. Здаравенны дуб, якім мы ганарыліся, за папярэднюю зіму ўпаў”.

Традыцыйна калоды робяць з таполі або сасны. Дыяметр – каля метра, вышыня – 2 метра, таўшчыня сценак – 15 см.

Мёд з калод зразаюць восенню. Кускі могуць даходзіць да аднаго метра. Увесь ён няроўны, бо пчолы будуюць, як ім зручна, галоўнае – каб канструкцыя трымалася.

Восенню бортнікі чакаюць першых маразоў, калі мінусавае надвор’е прыціскае, пчолы збіраюцца наверсе ў клубок. Звычайна гэта верасень – пачатак кастрычніка. Але летась цяплынь трымалася занадта доўга – і зразаць мёд палезлі толькі ў канцы лістапада. Частку мёду пакідаюць у калодзе, каб пчолы камфортна перазімавалі.

У раю можа быць ад 0,5 да 7 кг пчол. Але не больш за 10 кіло. Інакш матка ўжо не можа увязаць усіх адзіным матачным рэчывам, каб утрымаць уладу. Пчолы злізваюць матачнае рэчыва – і ведаюць, што ў іх ёсць гаспадыня, і яны адна калонія. Таму яны і знаходзяць свой домік па паху і не прызнаюць чужых пчол. Калі ў маткі моцныя залозы – гэта моцная калонія.

Але ж вялікія аб’ёмы мёду, як на пасецы, дзікія пчолы не паспяваюць адбудаваць. У штучных умовах ім ставяць рамкі, вашчыну, а тут ўсё трэба рабіць самім і з нуля. Аднак умяшанне чалавека таксама нясе свае рызыкі. У доміку парушаецца газаабмен і мікраклімат. Пчолы самі ўмеюць рэгуляваць канцэнтрацыю вуглякіслага газу, што дазваляе ім бароцца з паразітамі. Але ў штучнай прасторы гэты механізм не працуе. Праз некаторы час пчолы пачынаюць хварэць. А лечаць іх або арганічнымі лекамі, або хіміяй.

Праблема з тым, што, калі лекі хімічныя, яны накопліваюцца і трапляюць у воск. А яго ўсе пчаляры топяць і здаюць на перапрацоўку ў новую вашчыну. І не вядома, якой якасці яна трапіцца новаму гаспадару.

Як кажа бортнік, пяць гадоў таму кітайскія кампаніі выкупілі ўвесь чысты беларускі воск, з-за гэтага буйныя гульцы выйшлі з бізнесу, засталіся мелкія, сярэднія і кааператывы пчаляроў.

Паколькі воску стала менш, то канцэнтрацыя хімрэчываў пачала павялічвацца – гэта прыводзіць да алергіі. Увогуле, калі хіміі шмат, атрымліваецца ўжо не натуральны воск, а тэхнічны.

Таму бортнікі зараз імкнуцца рабіць вашчыну са свайго воску, каб туды не трапілі шкодныя рэчывы іншых гаспадароў.

Сяргей кажа, што палескія пчолы злыя, бо лёс у іх такі: зіма, мядзведзі, куніцы – прыходзіцца запасацца і адбівацца. Яны пракусваюць пальчаткі, а з наскоку прабіваюць нават адзенне.

Таму дачнікі ідуць па іншаму шляху: яны прывозяць паўднёвыя пароды, дзе праз селекцыю адбіраюць добрых пчол, якія не кусаюцца. Зараз у іх папулярна парода бакфаст.

Самы карысны прадукт пчалярства – гэта забрус: “накрыўкі”, якія зразаюць з сот. Ён адначасова з’яўляецца крыніцай воску, мёду, праполісу, пылку і захоўвае ўсе карысныя вітаміны і мікраэлементы. З яго збіраюць асаблівы цёмны забрусны мёд. Па словах Сяргея, сем’і бортнікаў ужываюць як раз толькі яго.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 13.05.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.