14.02.2018 / 09:02

У студзені не стала Васіля Цімафеевіча Якавенкі, пісьменніка, грамадскага дзеяча, які паўплываў на спыненне меліярацыі Палесся, паспрыяў раскрыццю праўды пра Чарнобыль і да апошняга падтрымліваў кампанію супраць будаўніцтва воднага шляху Е40. Якім быў гэты выбітны чалавек?

Пісьменнік

Родныя кажуць, што Васіль Якавенка быў найперш пісьменнікам. Бывала, на сямейным застоллі сядзіць, а бачна, што заняты думкамі. Падымецца, выбачыцца: “Карціць мне скончыць артыкул (ці дапісаць ліст, ці дапрацаваць раздзел, вычытаць карэктуру…)”. Захоплены быў сваёй працай.

Васіль Якавенка. 1966 г
Васіль Якавенка. 1966 г

У 1990-х Васіль Цімафеевіч шмат займаўся экалагічнымі праблемамі, звязнымі з Чарнобыльскай трагедыяй. Па гэтых справах яго запрасілі ў ЗША, дзе ён сустрэў Марыю Дзямковіч, доктара, беларуску з Моталя, якая жыла ў Амерыцы і арганізоўвала гуманітарную дапамогу радзіме.

Пісьменнік вельмі ўразіўся гісторыяй яе сям’і. Асабліва расчулілася спадарыня Марыя, на той час сталая кабета, калі распавядала пра свайго дзеда, Пятра Рамановіча, забітага ні за што чырвоным камандзірам. Васіль Якавенка казаў родным, што і яго сэрца працяў боль гэтай жанчыны, ён адчуў нібыта ўнутры яе нейкі надлом. Гэтае слова, “Надлом”, і стала загалоўкам рамана, які ўвасобіў плён разваг пісьменніка пра гісторыю Беларусі ў ХХ стагоддзі.

Кніга выйшла ў 2003-м. А ў 2006-м раман пашырыўся і быў выдадзены як трылогія “Пакутны век”. Другое перавыданне кнігі ў 2010-м папоўнілася новымі раздзеламі, у тым ліку з апісаннем побыту маталян. Лёс сям’і Марыі Дзямковіч – гісторыя роду Рамановічаў – стала адной з асноўных сюжэтных ліній. Сярод персанажаў таксама – вядомыя гістарычныя асобы: Барыс Кіт, Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, Наталля Арсеннева, Сталін, Гітлер, гаўляйтар Кубэ… Па шырыні і глыбіні паказу падзей крытыкі называюць трылогію эпасам беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі, параўноўваючы “Пакутны век” з “Вайной і мірам” Талстога і “Патопам” Сянкевіча.

Працуючы над раманам, Васіль Цімафеевіч казаў, што яму, пэўна, дапамагаюць нябёсы, хаця агулам быў чалавекам не вельмі рэлігійным. Верыў у справядлівасць Сусвету, у вышэйшую Праўду жыцця. Дзівіўся, што некаторыя дакументы траплялі яму ў рукі проста цудам, але вельмі своечасова.

 Кнігі Васіля Якавенкі. Фота з сайту belarus.kulichki.net
Кнігі Васіля Якавенкі. Фота з сайту belarus.kulichki.net

Апошняя кніга Васіля Якавенкі, “Абярэг”, выйшла ў канцы 2017-га і атрымалася ў пэўнай меры аўтабіяграфічнай. У ёй пісьменнік разважае на глабальныя тэмы “распаду векавечнага быту, ранейшай унармаванай маралі – хаос у свеце і ўсё, што згубна ўплывае на далейшы лёс Зямлі і ўсяго чалавецтва”. Літаральна перад смерцю Васіль Цімафеевіч паспеў атрымаць асобнікі з друкарні, падараваць родным і блізкім, аддаць частку тыражу ў Нацыянальную бібліятэку.

“Абярэг” аформлены малюнкамі ўнучкі пісьменніка, Настассі. Бадай што ўсе нашчадкі Васіля Цімафеевіча – людзі творчыя, так ці інакш завязаныя з культурай ці мастацтвам. Усе тры дачкі атрымалі філалагічную адукацыю.

Старэйшая, Алена, узначальвае рэдакцыю інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі. Сярэдняя, Наталля, – літаратуразнаўца, кандыдат навук. Малодшая, Таццяна, – па адной з прафесій вэб-дызайнерка. Унук, Ян, – перакладчык і музыка. Астатнія ўнукі пакуль школьнікі.

Па словах нашчадкаў, Васіль Цімафеевіч заўсёды выхоўваў іх уласным прыкладам, сваім жыццём. Казаў, што дзеці надаюць яму сілы. Быў заўсёды для іх аўтарытэтам у сваёй шчырасці і сумленнасці. Не “цягнуў за вушы”, не рабіў за дачок і ўнукаў тое, што яны павінны рабіць самі.

