— Бераг ракі быў удалы, зусім неглыбокі… Дзеці і моладзь там купаліся. Вось і вырашылі мы пасадзіць на ўзгорку дрэвы, каб цянёк быў. Купілі іх у Глыбоцкім гадавальніку. Школьнікі пасадзілі. А нядаўна еду праз вёску, бачу: ужо спілавалі. Знішчылі усё, што мы зрабілі, — абураецца Алег Райчонак.
Па яго меркаванню, менавіта некампетэнтнасць чыноўнікаў стала прычынай высечкі клёнаў.
Тым часам дрэвы ўжо не толькі спілавалі, але і амаль пасеклі на дровы мясцовыя жыхары.
Высветліць прычыну высечкі дапамагла настаўніца біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы Марына Фёдарава. У школьным архіве захаваўся фотаздымак, на якім адлюстраваны працэс пасадкі дрэў. Надпіс пад ім ўдакладняе від клёна.
Клён амерыканскі, ці ясенялісны, з’яўляецца небяспечным інвазіўным інтрадуцэнтам, які нясе пагрозу біялагічнай разнастайнасці мясцовых відаў. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца з апалага лісця, падаўляюць рост раслін-канкурэнтаў. Клён ясенялісны занесены ў Чорны спіс Беларусі і падлягае вынішчэнню.
Падцвердзіць відавую прыналежнасць спілаваных дрэў можна па характэрных пладах і форме ліста, які нам удалося адшукаць сярод перапрэлага леташняга лісцявога ападу.
Відавочна, што дазвол на высечку быў атрыманы па прычыне шкоднасці клёна, але здзівіла выбіральнасць высечкі. Спілаваныя дрэвы былі толькі на ўзвышшы. Тым раслінам, якія размяшчаліся крыху воддаль, пашанцавала больш.
Кропкі над «і» расставіў начальнік Шаркаўшчынскай раённай інспецыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Іван Міхалёнак. Высветлілася, што па ініцыятыве кіраўніка раёна Мікалая Баговіча ў Шаркаўшчынскім раёне арганізаваныя планавыя работы па высечцы клёнаў ясенялісных. Па гэтай прычыне напалову выразаны парк паблізу раённага дома культуры. Плануецца яшчэ некалькі мерапрыемстваў. Выбіральнасць высечкі на беразе Дзісны ў Германавічах тлумачыцца жаданнем праваўласніка зямельнага ўчастка, дзе размешчаныя дрэвы. Такім чынам ён загадзя рыхтуецца да вясновых палявых работ. Астатнія клёны выража мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка крыху пазней.