Калі дзеці выраслі, стаў для іх сапраўдным сябрам. Часам ім не хапала яго ўвагі, бо пісьменнік шмат працаваў. Служыў сваёй справе, як рыцар. Імкнуўся ва ўсіх напрамках сваёй дзейнасці дайсці да ладу.

 

Эколаг

Пісьменніцкую працу Васіль Якавенка ўсё жыццё спалучаў з грамадскай дзейнасцю, важным накірункам якой стала экалогія. У 1987-м, адразу пасля абрання старшынём секцыі нарысу і публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў, разам з калегамі вырашыў галоўнай мэтай паставіць “зберажэнне прыроды, адстойванне экалагічных прынцыпаў гаспадарання”.

Васіль Якавенка падчас экалагічнай экспедыцыі. 1995 г.
Васіль Якавенка падчас экалагічнай экспедыцыі. 1995 г.

У траўні 1988-га Васіль Якавенка арганізаваў для пісьменнікаў Расіі, Беларусі і Латвіі культурна-экалагічную экспедыцыю “Мір – планеце, здароўе і моц – Зямлі”. Яны разам прайшлі ад вытокаў да вусця Дзвіны. Такіх экспедыцый па розных кутках Беларусі правялі некалькі. У выніку ўдалося прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя і ўрэшце – да Прыпяці.

Васіль Цімафеевіч заснаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз (БелСаЭС) “Чарнобыль”, які ў 1988-м даказаў сваю жыццяздольнасць і грамадскую значнасць, арганізаваўшы міжнародную канферэнцыю па праблеме выпроствання рэчышча Прыпяці і праграмы глабальнага асушэння Палескай нізіны.

На той момант у праграму ўжо былі ўкладзеныя дзяржаўныя сродкі, накіраваная тэхніка, нават пачаліся меліярацыйныя работы. Але пісьменнікі, акадэмікі і міністры здолелі спыніць гэтую дзяржаўную махіну: прайшла канферэнцыя, якая доўжылася 12 гадзін, і ў выніку праект быў асуджаны і аддадзены забыццю. Такім чынам, Палессе было выратавана ад ператварэння ў пустэльню, што губіла б клімат Беларусі і Еўропы.

Тэксты свайго дакладу “Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?”, як і іншых выступаў, гаворак і спрэчак, якія прагучалі на каферэнцыі, пісьменнік выдаў кнігай “Крушэнне на ростані” ў 2002-м.

У зборнік увайшоў і яго “Чарнобыльскі сшытак”, у тым ліку адзін з асноватворных матэрыялаў чарнобыльскай публіцыстыкі – артыкул “Бомба для нашчадкаў”.

 Васіль Якавенка з японскімі калегамі-эколагамі, з якімі разам стварыў санаторый "Кюсю на Свіслачы". 1995 г.
 Васіль Якавенка з японскімі калегамі-эколагамі, з якімі разам стварыў санаторый "Кюсю на Свіслачы". 1995 г.

БелСаЭС “Чарнобыль” займаўся прадухіленнем наступстваў чарнобыльскай катастрофы, арганізоўваў аздараўленне дзяцей з забруджанай зоны, у супрацоўніцтве з японцамі адчыніў у Стайках санаторый “Кюсю-на-Свіслачы”.

Праўда пра Чарнобыль замоўчвалася, першы сакратар ЦК КПБ Мікола Слюнькоў адмовіўся ад усесаюзнай дапамогі, маўляў, Беларусь справіцца сама. Васіль Якавенка не мог трываць несправядлівасці і двудушнасці. Сам даведаўся пра маштабы катастрофы амаль выпадкова, знайшоў замежную кнігу пра наступствы радыяцыі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.

Кніга, дарэчы, вельмі хутка знікла з даступных фондаў. Тады пісьменнік зразумеў, што адбываецца нешта жудаснае. Даведаўся, што забруджванне Беларусі магло б быць меншым, калі б над Магілёўшчынай не расстралялі радыяцыйнае воблака, што ішло на Маскву.

Плакат Л.М. Гоманаў, 1989 г. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.
Плакат Л.М. Гоманаў, 1989 г. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.

Адной з асноўных мэт стала знайсці праўдзівую інфармацыю і данесці яе да людзей, на базе сацыяльна-экалагічнага саюза Васіль Якавенка пачаў выдаваць газету “Набат”. Яна распаўсюджвалася па ўсім СССР, было шмат лістоў ад чытачоў, узрушанных газетнымі матэрыяламі. Пісьменнік знаходзіў дакладную інфармацыю, публікаваў, пісаў адкрытыя лісты ў міністэрствы… Сапраўды – біў у набат.

Фота з сайту belarus.kulichki.net
Фота з сайту belarus.kulichki.net

На сённяшні дзень БелСаЭС “Чарнобыль”, акрамя Мінскага галоўнага, мае 6 філіялаў: у Баранавічах, Бабруйску, Жодзіне, Талачыне, два ў Мазыры. Супрацоўнічае з іншымі НДА, пратэстуючы супраць будаўніцтва АЭС, праекта Е40. Статутная мэта саюза –  “аб’яднанне інтэлектуальных сіл шырокіх слаёў насельніцтва ў барацьбе за экалагічна чыстае наваколле, здаровы лад жыцця, сацыяльныя гарантыі ў постчарнобыльскай крызіснай сітуацыі і актыўны ўдзел у стварэнні гарманічна развітага дэмакратычнага грамадства”. Выканаўчым дырэктарам арганізацыі застаецца ўнук Васіля Якавенкі, Ян Мачульскі.

Апошнімі гадамі Васіль Цімафеевіч імкнуўся ўкараніць у Беларусі тэхналогію вырабу “жывой вады”. Гэта нямецкая распрацоўка, што патрабуе немалога фінансавання і арганізацыйных высілкаў. Прадугледжвае зніжэнне рэдокс-патэнцыялу вады – змяншэнне аб’ёму аксідантаў у ёй, то бок зніжэнне яе кіслотнасці. Такім чынам дасягаюцца паказчыкі pH, найбольш прыдатныя для здаровага функцыянавання арганізму.

Такая вада здольная замядляць працэс дзялення ракавых клетак, зажыўляць язвы. Распрацаваныя і гатовыя да ўкаранення прыборы фільтрацыі, іанізацыі, электраактывацыі вады. Тэхналогія абапіраецца на шэраг заходніх клінічных даследванняў.

 

Паляшук

Канечне, Васіль Якавенка любіў Беларусь. Але мне здаецца, што быў ён у першую чаргу патрыётам сваіх мясцін, Палесся. Васіль Цімафеевіч нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Пажыхар былога Васілевіцкага, цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Вялікая частка дзеяння “Пакутнага веку” адбываецца ў Моталі (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Грамадская дзейнасць Васіля Якавенкі пасля адыходу ад БНФ таксама канцэнтравалася на праблемах, што маюць палескую прапіску, але пагражаюць усёй краіне: меліярацыя, Чарнобыль…

Для палешукоў, у сваю чаргу, Васіль Якавенка таксама быў “сваім”: на яго смерць адгукнуліся следам за цэнтральнымі парталамі гомельскія рэгіянальныя. А суполка “Мотоль і мотолянэ” на мясцовай гаворцы напісала: “Ўмэр чоловік, шо напысаў вэльмы нэоднозначну для мотолян кныжку “Пакутны век”. Напысана хорошэ, алэ еі мало хто любыть... Як е колы то почытайтэ...

Кажуць, у Моталі трылогію чытаюць, як серыял глядзяць: абмяркоўваюць, што праўда, а што – мастацкая інтэрпрэтацыя, і спрачаюцца, спрачаюцца… А ў архівах мясцовых устаноў захоўваюцца запісы аб выдачы Васілю Цімафеевічу дакументаў аб гісторыі мястэчка.

Тое, што ён працаваў з крыніцамі, быццам бы павінна казаць на карысць праўдзівасці апісаных у рамане падзей, але сам пісьменнік назваў раман недакументальным, і спрэчкі не сціхаюць…

Плакат А.У. Отчыка, створаны ў 1980-я. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.
Плакат А.У. Отчыка, створаны ў 1980-я. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.

А вось каментар, пакінуты на “Хартыі” чыёйсьці маці: “В 1995 году была издана книга След чорнага ветру”, под редакцией В. Яковенко, в которой были собраны лучшие сочинения школьников Беларуси, присланных на конкурс “Чернобыль в моей судьбе”. В ней опубликовано сочинение моей дочери, поэтому экземпляр этой книги с благодарностью и пожеланиями лично от Василия Тимофеевича хранится в нашей семье. Вечная память и мир праху настоящему гражданину своей страны. Соболезнования родным и близким”. Піша жанчына па-руску і, напэўна, даволі далёкая ў сваёй штодзённасці ад “свядомай” тусоўкі. Але захоўвае кнігу і цёплыя ўспаміны аб пісьменніку ўжо больш за 15 гадоў.

Андрэй Катлярчук: “Тураўцы заўжды бдуць удзячны спадару Васілю за ратаванне нашай прыгажуні Прыпяці. Светлы быў чалавек! Хай будзе пухам беларуская зямля!

Васіль Якавенка пахаваны на Заходніх могілках, сціпла, сярод звычайных беларусаў, роўны сярод роўных.

Паэт Сяргей Панізнік прысвяціў пісьменніку верш:

Трымаў агонь у жмені, круціў падзеяў звенні. Іскрыліся і зрэнкі ў Творцы Якавенкі. Хай беражэ зямля надломы Васіля, бо нам – жыццю ў прабег – аддаў свой абярэг.

Рэдакцыя Зялёнага парталу дзякуе сям’і пісьменніка за дапамогу падчас падрыхтоўкі матэрыялу і за здымкі з сямейнага архіва.
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость